савецкі генэрал і расейскі вайсковы прапагандыст From Wikipedia, the free encyclopedia
Леанід Іванавіч Шаршнёў (1938, Шчадрын, Жлобінскі раён, Гомельская вобласьць, цяпер Беларусь — 2014, Масква, Расея) — савецкі і расейскі вайсковы прапагандыст.
Леанід Шаршнёў | ||||
13 сакавіка 1938 — 14 сьнежня 2014 | ||||
Месца нараджэньня | Шчадрын, Жлобінскі раён, Гомельская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз | |||
---|---|---|---|---|
Месца сьмерці | Масква, Расея | |||
Прыналежнасьць | Савецкая армія | |||
Род войскаў | артылерыя | |||
Гады службы | 1953—1991 | |||
Званьне | генэрал-маёр | |||
Частка | Група савецкіх войскаў у Нямеччыне (з 1968-га), 40-я армія (1979—1989) | |||
Камандаваў | узводам (1959—1968; Беларуская вайсковая акруга) | |||
Бітвы/войны | Савецкае ўварваньне ў Чэхаславаччыну (1968), Аўганска-савецкая вайна (1979—1989) | |||
Узнагароды | | |||
Сувязі | Леанід Шабаршын(ru) і Яўген Прымакоў |
Генэрал-маёр. У 1968 годзе ў Групе савецкіх войскаў у Нямеччыне кіраваў прапагандай падчас савецкага ўварваньня ў Чэхаславаччыну дзеля здушэньня Праскай вясны. У 1977 годзе прадказаў Ісламскую рэвалюцыю ў Іране за 2 гады да вяртаньня ў краіну Рухалы Мусаві Хамэйні. У 1979—1989 гадох падчас Аўганска-савецкай вайны быў кіраўніком падразьдзяленьня спэцпрапаганды вайсковага аддзелу Цэнтральнага камітэту КПСС. Суаўтар расейскай канцэпцыі гібрыднай вайны ў частцы інфармацыйна-душэўнага спаняверваньня[1]. Кавалер ордэнаў Чырвонай Зоркі (1980), «За службу Радзіме» 3-й ступені (1986) і Чырвонага Сьцягу Аўганістану (1985)[2].
У 1943 годзе пад нямецкай акупацыяй Беларусі згубіў бацькоў у 5-гадовым веку і патрапіў да Таемнай дзяржаўнай паліцыі Нямеччыны. У 1944—1953 гадох выхоўваўся сіратой у дзіцячым прытулку ў Шчадрыне Жлобінскага раёну (Гомельская вобласьць, Беларуская ССР). У 1953 годзе 15-гадовым юнаком паступіў у Кіеўскую артылерыйскую падрыхтоўчую вучэльню (Украінская ССР), дзе вучыўся ў 2-м батальёне і якую скончыў у 1955 годзе. У 1959 годзе скончыў Разанскую артылерыйскую вучэльню (Расейская СФСР) і ўступіў у Камуністычную партыю Савецкага Саюзу (КПСС). Заступіў на пасаду камандзіра ўзводу ў Беларускай вайсковай акрузе, дзе ў 1968 годзе завочна скончыў Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут замежных моваў[3].
Пазьней служыў у Групе савецкіх войскаў у Нямеччыне, у складзе якой кіраваў прапагандай падчас савецкага ўварваньня ў Чэхаславаччыну дзеля здушэньня Праскай вясны. Затым заняў пасаду намесьніка начальніка аддзелу спэцыяльнай прапаганды Палітычнай управы Туркестанскай вайсковай акругі (Ташкент, Узбэцкая ССР). У 1977 годзе ў вайсковай годнасьці палкоўніка прадказаў Ісламскую рэвалюцыю ў Іране за 2 гады да вяртаньня ў краіну Рухалы Мусаві Хамэйні, пра што паведаміў у Цэнтральны камітэт КПСС. Пасьля спраўджаньня прадказаньня атрымаў прызначэньне ў цэнтральны апарат Камуністычнай партыі. У 1979—1989 гадох падчас Аўганска-савецкай вайны быў кіраўніком падразьдзяленьня спэцпрапаганды вайсковага аддзелу Цэнтральнага камітэту КПСС. Адначасна ўзначальваў групу спэцпрапаганды Галоўнай палітычнай управы Савецкай арміі і ВМФ СССР, якая дзейнічала пры 40-й арміі сярод мясцовага насельніцтва Аўганістану. Ладзіў дэзынфармацыю праз плёткі сярод мясцовых. У 1989-м заняў пасаду намесьніка начальніка ўправы Вайскова-тэхнічнага выдавецтва на замежных мовах. У 1990 годзе быў экспэртам Вярхоўнага Савету СССР пры распрацоўцы Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі[1].
