Мовы Канады
From Wikipedia, the free encyclopedia
Мовы Кана́ды — сукупнасьць моваў, на якіх размаўляюць жыхары Канады. Гэтая сукупнасьць улучае ў сябе вялікую колькасьць моваў карэннага насельніцтва (першыя нацыі), моваў мігрантаў, гібрыдных гаворак і ўзьніклых у краіне дыялектаў.
Паводле перапісу 2011 году, ангельская і француская мовы зьяўляюцца роднымі для 56,9% і 21,3% канадцаў адпаведна[1]. Той жа перапіс паказвае даволі змрочную карціну выжываньня францускае мовы як другое мовы ў краіне. Больш за 85% канадцаў валодаюць ангельскай мовай, толькі 30,1% маюць практычныя веды па францускай мове[2]. Збольшага гэта абумоўлена вывучэньнем франкамоўнымі канадцамі ангельскае мовы, а таксама таму, што большая частка імігрантаў у якасьці вывучанай мовы аддаюць перавагу менавіта ангельскай. Устойлівая тэндэнцыя да зьніжэньня выкарыстаньня францускае мовы прывяла да прыняцьця Афіцыйнага моўнага Акту ў 1969 годзе, ён вінен забясьпечыць карыстаньне францускай мовай і захаваньне культуры францускіх канадцаў, якія гістарычна зрабілі вялікі ўнёсак у культурнае разьвіцьцё Канады.
Згодна з Канстытуцыяй Канады, фэдэральны ўрад выкарыстоўвае ангельскую і францускую мовы як афіцыйныя мовы ў дачыненьні да ўсіх дзяржаўных паслугаў (у тым ліку й судоў), фэдэральнае заканадаўства таксама дзьвюхмоўнае.
Правінцыя Нью-Брансўік — адзіная правінцыя Канады, у якой ангельская й француская маюць афіцыйны статус у роўнай ступені (замацавана Канстытуцыяй). У правінцыі Квэбэк афіцыйнай мовай зьяўляецца француская[3], але Канстытуцыя мае патрабаваньне, каб усё заканадаўства ў гэтай правінцыі прымалася на францускай і ангельскай мовах, а судовы разгляд мог праводзіцца на любой мове. Падобныя Канстытуцыйныя гарантыі дзейнічаюць і ў правінцыі Манітоба.
Жыхары Канады лічаць, што зносіны між дзьвюма мовамі зьяўляюцца цэнтральнымі альбо вызначальнымі аспэктамі канадзкай самасьвядомасьці. Паводле канадзкага камісара па афіцыйных мовах (фэдэральны ўрадавы чыноўнік, якому даручана сачыць за дзьвюма мовамі), мова зьяўляецца адным з найгалоўных чыньнікаў самавызначэньня канадзкага грамадзтва[4].
Для аказаньня дапамогі ў сфэры маніторынгу за станам дзьвюх афіцыйных моваў, за часамі перапісу насельніцтва ў Канадзе былі сабраныя зьвесткі аб некалькіх дэмалінгвістычных фактарах, не згаданых у перапісах насельніцтва большасьці іншых краінаў: у тым ліку хатняя мова, родная мова, першая афіцыйная мова, мова працы.
Разам з тым, у Канадзе 4,7 млн чалавек (14,2% насельніцтва) паведамілі, што размаўляюць на іншай (г. зн. не францускай і не ангельскай) мове, 1,9 млн чалавек (5,8% насельніцтва) паведамілі, што размаўляюць на іншай мове ў якасьці другой на рэгулярнай аснове. Наогул, 20,0% насельніцтва Канады паведамілі, што дома размаўляюць іншай мовай. Для прыкладна 6,4 млн чалавек іншая мова зьяўлялася мовай імігрантаў, на якой размаўляюць часьцей за ўсё дома; асобна або разам з ангельскай ці францускай размаўляюць 213 тыс чалавек, іншыя мовы зьяўляліся абарыгеннымі мовамі. Колькасьць людзей, якія паведамілі пра мовы жэстаў як пра мовы хатніх зносінаў, складала прыкладна 25 тыс чалавек (15 тыс — часьцей за ўсё, 9,8 тыс на рэгулярнай аснове)[lower-alpha 1].
Канада таксама зьяўляецца родным рэгіёнам для шматлікіх аўтахтонных моваў (мовы карэнных народаў). Агулам адсоткавая дзеля асобаў, якія размаўляюць на іх, складае менш за адзін адсотак ад насельніцтва. Каля 0,6% канадцаў (~ 200,7 тыс чалавек) пазначылі адну з абарыгенных моваў у якасьці роднай[6].