Падзеньне камуністычнага ладу ў Альбаніі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Падзе́ньне камуністы́чнага рэжы́му ў Альба́ніі адбылося апошнім сярод эўрапейскіх дзяржаваў, ня лічачы савецкіх рэспублік, пачаўшыся ў сьнежні 1990 року са студэнцкіх дэманстрацыяў.
11 красавіка 1985 року сканаў Энвэр Ходжа, які кіраваў камуністычнай Альбаніяй чатыры дзесяцігодзьдзі. У 1989 пачаліся забурэньні ў Шкодры, дзе людзі намерваліся скінуць помнік Ёсіфу Сталіну, пазьней пратэсты перакінуліся на іншыя месты. Урэшце кіроўны рэжім правёў частковую лібэралізацыю, у тым ліку прадаставіў у 1990 року магчымасьць выяжджаць за мяжу. Пачаліся спробы навязваньня стасункаў з вакольным сьветам.
У сакавіку 1991 прайшлі першыя вольныя выбары, і хоць на іх перамагла кіруючая Альбанская партыя працы, аднак усеагульны страйк і вулічныя сутычкі змусілі камуністаў сфармаваць кааліцыйны ўрад зь некамуністычнымі партыямі. На выбарах у сакавіку 1992 року былыя камуністы на фоне эканамічнага каляпсу і сацыяльных хваляваньняў атрымалі паразу.