![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/d/db/Sri_Mariamman_Temple_Singapore_3_amk.jpg/640px-Sri_Mariamman_Temple_Singapore_3_amk.jpg&w=640&q=50)
Культура
сукупнасьць нормаў чалавечага жыцьця / From Wikipedia, the free encyclopedia
Культу́ра (па-лацінску: cultura — апрацоўка, урабляньне) — спалучэньне рэчыўных і духоўных каштоўнасьцяў, што ствараюцца людзьмі ў ходзе цялеснай і разумовай працы для задавальненьня сваіх патрэбаў і перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне. Уплывае на сьветапогляд і паводзіны чалавека, які ёсьць яе творцам, захавальнікам і распаўсюднікам. Зьяўляецца спосабам ладжаньня і разьвіцьця чалавечай жыцьцядзейнасьці, прадстаўленым у вырабах рэчыўнай і духоўнай працы, спалучэньні грамадзкіх правілаў ды ўстановаў, як і ў спалучэньні стаўленьня людзей да прыроды, саміх сябе і дачыненьняў між сабой. Абазначае спалучэньне галіновых дасягненьняў, роўню і ступені разьвіцьця[1].
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Культура (неадназначнасьць).
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/d/db/Sri_Mariamman_Temple_Singapore_3_amk.jpg/640px-Sri_Mariamman_Temple_Singapore_3_amk.jpg)
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/f/fb/National_park_stone_tools.jpg/320px-National_park_stone_tools.jpg)
Культура разглядаецца як цэнтральны панятак у галіне антрапалёгіі, які ахоплівае шырокае кола зьяваў, якія перадаюцца праз сацыяльнае навучаньне ў чалавечых грамадзтвах. Да культуры можна аднесьці некаторыя аспэкты чалавечых паводзінаў, сацыяльныя практыкі, а таксама выразныя формы, як то мастацтва, музыка, танцы, рытуалы, рэлігія і тэхналёгіі, выкарыстаньне інструмэнтаў, прыгатаваньне ежы, абсталяваньне і стварэньне прытулку і адзеньня. То бок такія рэчы называюць культурнымі ўнівэрсаламі, якія можна знайсьці ўва ўсіх чалавечых грамадзтвах. Панятак матэрыяльнай культуры ахоплівае фізычныя праявы культуры, як то тэхналёгіі, архітэктуру і мастацтва, у той час як духоўныя праявы культуры ўключаюць у сябе прынцыпы сацыяльнай арганізацыі, як то практыку палітычнай арганізацыі і сацыяльныя інстытуты, міталёгію, філязофію, літаратуру і навуку, што ў выніку складае нематэрыяльную культурную спадчыну грамадзтва[2].
Масавая культура ставіцца да масавай вытворчасьці і масавых апасродкаваных формах спажывецкай культуры, якія ўзьніклі ў XX стагодзьдзі. Некаторыя школы філязофіі, такія як марксізм і крытычная тэорыя, сьцьвярджаюць, што культура часта выкарыстоўваецца як палітычны інструмэнт эліты маніпуляваньня ніжэйшых клясай, што стварае ілжывую сьвядомасьць.