From Wikipedia, the free encyclopedia
Бі́блія Франці́шка Скары́ны — першая друкаваная ўсходнеславянская кніга, выдадзеная Францішкам Скарынам у 1517—1519 роках у Празе ў беларускай рэдакцыі царкоўнаславянскай мовы[1][2].
Біблія | |
Гравюрны партрэт Францішка Скарыны зь Бібліі | |
Аўтар: | Францішак Скарына |
---|---|
Мова арыгіналу: | беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы[1] |
Публікацыя: | 1517—1519 |
Выдавецтва: | Francysk Skaryna typography in Prague[d] |
Скарынава Біблія ўяўляе сабой 23 кнігі Старога Запавету аб’ёмам 2400 старонак пад агульнай назвай «Бивлия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, Богу ко ч(ес)ти и людем посполитным к доброму научению»[3]:
У 1525 року былі надрукаваныя «Деания и посълания Апостольская», якія складаліся з 4 частак:[4]
Моўная традыцыя Скарынавых выданьняў атрыбуецца айчыннымі мовазнаўцамі як беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы[1][2][5]. Адначасова выданьні ўсходнеславянскага першадрукара ўтрымліваюць ладную колькасьць уласнабеларускай лексыкі, якая мае праславянскае альбо старажытнарускае паходжаньне і ў бальшыні выпадкаў працягвае традыцыю старажытнарускай мовы, якая да XIV стагодзьдзя служыла сродкам пісьмовых дачыненьняў усходніх славян, вуснае ўжываньне якой мела вузкі арэал распаўсюджаньня, абмежаваны пераважна на этнічнай беларускай тэрыторыі[6].
Дасьледчыкі выдзяляюць найбольш старажытныя лексычныя адзінкі, якія захаваліся ў беларускім фанэтычным абліччы: «вежа», «волотъ», «гай», «детинство», «жниво», «згода», «клопотъ», «криница», «лосеня», «лытка», «медведеня», «помста», «промень», «севба», «смутокъ», «стежка», «стрижень», «початокъ», «узгорокъ», прыметнікі «горший», «даремный», «дробный», «житний», «лагодный», «приветливый», «пригожий», «росный», дзеясловы «гучати», «досягати», «змовитися», «лаяти», «робити», «ховати», прыслоўі «вдолжъ», «домовъ», «досыть», «лепей», «николи» і іншыя[6].
Як адзначае Н. Мячкоўская, «мова Скарынавых кніг у рознай меры царкоўнаславянская. Тыя кнігі, якія ён друкаваў паводле царкоўнаславянскіх рукапісаў (Псалтыр, Апостал), захоўваюць царкоўнаславянскую мову ў большай меры. Аднак у перакладзеных Скарынам біблейскіх кнігах (з латыні, чэскай мовы), пры захаваньні царкоўнаславянскай асновы, цалкам адчувальны беларускі моўны струмень»[7]. Паказальна, што «беларускі і заходнеславянскі акцэнт» у царкоўнаславянскай мове Скарыны ўскладняў прыняцьце яго кніг афіцыйнай праваслаўнай традыцыяй[7].
Свае пераклады біблейскіх тэкстаў Скарына рабіў на падставе дзьвюх крыніц: Вульгаты Гераніма ды чэскай Бібліі 1506 року. Менавіта з-за асаблівасьцяў чэскага перакладу, якія перайшлі й у скарынаўскія кнігі, апошнія былі адрынутыя праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі.
Як вынікае са Скарынавай прадмовы да першай кнігі Царстваў, ім былі перакладзеныя ўсе кнігі Старога і Новага Запаветаў, «на руські язык выложенных»[8]. Гэта пацьвярджаецца знойдзенымі ў XIX стагодзьдзі Якавам Галавацкім у Львоўскім Ануфрыеўскім манастыры рукапісамі, сярод якіх знаходзіліся дадаткова 30 кніг, ідэнтыфікаваных паводле прадмоваў як скарынінскія.
Перад кожнай з кніг Скарына дадаваў уласныя прадмовы з разнастайнымі зьвесткамі па гісторыі, геаграфіі, культуры і сьціслы пераклад зьместу. На палёх падаваў тлумачэньне незразумелых словаў, а таксама спасылкі на паралельныя месцы.
Упершыню ў кірылічным друкарстве Скарына ўвёў тытульны ліст, фаліяцыю старонак, прамежкі між словамі і водступы-абзацы, а таксама адмовіўся ад скарачэньня словаў[9][10].
