From Wikipedia, the free encyclopedia
Ю́ры Мікала́евіч Падабе́д (нар. 5 сакавіка 1962[3], Слуцак) — былы камандзір палка міліцыі адмысловага прызначэньня ГУУС Менскага гарвыканкаму. Уваходзіць у «Чорны сьпіс ЭЗ», сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША.
Юры Падабед нарадзіўся ў 1962 годзе ў Слуцку. У 1985 годзе скончыў Менскую вышэйшую вайсковую палітычную вучэльню, у 2001 годзе — Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь па спэцыяльнасьці «Дзяржаўнае кіраваньне й справавое адміністраваньне». Пяць гадоў служыў у Польшчы, чатыры гады — на Далёкім Усходзе, а таксама ў Летуве й Нямеччыне. У 1996 годзе вярнуўся ў Беларусь, камандаваў батальёнам спэцпрызначэньня МУС. У красавіку 1999 году прызначаны начальнікам штабу менскага АМАП, праз паўгода стаў камандзірам атрада міліцыі адмысловага прызначэньня. У канцы ліпеня 2008 году па ўласным жаданьні пакінуў гэтую пасаду па стане здароўя. Падабед так пракамэнтаваў гэтае рашэньне:
«Я прыняў такое рашэньне сам. Дзе буду працаваць далей, яшчэ ня ведаю. У мяне ёсьць некаторыя праблемы са здароўем, прычым сур’ёзныя. У мяне з хрыбетнікам праблемы й ціск скача. Нічога дзіўнага: работа нэрвовая. Яшчэ раз паўтару: рашэньне пра сыход я прыняў сам, на мяне ніхто ня ціснуў. Магу сказаць, што жонка толькі задаволеная. Маладым дарогу трэба саступаць, а зьмена ў мяне больш чым годная».
Яго месца заняў Юры Караеў. Паводле розных вэрсіяў, пасьля адстаўкі Падабеду прапанавалі працу ў ГУУС, але ён адмовіўся, бо не хацеў працаваць намесьнікам Аляксандра Найдзенкі. Такім чынам, Падабед сышоў на пэнсію ва ўзросьце 46 гадоў.
Пасьля сыходу ў сваіх інтэрвію Падабед казаў, што можа паспрабаваць сябе ў іншай якасьці на нейкім прадпрыемстве.
З 2009 году ўзначальвае службу бясьпекі беларускага бізнэсоўца Юрыя Чыжа.
Палкоўнік міліцыі.
У 2006 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Падабед быў узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме» III ступені.
Як камандуючы АМАП, які сам прымаў удзел і быў непасрэдна адказны за жорсткія разгоны мірных дэманстрацыяў і зьбіваньне супрацоўнікамі ўдзельнікаў акцыяў пратэсту, у прыватнасьці, у 2004 і 2008 гадох, Падабед у 2004 годзе быў занесены ў чорны сьпіс Эўразьвязу[1][3].
Таксама Падабед па выніках «прынцыпова недэмакратычных», паводле ЗША, прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году зь лютага 2007 году знаходзіцца ў сьпісе спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША за дзеяньні, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы й інстытуты[4][5].
Юры Падабед жанаты другі раз. Мае двух дарослых сыноў ад першага шлюбу й дачку ад другога.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.