Архітэктура, дойлідзтва — мастацтва праектаваньня і ўзьвядзеньня будынкаў або комплексаў збудаваньняў, якія арганізуюць адкрытую прастору, афармляюць прасторавае асяродзьдзе для жыцьця і дзейнасьці чалавека. Пад архітэктурай таксама разумеецца горадабудаўнічае мастацтва, а таксама ляндшафтнае дойлідзтва. На сучасным этапе разьвіцьця чалавецтва архітэктура складае адну з найважнейшых частак сродкаў вытворчасьці, як то прамысловая архітэктура — будаўніцтва заводаў, фабрыкаў, электрастанцыяў і гэтак далей, і матэрыяльных сродкаў існаваньня чалавечага грамадзтва, як то грамадзянская архітэктура — жылыя дамы, грамадзкія будынкі і іншыя. Ейныя мастацкія вобразы гуляюць значную ролю ў духоўным жыцьці грамадзтва.
Функцыянальныя, канструктыўныя і эстэтычныя якасьці архітэктуры, а менавіта карысьць, трываласьць і прыгажосьць, цесна ўзаемазьвязаны. Ад канструкцыйнага рашэньня шмат у чым залежаць і эстэтычнасьць твораў архітэктуры. Будынак ня толькі павінен быць трывалым, але і выглядаць павінен трывала. Лішак матэрыялу наадварот выклікае ўражаньне празьмернага цяжару. Візуальная ж недастатковасьць матэрыялу асацыюецца зь няўстойлівасьцю, ненадзейнасьцю і выклікае ў асноўным нэгатыўныя эмоцыі. Функцыянальнае прызначэньне будынка вызначаецца ягоным тыпам, у залежнасьці ад якога абіраюцца сродкі стварэньня пэўнага мастацкага аблічча. Апошні ствараецца з дапамогай сродкаў архітэктурнай кампазыцыі. Сярод ейных асноўных сродкаў архітэктоніка, выкарыстаньне маштабаў, прапорцыяў і рытмічных адносінаў, плястыкі, фактуры і колеру.
Слова архітэктура паходзіць ад лац. architectura, якое ў сваю чаргу бяры пачаткі з грэц. architektonike.
Тэорыя архітэктуры
Філязофія архітэктуры ёсьць галіной філязофіі мастацтва, якая вывучае і спазнае эстэтычную каштоўнасьць архітэктуры, ейную сэмантыку і сувязямі з разьвіцьцём культуры. Шматлікія філёзафы і тэарэтыкі ад Плятону да Мішэля Фуко, Жыля Дэлёза, Робэрта Вэнтуры і Людвіга Вітгенштайна факусаваліся на прыродзе архітэктуры, і вызначалі ейную незалежнасьць або залежансьць архітэктуры ад будынка[1].
Гістарычныя трактаты
Самай раньняй пісьмовай працай на тэму архітэктуры зьяўляецца «De architectura» рымскага архітэктара Вітрувіюса на пачатку I стагодзьдзя нашай эры[2]. Паводле словаў Вітрувіюса, добрая пабудова павінна адпавядаць трым прынцыпам, як то трываласьцю (лац. firmitas), карыснасьцю (лац. utilitas) і прыгажосьцю (лац. venustas)[3][4]. Гэтак трываласьць азначала, што будынак павінен трывала стаяць і заставацца ў добрым стане. Пад карыснасьцю мелася на ўвазе тое, што будынак павінен падыходзіць для тых мэтаў, для якіх ён выкарыстоўваецца. Прыгажосьць ёсьць прынцыпам, які азначае, што будынак павінен быць эстэтычным. На думку Вітрувіюса, архітэктар павінен імкнуцца як мага лепш выканаць кожны з гэтых трох атрыбутаў. Леон Батыста Альбэрці, які ў трактаце «De re aedificatoria» разглядаў ідэі Вітрувіюса, бачыў прыгажосьць у першую чаргу як прапорцыю, аднак і зьнешняе аздабленьне таксама гуляў пэўную ролю. Для Альбэрці правіламі прапорцыі былі тыя, што рэглямэнтавалі ідэалізаваную чалавечую постаць, як то залатое сечыва.
Такім чынам, найважнейшым аспэктам прыгажосьці ёсьць неад’емная часткай прадмету, а не тое, што наносіцца на паверхню, як то арнамэнт, ці іншыя ўпрыгожваньні, а сама прыгажосьць грунтавалася на агульнапрызнаных ісьцінах. Панятак стылю ў мастацтве быў распрацаваны да XVI стагодзьдзя, дзякуючы працам Джорджа Вазары[5]. Да XVIII стагодзьдзя ягоная праца «Жыцьці самых выдатных жывапісцаў, скульптараў і архітэктараў» была перакладзеная на італьянскую, францускую, гішпанскую і ангельскую мовы. У пачатку XIX стагодзьдзя Аўгустус П’юджын напісаў «Кантрасты» ў 1836 годзе, дзе, як вынікае з загалоўкаў, супрацьпаставіў сучасны, індустрыяльны сьвет, які ён зьняважаў, з ідэалізаваным вобразам нэасярэднявечнага сьвету. П’юджын лічыў, што гатычная архітэктура была адзінай сапраўднай хрысьціянскай формай архітэктуры.
