вёска ў Івацэвіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Бы́цень[1] — вёска ў Беларусі, пры ўтоку ракі Пяшчанкі ў Шчару. Цэнтар сельсавету Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1579 чалавек. Знаходзіцца за 28 км на паўночны ўсход ад Івацэвічаў, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Даманава; на аўтамабільнай дарозе Івацэвічы — Слонім.
Быцень лац. Bycień | |
Прачысьценская царква | |
Першыя згадкі: | 1555 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Берасьцейская |
Раён: | Івацэвіцкі |
Сельсавет: | Быценскі |
Насельніцтва: | 1579 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1645 |
Паштовы індэкс: | 225281 |
СААТА: | 1234808006 |
Нумарны знак: | 1 |
Геаграфічныя каардынаты: | 52°52′54″ пн. ш. 25°29′49″ у. д. |
± Быцень | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Быцень — даўняе мястэчка гістарычнай Слонімшчыны (частка Наваградчыны), адзін з рэлігійных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захавалася царква Прачыстай Багародзіцы ў стылі рэнэсансу, помнік архітэктуры XVII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася царква Сьвятога Язафата ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVIII ст., часткова зруйнаваны расейскімі і зьнішчаны дашчэнту савецкімі ўладамі.
На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Быцень утварыўся ад асноваў «быць», «быцень» — 'часовая стаянка на знаёмым месцы', або 'месца былой стаянкі'[2].
Таксама сустракаецца форма назвы Бытэнь[3][4]. Тым часам мясцовыя жыхары называюць мястэчка Бытань[5].
Першы пісьмовы ўпамін пра Быцень як маёнтак у Слонімскім павеце Наваградзкага ваяводзтва, уладаньне роду Давойнаў датуецца 12 траўня 1555 году. Пазьней маёнтак перайшоў да князёў Сямёна Адзінцэвіча і Фёдара Галаўні, у 1560 годзе — да Яна Хадкевіча. На 1570 год тут было 25 дамоў, 11 кастрычніка 1570 году Соф’я Хадкевіч адпісала трэцюю частку маёнтку свайму пляменьніку Я. Хадкевічу, таго ж году Станіслаў і Крыштап Андрушкевічы прадалі яму свае землі ў навакольлі.
У канцы XVI ст. Быцень перайшоў да шляхецкага роду Трызнаў. У 1607 годзе Рыгор Трызна з жонкай Раінай Сапяжанкай фундавалі тут будаваньне манастыра, які неўзабаве стаў апорай грэка-каталіцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім. У 1615 годзе Папа Рымскі надаў манастыру прывілей на адкрыцьцё духоўнай школы (навіцыянту). Тутэйшым настаяцелем быў Язафат Кунцэвіч. У 1626 годзе Мікалай Трызна заснаваў у Быцені шпіталь на 10 месцаў. 30 ліпеня 1640 году ў сваім тэстамэнце ён перадаў манахам мястэчка і маёнтак Быцень, а таксама завяшчаў пахаваць сябе ў Прачысьценскай царкве.
За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Быценскі манастыр даў прытулак базылянам зь Вільні, Полацку, Віцебску, Менску. Настаяцель Б. Цярлецкі вывез сюды зь Віленскага Траецкага манастыра цудоўны абраз Маці Боскай. Апроч таго, тут захоўваўся абраз Жыровіцкай Маці Боскай.
У пачатку XVІІI ст. у Быцені збудавалі мураваную Траецкую царкву, у 1730—1737 гадох у ёй паставілі разны іканастас і 11 алтароў. З 1766 году ў мястэчку працавала суконная фабрыка. У 1779 годзе па працяглых судовых працэсах маёнтак перайшоў у валоданьне нашчадкаў Трызнаў — Тызэнгаўзаў.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Быцень апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слонімскім павеце. У 1839 годзе пры гвалтоўным ліквідацыі уніі расейскія ўлады інтэрніравалі ў Быценскі манастыр непакорных уніяцкіх сьвятароў[6]. На 1858 год у мястэчку было 134 двары. У 1864 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі тут народную вучэльню.
На 1866 год у Быцені існавалі валасная і грамадзкая ўправы, 2 царквы, сынагога, школа, суконная фабрыка, заезны дом, нямала крамаў, рынак; за 2 вярсты ад мястэчка — маёнтак Плянта, у ім бровар, піўны і соладавы заводы. У 1890 годзе пачало працаваць мукамольнае прадпрыемства.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1914[7] годзе на загад генэрала Аляксеева расейскія войскі ўзарвалі ў Быцені царкву Сьвятога Язафата[8]. Пазьней мястэчка занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Быцень абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[9]. 24 лютага 1919 году аддзел польскага войска пад камандаю маёра Ўладзіслава Дамброўскага адбіў мястэчка з рук бальшавікоў. Ён прымусіў уцякаць кіраўніцтва 4-га Рэвалюцыйнага Варшаўскага палку Чырвонай арміі, здабыў цяжкі кулямёт, вайсковую кухню, 100 ручных кулямётаў, 500 гранатаў, мільён куляў да кулямётаў і два тэлефоны. У палон трапілі 50 салдатаў. Польскі бок страціў 1 забітага і 8 параненых. У змаганьні асабліва вызначыліся падпаручнікі Валентыновіч, Марэшка і Барскі, а таксама артылерысты з панцарнага цягніка 'Канёў'[10]. Аднак гэта быў толькі правакацыйны наступ, па якім польскія сілы пакінулі мястэчка. Быцень быў заняты зноў 28 лютага аддзелам капітана Шчэнсновіча, у часе наступу польскіх войскаў у бок ракі Шчары. 1 сакавіка бальшавікі атачылі мястэчка. Зь яго вырвалася толькі польская кавалерыя, а пяхота засталася ў Быцені і баранілася да канца. У змаганьнях загінулі 10 польскіх жаўнераў разам з падпаручнікам Фалькоўскім, астатнія, у тым ліку 4 цяжка параненыя з падпаручнікам Сабалеўскім, патрапілі ў бальшавіцкі палон. Змаганьне паміж польскімі і бальшавіцкімі сіламі трывала да 6 сакавіка, калі мястэчка канчаткова заняла польскае войска ў выніку сьмелага наступу аддзелу капітана В. Камяроўскага з групы войскаў генэрала В. Івашкевіча-Рудашанскага[11]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Быцень апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.
У 1939 годзе Быцень увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 8 студзеня 1954 году ў Берасьцейскай вобласьці). Статус паселішча панізілі да вёскі. У гэты час тут працавалі пачатковая школа, лякарня, пошта, лесапільны завод, шавецкая і кравецкая арцелі. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 10 ліпеня 1944 году Быцень знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. 14 кастрычніка 1957 году вёска ўвайшла ў склад Івацэвіцкага раёну (з 25 сьнежня 1962 да 6 студзеня 1965 году ў Бярозаўскім раёне). На 1970 год тут было 699 двароў, на 1995 год — 1104, на 2005 год — 876, на 2008 год — 818. У 2000-я гады Быцень атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку». 27 верасьня 2011 году ў склад Быценю ўвайшлі вёскі Зарэчча і Козіна[12].
У Быцені працуюць сярэдняя школа, школа-інтэрнат, дашкольная ўстанова, лякарня, паліклініка, клюб, бібліятэка, пошта, камбінат побытавага абслугоўваньня, лазьня.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
Савецкая вуліца | Маставая вуліца | 3 траўня вуліца |
? | Рынак пляц |
З урбананімічнай спадчыны Быценю да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Слонімская і Козінская.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.