Памеры скарынавых выданьняў сьведчаць, што ягоная Біблія прызначалася для штодзённага чытаньня, а ня дзеля літургічных мэтаў. Калі напрастольныя Эвангельлі ў той час рабіліся «ў аркуш», дык кнігі Скарыны былі надрукаваныя «ў чацьвёрку», а то і ў «васьмёрку» (то бок у 4 ці 8 разоў меншыя), што рабіла іх зручнейшымі ў карыстаньні[11].
У першую беларускую Біблію выдавец улучыў 51 ілюстрацыю, каля 30 заставак і каля 1000 ініцыялаў.
Ступень удзелу Францішка Скарыны ў стварэньні гравюраў застаецца нявызначанай. Паводле пераважнага меркаваньня, Скарына найхутчэй быў малявальнікам асобных гравюраў, мог адыгрываць ролю кансультанта. Яму, безумоўна, належаць усе подпісы да ілюстрацыяй, малюнак шрыфту Бібліі, які ня мог быць выраблены без папярэдніх эскізаў Скарыны[10].
Кнігі Скарыны заклалі грунт для ўнармаваньня беларускае літаратурнае мовы, сталі другім перакладам Бібліі на славянскую (пасьля чэскай) і, як адзначае палітык П. Севярынец, чацьвертым у сьвеце — «на жывую мову народу» (пасьля нямецкай, італьянскай і чэскай)[12]. У сваю чаргу кандыдат філялягічных навук І. Будзько адзначае, што сьвяты тэкст ня мог быць напісаны «па-просту» (у Ф. Скарыны «руский» ня значыць «простый»), а павінен быў адпавядаць высокай кніжнай стылістыцы[5]. Тэоляг і доктар філязофіі Ірына Дубянецкая таксама адзначае, што «Біблія» Ф. Скарыны перакладзена «не на жывую мову», што было адной з прычынаў таго, чаму выданьне друкара не адыграла вялікай культуратворчай ролі для тагачаснай Беларусі[13].
Нягледзячы на стрыманую, а то й варожую рэакцыю праваслаўнага духавенства, Скарынавы пераклады шырока разышліся па Вялікім Княстве. Праз стагодзьдзе ўніяцкі архімандрыт Сялява, зьвяртаючыся да праваслаўных, пісаў наступнае[11]:
Перад вуніяй быў Скарына, герэтык гусіт[lower-alpha 1], каторы для вас друкаваў у Празе кнігі па-русінску. | ||
Беспасьпяхова скончылася спроба распаўсюдзіць у 1525 року праскае выданьне ў Маскоўскім княстве. Праваслаўныя герархі ўбачылі ў Скарынавай Бібліі лютаранскі ўплыў і загадалі спаліць усе прывезеныя асобнікі, а цягам усяго XVI стагодзьдзя імя беларускага першадрукара было забароненае[11].
Паказальна, што Іван Федаровіч і Пётар Мсьціславец пры выданьні ў Заблудаве «Эвангельля вучыцельнага», як вынікае з прадмовы, напачатку рыхтавалі яго на беларускай мове, верагодна, у перакладзе Францішка Скарыны. На яго спасылаліся ў сваіх працах Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Першы пратэстанцкі пастар Прусіі Спэратус беражліва захоўваў Псалтыр з «Малой падарожнай кніжыцы»[11].
Ва ўсім сьвеце вядомыя 40 канвалютаў кніг Скарыны[14], якія знаходзяцца ў Вялікабрытаніі, Даніі, Летуве, Польшчы, Славеніі, Расеі, Украіне[15]. У Беларусі захоўваецца толькі адзін збор зь 10 кніг, набыты ў 1925 року ў ленінградзкага калекцыянэра Камарніцкага. Гэта адзін з найкаштоўнейшых збораў у фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
У 2003 року падчас выставы рэдкіх кніг Верхнелужыцкай навуковай бібліятэкі ў Гёрліцы (Нямеччына) былі выпадкова выяўленыя адзінаццаць асобных праскіх выданьняў Скарыны, пераплеценых у 1615 року пад адной вокладкай. Паводле бібліятэчнае картатэкі, гэтая Біблія ў 1520 року была падараваная ў Брэславе нейкаму Андрэасу Банку, які пазьней перадарыў яе знанаму рэлігійнаму дзеячу Ёганэсу Гесу(de)[16]. На думку прафэсара Бэрлінскага ўнівэрсытэту Норбэрта Рандаў, па гэтай Бібліі Гес прапаведаў Слова Божае верхнелужыцкім славянам[17]. Шэсьць кніг Гёрліцкага канвалюту ня маюць адпаведнікаў у фондах Нацыянальнае бібліятэкі Беларусі[15].
У кастрычніку 2012 року гёрліцкі канвалют упершыню трапіў у Беларусь[14].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.