From Wikipedia, the free encyclopedia
Леў Гарошка (11 сакавіка [ст. ст. 26 лютага] 1911, в. Трашчычы, Наваградзкі павет — 28 ліпеня 1977, Парыж)[2] — грэка-каталіцкі сьвятар, архімандрыт, беларускі рэлігійны і грамадзкі дзеяч, дасьледнік гісторыі рэлігіі ў Беларусі, культуроляг, літаратар, аўтар артыкулаў і кніг, выдавец, рэдактар радыёпраграмаў.
Леў Гарошка лац. Leŭ Haroška | |
Род дзейнасьці | Грэка-каталіцкі сьвятар |
---|---|
Дата нараджэньня | 11 сакавіка 1911 |
Месца нараджэньня | в. Трашчычы, Наваградзкі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 28 ліпеня 1977 (66 гадоў) |
Месца сьмерці | Парыж, Францыя |
Месца пахаваньня | Лёнданскія могілкі Сьвятога Панкрата |
Грамадзянства | Францыя |
Месца вучобы | Львоўская багаслоўская акадэмія, Каталіцкі ўнівэрсытэт Інсбруку (Аўстрыя) |
Заняткі | аўтар, выдавец, грамадзкі і рэлігійны дзеяч, рэдактар радыё |
Навуковая сфэра | грэка-каталіцкая царква[1], літаратура[1] і гісторыя хрысьціянства[d][1] |
Месца працы | |
Псэўданімы | Л. Іскра, Анатоль Жменя, Пракоп Каваль і інш. |
Сябра ў | Згуртаваньне беларусаў у Вялікай Брытаніі |
Псэўданімы: Л. Іскра, Анатоль Жменя, Пракоп Каваль і інш.
Паходзіў зь вельмі беднай сям’і праваслаўных беларусаў уніяцкага паходжаньня.
У 1923—1931 гг. вучыўся ў Наваградзкай беларускай гімназіі. Праз пасярэдніцтва і дапамогу дырэктара гімназіі Яна Цеханоўскага і дырэктара беларускага музэю ў Вільні Антона Луцкевіча паступіў у Львоўскую грэка-каталіцкую багаслоўскую акадэмію (цяпер - сэмінарыя), дзе навучаўся ў 1931—1936 гг. Пасьля заканчэньня Акадэміі быў накіраваны для далейшых студыяў у Каталіцкі ўнівэрсытэт у Інсбруку (Аўстрыя), дзе ў 1936—1937 гг. як стыпэндыст мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага.
17 кастрычніка 1937 году з блаславеньня мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага быў высьвячаны на сьвятара ўкраінскім грэка-каталіцкім біскупам Мікітам Будкам у прыватнай капліцы мітрапаліта ў Львове. Першую Боскую Літургію на Бацькаўшчыне сьвятар адслужыў ва ўніяцкай парафіі Далятычы на ягонай роднай Наваградчыне, дзе парахам тады быў а. Вячаслаў Аношка.
Душпастырскую працу пачаў у на Палесьсі ў Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі (1937—1939). Служыў у парафіях Угрынічы, Гарадная (Столінскі р-н), Стоўпцы, Збураж (Маларыцкі р-н). Перасьледаваўся за сваю душпастырскую і асьветніцкую дзейнасьць польскімі сьвецкімі ўладамі, стала знаходзіўся пад наглядам паліцыі.
Пасьля стварэньня ў верасьні 1939 г. Беларускага грэка-каталіцкага экзархату і прызначэньня ў кастрычніку 1940 г. Антона Неманцэвіча экзархам, а. Леў Гарошка 2 траўня 1942 г. быў абраны ў Раду экзархату і прызначаны намесьнікам экзарха.
У гады Другой сусьветнай вайны жыў у Баранавічах, працаваў на настаўніцкіх курсах, настаўнікам беларускай і лацінскай моваў у гандлёвай і мэдычнай школах, рэдакцыях газэтаў ды інш. Кіраўнік мэдычнай школы ў Баранавічах Мацьвей Смаршчок сьцьвярджаў, што а. Леў Гарошка уратаваў ад вывазу ў Нямеччыну моладзь з гэтай школы, якую немцы плянавалі накіраваць у працоўныя лягеры.[3]
Прымаў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе.
