From Wikipedia, the free encyclopedia
«Аліварыя» — беларускі бровар, разьмешчаны ў Менску. Заснаваны ў 1864 годзе. Па стане на лістапад 2008 году бровар выпускаў 18% ад вытворчасьці ўсяго беларускага піва[1].
Тып | адкрытае акцыйнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 29 студзеня 1864 (160 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Рохля Фрумкіна |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Менск, вул. Кісялёва, 30 |
Ключавыя фігуры | Дзяніс Шарсьценьнікаў |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | квас, піва |
Абарачэньне | 128 993 млн рублёў (2010; 43 088 тыс. $) |
Апэрацыйны прыбытак | 20 681 млн руб. (2010; 6908 тыс $) |
Чысты прыбытак | 13 220 млн руб (2010; 4416 тыс $) |
Лік супрацоўнікаў | 455 (2010) |
Паводле архіўных дадзеных, завод адчынены 29 студзеня 1864 году рашэньнем Менскага губэрнскага кіраваньня, якое дазволіла менскай мяшчанцы Рохлі Фрумкінай на скрыжаваньні Аляксандраўскай і Загараднай вуліцаў адкрыць драўляны бровар. На гэтым месцы завод стаіць дагэтуль і зьяўляецца помнікам прамысловай архітэктуры XIX стагодзьдзя. Прадукцыя прадпрыемства была ганараваная мэдалём і Пахвальнай граматай на Ўсерасейскай і мастацкай выставе ў 1896 годзе ў Ніжнім Ноўгарадзе.
Пазьней уладальнікам завода стаў граф Чапскі, які істотна мадэрнізаваў вытворчасьць: быў усталяваны паравы кацёл, праведзены тэлефон, пабудаваная гасьцініца і іншыя адміністрацыйныя будынкі.
У 1898 годзе Чапскі прадае завод аўстрыйскім купцам братам Лекертам, якія выраблялі піва аж да 1917 году. Гаспадары валодалі 4 чыгуначнымі вагонамі для перавозкі піва ў Вільню, Беласток, Берасьце, Горадню, Бабруйск. Дзякуючы братам Лекертам зьявілася першая назва завода — Завод Лекерта. Аб гэтым факце кажуць дакумэнты, а таксама бутэлькі таго часу, якія атрымалася знайсьці ў скляпах заводу. Маркіроўка гэтых бутэлек уяўляла сабой шкляны штамп, нанесены на бутэльку з назвай прадукта, інфармацыяй аб уладальніку і адрасам прадпрыемства.
Па меры разьвіцьця вытворчасьці ў часы кіраваньня братоў Лекертаў адбыліся зьмены ў афармленьні бутэлек: адначасова са шклянымі штампамі сталі выкарыстоўваць папяровыя этыкеткі авальнай формы, на якіх быў намаляваны арол, што трымае ў кіпцюрах бочку. Гэты гандлёвы знак у савецкі час не выкарыстоўваўся, і толькі ў пачатку 90-х гадоў дваццатага стагодзьдзя ён ізноў заняў сваё месца.
У 1917 годзе завод быў нацыяналізаваны і стаў дзяржаўным прадпрыемствам. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ён апынуўся адным зь нешматлікіх ацалелых аб’ектаў у горадзе Менску. Вытворчасьць прадукцыі тут не спынялася. Піўзавод «Беларусь», як ён тады зваўся, вырабляў тысячы дэкалітраў піва ў год.
У савецкі пэрыяд, нароўні з «агульнасаюзнай» маркай «Жыгулёўскае», піўзавод «Беларусь» выпускаў уласныя гатункі піва: «Сакавіцкае», «Граф Чапскі», «Траецкае», «Аксамітнае». Этыкеткі таго пэрыяду ўяўлялі сабой цэтлік на горлышку бутэлькі і саступалі цяперашняму пакаленьню этыкетак па ўзроўні дызайну, якасьці паліграфіі і аб’ёме прадстаўляемай інфармацыі.
Апошнія дзесяцігодзьдзі для завода былі вельмі цяжкімі. Пэрспэктыўным плянам разьвіцьця Мінхарчпрама БССР прадугледжвалася яго закрыцьцё, ані абсталяваньне, ані тэхналёгіі не абнаўляліся. У гэты час былі пабудаваныя буйныя піваварныя заводы ў Дражні (Менск), Бабруйску, Рэчыцы. Завод увайшоў у склад аб’яднаньня «Крыніца» і стаў непэрспэктыўным. Таму ва ўмовах пераходу эканомікі рэспублікі на рынкавыя адносіны пазыцыі заводу былі вельмі неспрыяльнымі. Знос асноўных фондаў перавышаў 90%. Тым ня менш калектыў прыняў адзіна магчымае для захаваньня калектыва і лепшых традыцыяў беларускага броварства рашэньне аб акцыянаваньні прадпрыемства.
У чэрвені 1994 году было атрыманае пасьведчаньне аб рэгістрацыі ААТ «Піўзавод Аліварыя». Быў вернуты дарэвалюцыйны гандлёвы знак — арол, які трымае бочку. Лягатып дапоўніла дата заснаваньня завода — 1864 год. Зьявіліся новыя назвы гатункаў піва. Некаторыя зь іх былі прадыктаваныя гісторыяй самога заводу: «Лекерт-1», «Лекерт-2», іншыя гатункі: «Граф Чапскі», «Траецкае», «Няміга», «Менскі Бровар».
У 2007—2013 гадах дырэктарам прадпрыемства быў Міхаіл Чэчанеў, пасьля яго «Аліварыю» ўзначаліў Дзяніс Шарсьценьнікаў[2].
У 2008 годзе кампанія зьмяніла бутэльку Аліварыі Экстра, у якой потым выйшлі новыя гатункі Белае золата і Аліварыя Porter. Выхад Аліварыі Porter быў прымеркаваны да 145-годзьдзя заводу. Таксама ў сьнежні 2008 году «Золотое» выпушчанае ў пляшцы.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.