вёска ў Геранёнскім сельсавеце Іўеўскага раёну Гарадзенскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Геранёны[1] — вёска ў Беларусі, каля ракі Апіты ў басэйне Нёмана. Цэнтар сельсавету Івейскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1278 чалавек. Знаходзяцца за 22 км ад Іўя, за 14 км ад чыгуначнай станцыі Гаўя, каля граніцы зь Летувой; на аўтамабільнай дарозе Ашмяны — Ліда.
Геранёны лац. Gieraniony / Hieraniony | |||||
Касьцёл Сьвятога Мікалая | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1403 | ||||
Магдэбурскае права: | 25 траўня 1792 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гарадзенская | ||||
Раён: | Івейскі | ||||
Сельсавет: | Геранёнскі | ||||
Насельніцтва: | 1278 чал. (2010) | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | |||||
Паштовы індэкс: | 231345 | ||||
Нумарны знак: | 4 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°6′53″ пн. ш. 25°35′8″ у. д. | ||||
± Геранёны | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Геранёны — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся руіны замка Гаштольдаў, касьцёл Сьвятога Мікалая і прыдарожная каплічка, помнікі архітэктуры XV—XIX стагодзьдзяў.
Геран або Керан (Geronius, Keranus) — імя германскага паходжаньня[2][3].
Паводле супрацоўніка НАН Беларусі К. Карнелюка тапонім Ґеранёны[4] паходзіць ад слова «гораноны», што азначае 'нагрэты'. Калісьці ў гэтых мясьцінах так называлі мэтал, нагрэты ў адмысловых печах для апальваньня керамічных вырабаў. Горанам называлі яшчэ й ніжнюю частку кавальскай печы, дзе згарала паліва[5].
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Geranony (19 красавіка 1437 году, 16 чэрвеня 1471 году, 15 чэрвеня 1474 году[6][7], 10 студзеня 1521 году[8]); Gieranony (3 чэрвеня 1510 году[9] і 1744 год[10]); Gyeranony (3 ліпеня 1510 году)[11]; Кгераиноны (1553 год)[12]; з Кгеранойнъ (1567 год)[13].
Першы пісьмовы ўпамін пра Геранёны як уладаньне Манівіда датуецца 1403 годам. У 1411 годзе будучы вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч фундаваў у паселішчы першы касьцёл[lower-alpha 1], пазьней тут знаходзілася сядзіба роду Гаштаўтаў (Гаштольдаў). 18 траўня 1537 году ў Геранёнскім касьцёле адбыўся шлюб паміж Станіславам Гаштольдам і Барбарай Радзівіл.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Геранёны ўвайшлі ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. У 1576 годзе ў мястэчку адбыліся некалькі соймаў шляхты і магнатаў, на якіх абмяркоўваліся кандыдатуры на сталец Рэчы Паспалітай. У 1625 годзе адкрыўся шпіталь.
У XVII—XVIII стагодзьдзях Геранёны былі цэнтрам староства. Пасаду старосты геранёнскага займалі Мнішкі, Салагубы, Браніцкія[14]. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія захопнікі зруйнавалі тутэйшы замак, аднак па сканчэньні ваенных дзеяньняў яго хутка аднавілі, чаму спрыяла ўлучэньне паселішча гетманам Міхалам Пацам у фундуш артылерыі Вялікага Княства Літоўскага і Віленскага арсэналу[15].
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе ў Геранёнах знаходзілася часовая рэзыдэнцыя караля і вялікага князя Станіслава Ляшчынскага. У першай палове XVIII ст. у мястэчку пэўны час разьмяшчалася рэзыдэнцыя віленскіх піяраў, пры якой дзеяла школа. 25 траўня 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў Геранёнам Магдэбурскае права[14] (паводле некаторых зьвестак паселішча атрымала гэтае права яшчэ ў 1630-я) і герб: «у зялёным полі чырвонае сэрца, пранізанае мечам»[16].
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Геранёны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. Маскоўская гаспадыня Кацярына II перадала мястэчка свайму фаварыту А. Безбародку, які неўзабаве прадаў яго. У сярэдзіне XIX ст. расейскія ўлады пачалі руйнаваць тутэйшы замак. У 1880-я гады ў Геранёнах было 27 двароў, касьцёл, багадзельня, бровар, карчма. У аднайменным маёнтку існавала багатая калекцыя твораў мастацтва.
За часамі Першай сусьветнай вайны Геранёны занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Геранёны абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[17]. У 1920 годзе Геранёны апынуліся ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводзтва.
У 1939 годзе Геранёны ўвайшлі ў БССР, дзе сталі цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1996 год у Геранёнах было 478 двароў. У 2000-я гады яны атрымалі афіцыйны статус «аграгарадку».
У Геранёнах працуюць сярэдняя школа і дом культуры.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.