Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Юлі Таўбін (сапр. — Юдаль Абрамавіч Таўбін; 15 верасьня [ст. ст. 2] 1911, Астрагоск, Варонеская губэрня — 30 кастрычніка 1937, Менск, турма НКВД) — беларускі паэт, перакладчык.
Юлі Таўбін лац. Juli Taŭbin | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 15 верасьня 1911 Астрагоск, Варонеская губэрня, Расея |
Памёр | 30 кастрычніка 1937 Менск, турма НКВД |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, перакладчык |
Мовы | беларуская, расейская |
Дэбют | 1926, «Маладняк Калініншчыны» |
Творы на сайце Knihi.com | |
Нарадзіўся ў Астрагоску ў сям’і аптэкара. У 1921 пераехаў з бацькамі ў Амсьціслаў, дзе да 1928 навучаўся ў мясцовай сямігодцы. У 1928—1931 навучаўся ў Амсьціслаўскім пэдагагічным тэхнікуме. Адначасова стаў сябрам аршанскай філіі «Маладняка», друкаваўся ў часопісе філіі. Навучаўся разам з Аркадзем Куляшовым і Зьмітром Астапенкам (пазьней вядомыя як «тройца амсьціслаўцаў»). У 1931—1933 навучаўся ў Менскім пэдагагічным інстытуце. Стаў сябрам Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў. Уваходзіў у нефармальнае літаратурнае аб’яднаньне ТАВІЗ[1].
Арыштаваны 25 лютага 1933. 10 жніўня 1933 асуджаны да двух гадоў высылкі на Ўрал (паводле зьвестак В. Куляшовай, «повадам для першага арышту Юлія Таўбіна стаў ліст з-за мяжы ад цёткі, якая нібыта пераехала з Польшчы ў Амэрыку»[2]). Жыў у Цюмені. 4 лістапада 1936 паўторна арыштаваны і этапаваны ў Менск. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду № 33, які «не падлягае абвяшчэньню», «усе кнігі» Юлія Таўбіна прадугледжвалася «спальваць»[3]. 29 кастрычніка 1937 году выязная сэсія ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР прысудзіла Юлія Таўбіна да найвышэйшай меры пакараньня. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 у ліку 26 беларускіх літаратараў быў расстраляны ў двары турмы НКВД. Рэабілітаваны па першай справе 24 жніўня 1956, па другой — 29 ліпеня 1957.
Юлі Таўбін — прадстаўнік урбаністычнай плыні ў беларускай паэзіі 1920—1930 гг[4]. Паэтычная праграма Ю. Таўбіна па засвойваньні клясычнай паэзіі Эўропы зьяўлялася актыўным насьледаваньнем традыцый Максіма Багдановіча і раньняга, ліцэйска-«арзамаскага»[5] Аляксандра Пушкіна[6][7]. На думку Р. Бярозкіна, гэта выяўлялася ў повязі паэта «з традыцыяй культуры, як тэмы, як аб’екта творчасьці» [8].
Друкавацца пачаў у 1926 (часопіс «Маладняк Калініншчыны», газэта «Чырвоная змена»). З таго часу ўваходзіў у Амсьціслаўскую літаратурную студыю, актыўна публікаваўся ў розных пэрыядычных выданьнях («Беларускі піянэр», «Чырвоны сейбіт», «Сьвітаньне»[7]). У асабліва плённы пэрыяд 1930—1932 гг. у паэта выходзяць пяць кніг. У першую зь іх — «Агні» (1930) — увайшлі вершы 1926—1929 гг. Крытыка ўспрыняла гэты зборнік неадназначна (адна з рэцэнзіяў мела назву «Агні, якія ня грэюць»). Астатнія зборнікі: «Каб жыць, спяваць і не старэць...» (1931), «Тры паэмы» (1931), «Мая другая кніга» (1932) выйшлі неўзабаве. Паэма «Таўрыда» (1932) друкавалася асобным выданьнем. Па сьмерці паэта выйшлі дзьве ягоныя анталёгіі: «Выбраныя вершы» (1957) і «Вершы» (1969). Няскончанай засталася вершаваная аповесьць «Доктар Батурын». Падрыхтаваная кніга «Лірыка. Эпас» не пасьпела выйсьці ў сьвет, яе рукапісы захоўваюцца ў архіве крытыка Л. Бэндэ.
