каталіцкі храм у Вільні From Wikipedia, the free encyclopedia
Касьцёл Сьвятога Казімера і кляштар езуітаў — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Вільні. Знаходзіцца ў Старым Месьце, на Вялікай вуліцы[a]. Касьцёл дзее, кляштар існаваў да 1773 году. Твор архітэктуры віленскага барока. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятога Казімера і кляштар езуітаў | |
Касьцёл Сьвятога Казімера і кляштар езуітаў | |
Краіна | Летува |
Места | Вільня |
Каардынаты | 54°40′39.53″ пн. ш. 25°17′18.75″ у. д. |
Канфэсія | каталіцтва |
Эпархія | Архідыяцэзія Вільнюса[d] |
Архітэктурны стыль | барокавая архітэктура[d] |
Дата заснаваньня | 1604 |
Сайт | kazimiero.lt/index.php?o… |
Касьцёл Сьвятога Казімера і кляштар езуітаў | |
Касьцёл Сьвятога Казімера і кляштар езуітаў на Вікісховішчы |
Комплекс Віленскага езуіцкага кляштару складаецца з касьцёла і кляштарнага корпуса. Купал касьцёла — першы і найбольшы ў архітэктуры Вільні[1].
Закладаньне мураваных езуіцкага касьцёла і кляштару (дома прафэсараў) на Вялікай вуліцы адбылося ў ходзе ўрачыстасьцяў з кананізацыі Сьвятога Казімера 4 сакавіка 1604 году. Асноўнымі фундатарамі касьцёла былі Жыгімонт Ваза і Леў Сапега, кляштару — Сапегі і Гасеўскія. Плян касьцёла прывезьлі з Рыму, нагляд за будаваньнем ажыцьцяўляў архітэктар Ян Франкевіч. У падмурак касьцёла пры ўрачыстым набажэнстве паклалі вялікі камень, знойдзены на Антокальскіх гарах, адкуль яго прыцягнулі сямсот віленскіх мяшчанаў-каталікоў. Наперадзе працэсіі ішлі найвышэйшыя ўраднікі на чале зь канцлерам Львом Сапегам[2].
Будаваньне касьцёла скончылася да 1609 году. Аднак у 1610 годзе ён пацярпеў ад пажару, па чым аднаўленьне ішло да 1616 году. Аздабленьне інтэр’еру завяршылася ў 1618 годзе, будаваньне кляштару — у 1624 годзе. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе касьцёл спалілі маскоўскія захопнікі. Па выгнаньні акупантаў яго аднавілі.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1706 годзе касьцёл пацярпеў ад пажару. Пажар 1749 году зьнішчыў інтэр’ер касьцёла, абваліліся перакрыцьці купала. У 1750—1755 гадох фасады, купал і алтары рэканструяваў архітэктар Тамаш Жаброўскі ў стылі віленскага барока.
З скасаваньнем ордэна езуітаў у 1773 годзе касьцёл перайшоў да ксяндзоў-эмэрытаў. У час паўстаньня 1794 году палкоўнік Якуб Ясінскі трымаў у касьцёле 1013 расейскіх палонных.
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць, а ў 1799 годзе стаў парафіяльным. У вайну 1812 году францускія войскі выкарыстоўвалі яго як склад збожжа, чым учынілі значную шкоду. У 1814[3] або, паводле іншых зьвестак, у 1815 годзе касьцёл узялі пад сваю апеку і аднавілі манахі-місіянэры.
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1832 годзе расейскія ўлады гвалтоўна зачынілі касьцёл, а ў 1834—1837 гадох дзеля рэканструкцыі пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) зьнішчылі 10 алтароў і амбон работы Яна Гляўбіца. У верасьні 1840 году саборную царкву асьвяціў Ёсіф (Сямашка).
Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1864—1868 гадох расейскі архітэктар Мікалай Чагін зьнявечыў мастацкае аблічча касьцёла маскоўскай перабудовай. У касьцёле зьнішчылі хоры і надмагільны помнік гетмана польнага Вінцэнта Гасеўскага. Кляштар прыстасавалі пад кашары. 22 кастрычніка 1867 году па сканчэньні перабудовы адбылося асьвячэньне саборнай царквы[4].
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе па заняцьці места войскамі Нямецкай імпэрыі ў касьцёле разьмясьцілася гарнізонная пратэстанцкая царква.
У 1917 годзе будынак касьцёла вярнулі каталікам. У 1922—1925 гадох праводзілася адбудаваньне хораў, аднаўленьне інтэр’еру.
У час Другой сусьветнай вайны цэнтральная і сярэдняя вежы фасаду атрымалі значныя пашкоджаньні. У 1942—1944 гадох цэнтральную вежу аднавілі паводле праекту архітэктара Ёнаса Мулокаса. Па вайне ў 1948 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл. У 1955—1957 гадох тут разьмяшчаўся музэй атэізму. У 1965 годзе будынак адрэстаўравалі.
3 сакавіка 1991 году адбылося асьвячэньне касьцёла, вернутага каталікам.
Касьцёл — помнік архітэктуры віленскага барока. Гэта 3-нэфавая крыжова-купальная базыліка. Купал дыямэтрам 17 мэтраў на скрыжаваньні цэнтральнага нэфу і трансэпту завяршаецца ліхтаром з княскай каронай. Вышыня галоўнага нэфу разам з купалам складае 58 мэтраў. Дзьве высокія вежы галоўнага фасаду адрозьніваюць касьцёл ад рымскага прататыпу. Прыбудаваны ў 1755 годзе прытвор дадае разнастайнасьць у суровыя і ляканічныя формы касьцёла. Пілястры і складана прафіляваны карніз сьценаў ствараюць уражаньне мастацкай цэласнасьці. У магутных контрфорсах бакавых фасадаў, круглых вежах абапал прэзьбітэрыюму, дэкоры скляпеньняў закрысьціі праглядаюцца традыцыі готыкі і позьняга рэнэсансу (маньерызму).
Цэнтральны нэф перакрываецца паўцыркульным скляпеньнем на падпружных арках, з распалубкамі. Бакавыя, моцна павужаныя нэфы падзяляюцца на капліцы на ўзор касьцёла Іль-Джэзу ў Рыме. Захаваліся арыгінальныя алтары, выкананыя Тамашом Жаброўскім[5]. Інтэр’ер аздабляюць алтарныя карціны Шымана Чаховіча і Францішка Смуглевіча[6].
У касьцёле вісяць мэмарыяльныя шыльда ў гонар Сьвятога Андрэя Баболі, які служыў тут у 1624—1630 і 1646—1652 гадох, архітэктара Ёнаса Мулокаса, біскупа Юліёнаса Сьцяпанавічуса.
Пад алтарнай часткай знаходзіцца крыпта, у якой захоўваюцца парэшткі Сьвятога Андрэя Баболі. Сьцены крыпты аздабляюцца рэлігійнымі росьпісамі і надпісамі на лацінскай мове.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.