Падатак
фінансавы плацёж зь фізычных і юрыдычных асобаў, уведзены дзяржавай / From Wikipedia, the free encyclopedia
Падатак — абавязковы плацёж, які дзяржава спаганяе зь фізычных і юрыдычных асобаў. Падаткі бываюць простыя, якімі абкладаюцца прыбыткі і маёмасьць, і ўскосныя, выплата якіх ажыцьцяўляецца пакупніком тавару ці паслугі. Дзеля збору падаткаў існуе адмысловая дзяржаўная падатковая структура, у Беларусі такую функцыю выконвае міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, якое паўстала яшчэ ў 1990 годзе.
Падаткі ў бальшыні краінаў сьвету зьяўляюцца асноўнай крыніцай даходаў сучаснай дзяржавы і асноўным інструмэнтам фінансаваньня ейнай палітычнай сыстэмы і выконваньня іншых задачаў. З-за фінансавага ўзьдзеяньня на ўсіх грамадзянаў і складаных падатковых законаў падаткі й іншыя зборы зьяўляюцца паўсядзённым палітычным і сацыяльным прадметам спрэчак. Кожны падатак, як і збор, мае самастойны аб’ект падаткаабкладаньня, пры гэтым спагнаньне выплатаў па адным і тым жа аб’екце можа ажыцьцяўляцца толькі адзін раз на адпаведны падатковы пэрыяд. Пад аб’екты падаткаабкладаньня падпадаюць тавары, працы і паслугі.
У дачыненьні да бальшыні падаткаў дзеля вызначэньня суб’екту спагнаньня важным фактарам зьяўляецца рэзыдэнства грамадзяніна, якое базуецца на пэрыядзе сталага пражываньня ў краіне. Гэтак, у Беларусі грамадзянін становіцца суб’ектам спагнаньня падаткаў, калі стала пражывае на тэрыторыі краіны больш за 183 каляндарныя дні на год[1]. Са шматлікімі краінамі маюцца пагадненьні аб выключэньні выпадкаў падвоенага падаткаабкладаньня.