вёска ў Ваўкавыскім раёне Гарадзенскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Ізабе́лін[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Харужаўцы. Цэнтар сельсавету Ваўкавыскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 511 чалавек. Знаходзіцца за 13 км на паўднёвы ўсход ад Ваўкавыску, за 12 км ад чыгуначнай станцыі Ваўкавыск; на шашы Ваўкавыск — Ружаны.
Ізабелін лац. Izabielin | |
Былы кальвінскі збор | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гарадзенская |
Раён: | Ваўкавыскі |
Сельсавет: | Ізабелінскі |
Насельніцтва: | 511 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1512 |
Паштовы індэкс: | 231922 |
СААТА: | 4208825031 |
Нумарны знак: | 4 |
Геаграфічныя каардынаты: | 53°5′37″ пн. ш. 24°33′6″ у. д. |
± Ізабелін | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Ізабелін — даўняе мястэчка гістарычнай Ваўкавышчыны (частка Наваградчыны). Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі барока былы кальвінскі збор, царква Сьвятога Міхала Арханёла і сынагога, помнікі архітэктуры XVIII ст.
Упершыню паселішча ўпамінаецца ў першай палоаве XVI стагодзьдзя пад назвай Петуховічы (пазьней Петухова) у складзе Гарадзенскага, потым Ваўкавыскага павету. У 1516 годзе маёнтак знаходзіўся ў валоданьні ўдавы маршалка Войцеха Яновіча Марыны Глебаўны. У 1557 годзе Петуховам валодалі Клочкі. У XVII стагодзьдзі паселішча перайшло да Дарагастайскіх і Сапегаў, існаваў касьцёл.
У 1690 годзе Петухова атрымала статус мястэчка ў валоданьні ваяводы берасьцейскага Стэфана Курча, тут было 30 двароў, млын і карчма. У XVIII стагодзьдзі паселішчам валодалі Флемінгі і Грабоўскія. У сярэдзіне XVIII стагодзьдзя падскарбі Ян Флемінг перайменаваў Петухова ў гонар сваёй дачкі Ізабэлы (у шлюбе Чартарыйская). Ён таксама пасяліў тут нямецкіх рамесьнікаў з прозьвішчамі Рунгэ, Вэквэрт, Зомэр, Тум. У 1778 годзе Грабоўскія заснавалі ў Ізабеліне кальвінскі збор. Мястэчка было месцам правядзеньня правінцыйных сынодаў кальвінскай Літоўскай Еднасьці ў 1780, 1788, 1796, 1802, 1822, 1838, 1842, 1846, 1850 і 1858 гадох.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Ізабелін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Ваўкавыскага павету Гарадзенскай губэрні. Па вайне 1812 году, у якой згарэў Ваўкавыск, Iзабэлін стаў цэнтрам павету. На 1836 год тут было 60 двароў, кальвінскі збор, царква, сынагога. Маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Стравінскіх. У сярэдзіне XIX стагодзьдзя ў Ізабеліне было 42 двары, працавалі 2 суконныя фабрыкі. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 105 двароў, царква, кальвінскі збор, сынагога, вучэльня, 5 крамаў, карчма, штогод праводзіліся 4 кірмашы. На 1914 год — 119 двароў, цагельны завод Шмуля Гельмана.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Ізабелін занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ізабелін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[2]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Ізабелін апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Ваўкавыскага павету Беластоцкага ваяводзтва. У 1934 годзе пачалося будаваньне касьцёла, які згарэў у 1941 годзе.
У 1939 годзе Ізабелін увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1971 год тут было 195 двароў, на 1994 год — 257, на 1997 год — 260, на 1 студзеня 2004 году — 245. У 2000-я гады Ізабелін атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».
У Ізабеліне працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова, дом культуры, бібліятэка.
Цэнтар СВК «Ізабелін».
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.