былая вёска ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Смале́гаў[1] — былая вёска ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіла ў склад Завайцянскага сельсавету.
Смалегаў | |
трансьліт. Smalehaŭ | |
Дата заснаваньня: | перад 1435 годам |
Былая назва: | Смалігавічы (Смалегавічы) |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Нараўлянскі |
Сельсавет: | Нараўлянскі |
Насельніцтва: |
|
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2355 |
СААТА: | 3238820051 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°44′7″ пн. ш. 29°23′9″ у. д. |
± Смалегаў |
Згодна зь «Вялікім гістарычным атлясам Беларусі», упершыню Смалігавічы згаданыя пад 1435 годам[2]. Недзе ад 1532 году сяло Смалігавічы Багуціцкай нядзелі[a] Мазырскага замку воласьці было аддадзена ленным правам пану Крыштафу Кміцічу. Паводле апісаньня 1552 году, 9 чалавек таго сяла вось ужо 20 гадоў, як перасталі выконваць замкавыя работы, падводы і стацыі, аднак жа, працягвалі даваць. І ў апісаньні Чарнобыльскага замку таго ж 1552 году вядзецца пра патужнікаў зь сяла Смалігавічы Оўруцкай нядзелі[4], якія мусілі выконваць павіннасьці на карысьць згаданага замку. У апісаньні 1552 году Оўруцкага замку таксама паведамляецца пра сяло Смалыгавічы, як выслугу пана Крыштафа Кміціча, зь якога разам з суразьмернымі (па адной службе[b] у кожным паселішчы) Церашковічамі выплачвалася капа (60) грошаў і тры кадзі мядовай даніны[5].
Пасьля пана Крыштафа (†каля 1552?), Смалігавічы перайшлі да брата Сямёна і надалей заўсёды згадваюцца побач з Антонавам, падараваным яму каралём Жыгімонтам Аўгустам 5 сакавіка 1553 году[6]. У лісьце караля Жыгімонта Аўгуста да кіеўскага ваяводы пана Рыгора Хадкевіча ад 23 сакавіка 1555 году, якім пану Сямёну Кміцічу шэраг добраў у Кіеўскім ваяводзтве аддаваўся на вечнасьць, сказана, што ў Смалігавічах было тады дзьве службы[c][7]. Недзе ў пачатку 1560 гадоў лен перайшоў да сына нябожчыка Сямёна пана Філона, пазьней вядомага як Кміта-Чарнабыльскі.
Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі, згодна з указам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году, Кіеўскае ваяводзтва стала часткаю Кароны Польскай[8]. Смалігавічы ў складзе Мазырскага павету, пад уплывам віленскага ваяводы, канцлера ВКЛ і мазырскага старосты Мікалая Радзівіла Рудога ды падтрымаўшай яго павятовай шляхты, мусілі быць выведзены з Кіеўскага і далучаны да Менскага ваяводзтва. Але з адпаведных квітаў вынікае, што паборы 1576 — 1578 гадоў зь яго працягвалі аддаваць да скарбу Кіеўскага ваяводзтва[7].
24 верасьня 1585 году смаленскі ваявода Філон Кміта выдаў ліст настаяцелю антонаўскай царквы Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы Сэбасьцяну Пашкевічу на права штогадовага атрыманьня ад жыхароў Антонава, Смалегавічаў, Завайці і Галоўчыцаў па паўвядра жыта і па пяць вёдраў мёду прэснага з кожнага дыму. Але ў самыя ўгодзьдзі названых сёлаў сьвятар уступацца ня мусіў. У Смалегавічах на той час было 19 дымоў[9].
Смаленскі ваявода Філон Кміта спачыў 29 лістапада 1587 году. Сын Філона Лазар памёр беспатомным. 6 красавіка 1595 году кароль Жыгімонт Ваза падараваў лен Антонавічы канцлеру Льву Сапегу[10]. Апошні ў 1598 годзе саступіў маёнтак разам з фальваркамі Смалегавічы (Смагулевічы) і Завайць стрыечнаму брату каралеўскаму двараніну Лукашу Сапегу[6], што кароль і зацьвердзіў. У 1602 — 1605 гадох падаткі зь ягоных добраў выплачваліся да Кіева[7].