Ангельскі мастацкі крытык XIX стагодзьдзя, Джон Раскін, у сваёй працы «Сем лямпаў архітэктуры», апублікаваным у 1849 годзе, вызначаў архітэктуру ў значна больш вузкім поглядзе. Паводле ягона меркаваньня, архітэктура была мастацтвам, якое павінна ўзбуджаць на эмоцыі і спрыяць псыхічнаму здароўю людзей, іхнай сіле і задавальненьню[6]. Для Раскіна эстэтыка мела надзвычайнае значэньне. Ён сьцьвярджаў, што будынак не зьяўляецца сапраўдным творам архітэктуры, калі ён нейкім чынам не ўпрыгожаны. Паводле Раскіна, добра збудаваная, прапарцыйная, функцыянальная пабудова, як мінімум, мела патрэбу ў паяску альбо рустыцы[6].
Пра розніцу паміж ідэаламі архітэктуры і простым будаўніцтвам вядомы архітэктар XX стагоддзя Лё Карбюзье пісаў, што калі вы выкарыстоўваеце камень, дрэва і бэтон, і з гэтых матэрыялаў вы будуеце дамы і палацы, то гэта ёсьць наўпрост будаўніцтвам ці ўмельствам будаўнічае працы. Але, калі раптам будынак кранае сэрца і лагодзіць яго, робячы чалавека сапраўды шчасьлівым, што дазваляе яму сказаць, што гэта прыгожа. Вось гэтае і ёсьць архітэктурай[7]. Сучасьнік Лё Карбюзье Людвіг Міс ван дэр Роэ дакляраваў, што архітэктура пачынаецца, калі вы старанна пакладзеце дзьве цагліны разам[8].
Сучасныя паняткі
Вядомы архітэктар хмарачосаў XIX стагодзьдзя, Луіс Гэнры Саліван, выступіў з галоўным запаветам архітэктурнага дызайну, як то форма вызначаецца прызначэньнем. Не зважаючы на тое, што ўяўленьне пра тое, што структура і эстэтыка будынку цалкам павінны падлягаць функцыянальнасьці, як мела папулярнасьць, гэтак і нарывалася на скептыцызм, відавочна, што канцэпцыя функцыянальнасьці замяшчае канцэпцыю карыснасьці Вітрувіюса. Аднак, функцыянальнасьць ахоплівае большы панятак чымсьці карыснасьць, бо ўключае ў сябе крытэры выкарыстаньня, успрыманьня і задавальненьня будынкам ня толькі з практычнага пункту гледжаньня, але і з эстэтычнага, псыхалягічнага і культурнага.
Дзякуючы эстэтычнаму вымярэньню архітэктура выходзіць за рамкі функцыянальных аспэктаў, што мае агульнае зь іншымі навукамі. Архітэктура можа ствараць свой уласны спосаб выражэньня каштоўнасьцяў і ўзьдзейнічаць на грамадзкае жыцьцё, што без сумневу садзейнічае сацыяльнаму разьвіцьцю. Сярод філязофіяў, якія паўплывалі на сучасных архітэктараў і іхныя падыходы да праектаваньня і дызайну будынкаў, вылучаюць рацыяналізм, эмпірызм, структуралізм, постструктуралізм, дэканструкцыю і фэнамэналёгію.
У канцы XX стагодзьдзя была закладзеная новая канцэпцыя ў архітэктуры, якая яднае паміж сабой форму і прызначэньне, і мае назву ўстойлівае архітэктуры. Каб задаволіць сучасны запыт будынак павінен быць пабудаваны такім чынам, каб быць экалягічна чыстым з пункту гледжаньня вытворчасьці ягоных матэрыялаў, ягонага ўзьдзеяньня на прыроду і навакольнае асяродзьдзе, а таксама з пункту гледжаньня выкарыстаньня крыніцаў электраэнэргіі, якая выкарыстоўваецца дзеля ацяпленьня, астуджэньня, кіраваньня патокамі вады, адходамі і асьвятленьня.
Драўлянае дойлідзтва
Для тэрыторыі Беларусі драўлянае дойлідзтва зьяўляецца адным з найбольш пашыраных відаў архітэктуры. Асаблівасьць у дадзеным выпадку вызначаецца па характары будаўнічага матэрыялу.
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.