У траўні 1991 году звольніўся з вайсковай службы ў годнасьці генэрал-маёра. У 1992—1994 гадох удзельнічаў у распрацоўцы школьнага курсу «Асновы бясьпекі жыцьцядзейнасьці» («АБЖ»). З 1994 году працаваў экспэртам у бясьпецы пры Дзяржаўнай думе Расеі і Савеце фэдэрацыі, дзе браў удзел у распрацоўцы адпаведных законаў. Заснаваў Фонд нацыянальнай і міжнароднай бясьпекі (ФНМБ), на чале якога пачаў выдаваць часопіс «Бясьпека»[1]. Пры гэтым, ФНМБ разьмясьцілі ў Інстытуце вайсковых перакладнікаў Міністэрства абароны Расеі па Севастопальскім праспэкце, д. 56 у Маскве. Пагатоў, у назіральную раду ФНМБ увайшлі: апошні начальнік 1-й галоўнай управы КДБ СССР у 1989—1991 гадох — Леанід Шабаршын(ru) і кіраўнік Службы вонкавай выведкі Расеі ў 1991—1996 гадох — Яўген Прымакоў, які пазьней стаў міністрам замежных справаў (1996—1998) і старшынём ураду Расеі (1998—1999)[4].
У нумары часопіса «Бясьпека» за 1996 год акрэсьліў расейскую стратэгію інфармацыйнай вайны, якая вызначалася ў якасьці галоўнай, бо можа прымяняцца задоўга да пачатку баявых дзеяньняў. У якасьці мэты інфармацыйнай вайны называў перашкоду праціўніку ў атрыманьні своечасовай, поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі, што мела прывесьці да прыняцьця неадэкватных рашэньняў і прымусіць дзейнічаць сабе на шкоду. Асноўнымі захадамі мелі быць сплянаваная дэзынфармацыя і фальсыфікацыя праз сродкі масавай інфармацыі дзеля нанясеньня шкоды абаронным, гаспадарчым і палітычным зацікаўленасьцям іншай дзяржавы. Задачамі такой дзейнасьці былі падрыў міжнароднага аўтарытэту краіны і ўскладненьне прыцяцьця рашэньняў органамі кіраваньня, стварэньне атмасфэры грамадзкай няўстойлівасьці і зьнявераньня ў органы ўлады, падбухторваньне да веравальных і грамадзкіх, народных і грамадзянскіх беспарадкаў. Шаршнёў раіў падтрымліваць агентаў уплыву, якія спрыялі разьяднаньню дзяржаўных установаў, а таксама ўсчынаць стачкі і вулічныя беспарадкі, ствараць атмасфэру амаральнасьці і бездухоўнасьці, адмоўнага стаўленьня да культурнай спадчыны. Усе захады скіроўвалі на істотную душэўную і рэчыўную шкоду праціўніку, каб выклікаць у яго недарэчныя паводзіны. Празь зьмешваньне «ў кучу людзей і коней» прадугледжвалася душыць волю вайскоўцаў і цывільнага насельніцтва да супраціву, а таксама замбаваць душэўны стан і маніпуляваць мысьленьнем, праграмаваць паводзіны ў побыце і баявых абставінах дзеля душэўнага дэмаралізаваньня да поўнай дэградацыі[1].
У 2000 годзе выдаў кнігу «Асаблівасьці інстытуалізацыі руху да новай бясьпекі ў ХХІ стагодзьдзі»[2]. 10 красавіка 2000 году стаў сябрам Прэзыдыюму Цэнтральнай рады «Саюзнай грамадзкай палаты» ў сувязі з падпісаньнем у 1999 годзе міждзяржаўнай Дамовы аб Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі. Выступіў адным зь ідэолягаў Шанхайскай арганізацыі супрацы (Кітай), заснаванай у 2001 годзе. У 2004 годзе выдаў у суатарстве кнігу «Шлях ваяроў Алага» і падручнік «Бясьпека жыцьцядзейнасьці» для вучэльняў[5]. 17 кастрычніка 2007 году заснаваў Фонд «Расейцы». Стаў у Расеі адным з аўтараў канцэпцыі гібрыднай вайны, у тым ліку супраць Украіны перад расейскім уварваньнем 2014 году. Быў адмыслоўцам у інфармацыйна-псыхалягічнай вайне[1].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.