У судовым дэкрэце ад 20 ліпеня 1604 году пан Лукаш Сапега абвінаваціў суседа пана Януша Збараскага ў гвалтоўным насланьні слуг і баяраў з маёнтку свайго Валадаркі на ўгодзьдзі вёскі Смалігавічы і ўгоне коней, валоў ды іншых крыўдаў учыненьне. 21-м траўня 1607 году датаваны судовы дэкрэт, у якім пан Юзаф Будзіла, харунжы мазырскі, абвінаваціў панства Лукаша і Зофію Кміцянку Сапегаў за гвалты падданых іхнага маёнтку Антонаўскага зь вёсак Нароўлі і Смалегавічаў, учыненыя ў добрах пацярпелага, а менавіта ў вёсцы Багуцічы, што ў Мазырскім павеце. 26 жніўня 1609 году Лукаш і Зофія Сапегі праз суд выдалі Мікалаю Харлінскаму і жонцы яго Гальшцы Андраважаўне квіт што да грашовай кампэнсацыі за рабункі іх падданых антонаўскіх, смалігаўскіх, нараўлянскіх ды за напад на Нароўлю[11].
30 сьнежня 1621 году, калі каронныя і вялікакняскія камісары працягвалі разьмяжоўваць Кіеўскае ваяводзтва Кароны з Мазырскім паветам ВКЛ, высьветлілася — і ў 1616 — 1618 гады падаткі з Антонава, Смалігавічаў, Завойці аддаваліся Кіеўскаму ваяводзтву, а гэта мазырскія ўраднікі паны Будзіла і Лозка кваліфікавалі як рабаўніцтва, бо насуперак Оўруцкай павятовай рэвізіі, у якой Антонаў і Смалігавічы прызнаныя оўруцкімі, у каралеўскім прывілеі зь пячаткай вялікняскай канцылярыі пану Лукашу Сапегу з жонкай названы лен нададзены, каб служба земская, вайсковая адпраўлялася да ВКЛ. Тады паны камісары левабярэжжа Славечны[d] згодна засьведчылі прыналежным да Мазырскага павету, але супярэчлівыя дакумэнты, што да названых добраў, перадалі для разгляду на будучым сойме[7].
Паводле нараўлянскага краязнаўца Васіля Чайкі, у фондах НГАБ у Менску захоўваецца дакумэнт, пазначаны 10-м лістапада 1682 году. У тэксьце яго вядзецца пра разьмежаваньне ўгодзьдзяў Антонава, Смалегавічаў (Смольговичей), Нароўлі, якія трымаў пан Дамінік Міхал Служка, староста рэчыцкі, з добрамі Вербкавічы і Канатоп, прыналежнымі Ксавэраўскаму[e] езуіцкаму калегіюму[15].
Канвакацыйны сойм 1764 году прызнаў ленны маёнтак Нароўля на правабярэжжы Прыпяці дзедзічным уладаньнем Рафала Алаізія Аскеркі, маршалка Мазырскага павету. Смалігавічы побач з Антонавам, Мухаедамі, Угламі, Галоўчыцамі, Карповічамі не названыя, але, імаверна, яны былі сярод тых, што разумеліся ў фразе «y dalszemi wszystkiemi attynencyami»[16].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Смалегавічы апынуліся ў межах Расейскай імпэрыі, ад 3 траўня 1795 году ў адноўленым Мазырскім павеце Менскага намесьніцтва, з 12 сьнежня 1796 губэрні, з 29 жніўня 1797 году далучаны да Рэчыцкага павету той самай Менскай губэрні.
Паводле перапісу 1897 году, у Смалегаве было 49 двароў, 199 жыхароў, існаваў хлебазапасны магазын. На 1909 год у вёсцы налічвалася 65 двароў з 406 жыхарамі[17].
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Ўкраінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчаная часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Смалегаў у складзе Нараўлянскай воласьці, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Ўкраінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[18].
Вёска была ліквідаваная 21 верасьня 2010 году[19].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.