дзейнасьць, якая патрабуе пэўных уменьняў і ведаў кваліфікаванай працы From Wikipedia, the free encyclopedia
Рамяство (ст.-бел. рукамясло) — вытворчасьць прамысловых вырабаў з дапамогай простых звычаёвых прыладаў.
Зьяўляецца першай ступеняй у разьвіцьці прамысловай вытворчасьці. Вызначаецца асабістым майстэрствам рамесьніка і асабістым спосабам вытворчасьці, бо той працуе сам або з малой колькасьцю памагатых. Дало пачатак галінам прамысловасьці[1].
За часам фэадалізму ўсялякі сялянскі двор выступаў у якасьці самастойнай вытворчай супольнасьці з шырокім колам гаспадарчай дзейнасьці. Патрэбныя ў жыцьці прадметы пераважна выраблялі на месцы сваімі рукамі: адзеньне, жытло, сродкі перавозкі, посуд, сельскагаспарадчыя прылады, скуру, тканіну, харчовыя прыпасы і хатнія рэчы. Усебаковасьць сялянскай гаспадаркі была асновай вытворчага досьведу і народнага ўмельства, што абумовіла росквіт рамяства. Зь сельскага насельніцтва вылучыліся майстры, для якіх рамяство стала асноўнай крыніцай існаваньня. Частка зь іх несла дваровую службу пры шляхецкіх і гаспадарскіх (дзяржаўных) маёнтках і манастырах. Двары-службы часам утваралі пасяленьні майстроў пэўнага рамяства — бондараў, буднікаў, гантароў, ганчароў, гарбароў, гутнікаў і цесьляроў. Іх вырабы забясьпечвалі патрэбы маёнтка, прадавалі на кірмашах і збывалі за мяжу[1].
Статуты ВКЛ замацавалі прывілеі рамесьнікаў, якія паводле свайго прававога становішча стаялі вышэй за сялянаў-земляробаў. Частку залежных рамесьнікаў магнаты сялілі ў местах на землях сваіх юрыдыкаў. Мескае рамяство ў значнай ступені разьвіваліся за кошт прытоку сельскіх майстроў і адначасова ўплывала на ўзровень сельскага рамяства. Сельскае насельніцтва, якое перасялялася ў места, прыносіла з сабой абшчынныя звычаі, што складалі звычаёвае права і адбіваліся на паўсядзённым жыцьці брацтваў. Спэцыялізацыі і арганізацыйнаму ўпарадкаваньню рамёстваў садзейнічала магдэбурскае права. У 16—17 стагодзьдзях на землях Беларусі існавала каля 200 відаў рамёстваў. Найбольш пашыранымі былі: у местах — ганчарства, гарбарства, кавальства, кравецтва і шавецтва; у вёсках — апрацоўка воўны і льну, дрэваапрацоўка (выраб посуду і сельскагаспадарчых прыладаў, цясьлярства), пляценьне і ткацтва. Мескія рамесьнікі аб’ядналіся ў цэхі, якія называлі брацтвамі (Берасьце, Вільня, Горадня і Менск) і староствамі (Магілёў і Полацак). У склад цэха (40—50 чалавек) ўваходзілі людзі рамесных заняткаў і бортнікі, рыбаловы ды шынкары. У 17 стагодзьдзі на землях Беларусі налічвалася 116 цэхаў. Кожны цэх меў статут, які вызначаў яго будову, парадак прыёму новых сябраў і парадкаваў унутраныя дачыненьні. Таксама кожны цэх меў агульную касу, сьцяг і сымбаль ды бараніў места ў час вайны. Цэхі спрыялі далейшай спэцыялізацыі і павышэньню значэньня рамяства ў грамадзкай вытворчасьці. Таксама цэхі аказвалі істотны ўплыў на грамадзянскае жыцьцё места і змаганьне за грамадзянскія правы і незалежнасьць ды супраць прыгоньніцтва. Ваенныя дзеяньні на землях Беларусі ў ходзе Крывавага патопу 1654—1667 гадоў і Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў згубна адбіліся на рамеснай вытворчасьці. Прыкладам у Віцебску за 1650—1665 гады лік рамесьнікаў скараціўся з больш як 1000 майстроў да 72. У 2-й палове 18 стагодзьдзя адбылося адраджэньне рамяства. Найбольш вырасла колькасьць гарбароў, кавалёў, краўцоў, сьлесараў, цесьляроў і шаўцоў[1].
Да 19 стагодзьдзя істотна пашырыліся мануфактуры, якія ўзьніклі і працавалі на аснове мясцовых народных рамёстваў. Частку прамысловых тавараў выраблялі расьсеяныя мануфактуры. Часам мануфактуры і саматужныя рамесьнікі падтрымлівалі вытворчыя сувязі. Падзел працы на шэраг рамесных заняткаў спрыяў назапашваньню вытворчых ведаў і пашырэньню больш дасканалых прыладаў, што стала перадумовай вынаходзтва машынаў. У 19 стагодзьдзі разам з ажыўленьнем гандлю пашырылася адмыслоўваньне саматужных рамёстваў. У Падняпроўі (Магілёўская губэрня) разьвіліся ганчарства, гарбарства, дрэваапрацоўка і шкляная вытворчасьць. Па Падзьвіньні (Віцебская губэрня) істотнае значэньне набылі апрацоўка і вырошчваньне льну, кавальства, каменячоснае рамяство, суднабудаваньне і цясьлярства. У Панямоньні (Гарадзенская губэрня) найбольшае пашырэньне атрымалі гарбарства, кравецтва, вытворчасьць сукна, харчовая вытворчасьць і шавецтва. На Палесьсі (поўдзень Менскай губэрні) важнае месца займалі бондарства, пляценьне і суднабудаваньне. Сялянская рэформа 1861 году павялічыла маёмаснае расслаеньне і вызваліла частку працоўных сілаў для рамесных заняткаў. Пагатоў разьвіцьцё буйной прамысловасьці абумовіла паступовае скарачэньне ганчарства і ткацтва. Звузіліся шамтабы вышыўкі, крашаніны, апрацоўкі ліпавай кары, набойкі, вырабу рагожаў і цыновак. Адначасова да пачатку 20 стагодзьдзя пашырыліся аўчыннае рамяство, кавальства, кравецтва, выраб кафлі, цэглы і шкла, сталярнае рамяство, цясьлярства і шапавальства. Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 году саматужныя рамёствы мелі істотнае значэньне ў прамысловай каапэрацыі. У грамадзкай вытворчасьці буйная прамысловасьць адцясьніла рамяство на другараднае месца. Пагатоў рамёствы захаваліся ў якасьці гаспадарча апраўданага дапаможнага промыслу майстроў. Асваеньне народных рамёстваў засталося адным з кірункаў у разьвіцьці мясцовай прамысловасьці. Адроджаныя на сучаснай прававой і прыладнай аснове рамёствы сталі самайстойным відам грамадзкай вытворчасьці і складовай часткай беларускай нацыянальнай культуры. У 1992 годзе рамесьнікі стварылі Саюз майстроў народнай творчасьці для захаваньня звычаяў беларускіх рамёстваў. Узоры рамёстваў выкарыстоўваюць у прафэсійным мастацтве[1].
У 2009 г. на ўліку ў Беларусі стаяла 3395 рамесьнікаў. У 2012 г. іх лік вырас амаль удвая да больш як 6000[2].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.