З 1944 г. у эміграцыі. У 1945 г. займаўся арганізацыяй беларускага душпастырства ў Бэрліне і Мюнхэне.[4]
З восені 1945 жыў у Рыме, дзе разам з Чэславам Сіповічам і Пётрам Татарыновічам займаўся арганізацыяй беларускага жыцьця сярод суродзічаў, якія апынуліся ў Італіі ў складзе Другога Корпусу польскай арміі, а таксама як бежанцы.[5] Гарошка ўзначаліў Беларускі камітэт самапомачы (Comitato Caritativo Biancoruteno), задачай якога была матэрыяльная дапамога суродзічам.[5] Сьвятары таксама чыталі асьветныя лекцыі з гісторыі Беларусі, вадзілі жаўнераў беларукага паходжаньня на экскурсіі па Рыме і, у выніку, навязалі кантакты з прыкладна 300 беларусамі.[6]
У 1946 г. выдаў беларускі малітоўнік «Божым шляхам»[7][8] і актыўна зьбіраў сродкі на выданьне газэты «Беларускія навіны», якая выдавалася ў Парыжы шматтысячным накладам і рассылалася суродзічам па ўсім сьвеце — ад Скандынавіі да Афрыкі й Амэрыкі[5] — у тым ліку ў лягеры для перамешчаных асобаў у Нямеччыне і Аўстрыі, дзе выдавецкая справа спачатку была забаронена, а таму менавіта «Беларускія навіны» сталі да лета 1947 г. галоўнай крыніцай інфармацыі для беларускай дыяспары.[6]
Леў Гарошка змог пераканаць Кангрэгацыю па справах усходніх цэркваў, што энцыкліка папы Пія ХІІ Orientalis omnes з нагоды 350-х угодкаў Берасьцейскай Уніі павінна была быць выдадзеная і на беларускай мове, а лацінскае слова «Rutheni» ў ёй — перакладзенае як «беларусы і ўкраінцы». Гэта стала важным момантам для таго, каб Апостальская Сталіца пачала ўспрымаць беларусаў як асобную нацыю.[5]
16 кастрычніка 1946 г. Кангрэгацыя па справах усходніх цэркваў прызначыла Льва Гарошку рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі. У Парыжы а. Леў Гарошка ў 1947—1957 рэдагаваў і выдаваў беларускі рэлігійна-грамадзкі часопіс «Божым шляхам»,[6] браў актыўны ўдзел у жыцьці беларускай грамады і часта прадстаўляў яе ў каталіцкіх арганізацыях, на канфэрынцыях і кангрэсах. Неаднаразова дамагаўся ад францускага ўраду прызнаньня за ўцекачамі зь Беларусі права на беларускую нацыянальную прыналежнасьць у іх дакумэнтахб папулярызоўваў Беларусь у франкамоўных публікацыях.[9] Удзельнічаў у працы Беларускага акадэміцкага каталіцкага аб'еднаньня "Рунь" і падтрымліваў цесную лучнасьць зь беларусамі ў Вялікабрытаніі, дзе жыцьцё паступова канцэнтравалася вакол асяродку, створанага Беларускай каталіцкай місіяй у Ангельшчыне.[6]
Затым выехаў у Рым, дзе ў 1959 уступіў у навіцыят айцоў-марыянаў. У 1960 біскупам Чэславам Сіповічам быў накіраваны ў Лёндан і прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі. У 1962—1969 гг. — ігумен манаскага дому айцоў-марыянаў у Лёндане. У 1965 годзе атрымоўвае годнасьць архімандрыта. Прымаў актыўны ўдзел у рэлігійным і культурным жыцьці беларускага замежжа. Сябра лёнданскага адзьдзелу Згуртаваньня беларусаў Вялікабрытаніі. Удзельнік ХІV Кангрэсу «Царква ў патрэбе» ў Кёнігштайне (31.07 — 04.08.1964).
У 1970—1977 гг. а. Леў кіруе Беларускай службай Радыё Ватыкану і зьяўляецца рэктарам Беларускае каталіцкае місіі ў Францыі.
Памёр архімандрыт Леў у шпіталі ў Парыжы 28 ліпеня 1977 году. Пахаваны 8 жніўня 1977 году на могілках сьв. Панкрата ў Лёндане.[10].
Выдаў дзясяткі кніжак і навуковых прац у самых розных галінах. Ён выдаў філязофска-тэалягічную кніжку «Душа» (Парыж, 1948), прыродазнаўчую «Паходжаньне чалавека ў святле сучасных фактаў» (Парыж, 1948), «Навука і рэлігія», гістарычныя кнігі «Сьв. Еўфрасіньня-Прадслава Полацкая. Патронка Беларусі» (Парыж, 1950), «Беларусь у датах, лічбах, фактах» (Парыж, 1953), мовазнаўчую кнігу «Своеасаблівасьці беларускае мовы» (Парыж, 1951) і г. д. Напісаў вялікія гістарычныя працы «Пад знакам „рускае“ і „польскае“ веры» (1954/55), «Прычыны паланізацыі на Беларусі» (1955) і інш. Ён склаў грэцка-лацінска-царкоўнаславянска-беларускі слоўнік, слоўнік беларускіх прыказкаў ды прымаўкаў, які абдымае больш 20 тысячаў адзінак.[10]. Ён быў выдатным беларускім хрысьціянскім празаікам, пад псэўданімам Анатоль Жменя напісаў дзясяткі цікавых апавяданьняў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.