Апынуўшыся ў цюменскай высылцы, пісаў на расейскай мове. У 1934—1935 стварыў дзьве паэмы: «Михайло» (рукапіс паэмы захаваў украінскі пісьменьнік Нічыпар Белаконь і ў 1960-я перадаў Станіславу Шушкевічу) і «Осада» (машынапіс захаваўся ў архіве Максіма Лужаніна). Таксама ў друк трапілі два яго расейскамоўныя вершы — «Друзьям» (Знамя, 1936, № 5) і «Тедди» (Огонёк, 1936, № 22)[4].
Мастацкім перакладам займаўся з 1928. Спачатку аддаваў перавагу творам на расейскай (У. Маякоўскі, А. Безыменскі, С. Анісімаў, А. Чэхаў), украінскай (Л. Скрыпнік, Г. Міхайлец, М. Чумандрын), польскай (А. Лемеш), ідыш (І. Харык)[4]. Зьвяртаўся да твораў Ёгана Вольфганга Гётэ. Падрыхтаваў зборнік беларускіх перакладаў з Генрыха Гайнэ, які ня здолеў апублікаваць праз арышт. Ю. Таўбіну належаць пераклады вершаў у тэксьце рамана ірляндзкага пісьменьніка Ш. О’Фаалейна «Гняздо простых людзей».
Пераклады Ю. Таўбіна з Г. Гайнэ друкаваліся ў анталёгіі «Галасы з-за небакраю» (Мн. 2008. С. 134—136) і зборніку «Шляхам гадоў» (Мн. 1990. С. 228—245).
Незадоўга да арышту паслаў у Ленінградзкае аддзяленьне выдавецтва «Художественная литература» падборку перакладаў на расейскую мову вершаў Альфрэда Гаўсмана, якія потым увайшлі ў зборнік «Антология новой английской поэзии» (выйшаў праз 20 дзён пасьля расстрэлу паэта)[2].
Н. Кабакоў у артыкуле «Агні, якія ня грэюць» (Маладняк, 1931, № 6-7) крытыкаваў першы зборнік Ю. Таўбіна за адсутнасьць згадак пра партыю і рабочую клясу, адсутнасьць вершаў, якія «адбівалі-б вялікую эпоху пабудовы соцыялізму» і асабліва за «есеніншчыну, багемшчыну, дробнабуржуазны індывідуалізм і замкнёнасьць»[9]. Таксама крытык ушчуваў паэта за выкарыстаньне ў якасьці эпіграфу кніжкі вытрымкі з «заядлага беларускага контрарэвалюцыянэра паэта Ул. Дубоўкі»[9]. У сваю чаргу, С. Ліхадзіеўскі ў артыкуле «Паэзія Юлія Таўбіна» (Полымя, 1931, № 9) адзначаў няправільнасьць устаноўкі папярэдняга крытыка датычна аналізу першага зборніка паэта: «Тав. Кабакоў перад Таўбіным высоўвае такія патрабаваньні, якія можна паставіць толькі ўжо яскрава выяўленаму пралетарскаму паэту. Рэцэнзэнт ня ўлічвае таго, што Таўбін пралетарскім паэтам ня быў і не зьяўляецца ім яшчэ і на сёньняшні дзень»[10]. С. Ліхадзіеўскі ў цэлым станоўча ацаніў паэтычныя зборнікі Ю. Таўбіна, адзначыўшы, у сваю чаргу, «парушэньне цьвёрдага камсамольскага статуту» ў вянку вершаў «Лірычнае хваляваньне» (1929), у якім «паэт адчыніў доступ хаотычнай стыхіі пачуцьцяў, ня змог імі саўладаць пры дапамозе клясава-абумоўленай рацыі»[11]. Больш жорстка да творчасьці Ю. Таўбіна паставіўся Ўл. Сядура ў артыкуле «Ня «стратай»… а росквітам» (Маладняк, 1932, № 4).
Паводле пралетарскага крытыка Алеся Кучара, творчасьць Ю. Таўбіна — гэта «актыўнае ігнараваньне нашай рэчаіснасьці, захапленьне буржуазнай гнілой і прадажніцкай культурай, замыканьне ў кола сваіх псыхалягічна-хворых успрыйманьняў, рамантычнае эстэцтва», што вынікае зь «нянавісьці... да дыктатуры пралетарыяту»[12].
Паводле літаратуразнаўцы М. І. Мішчанчука, лірыка Ю. Таўбіна характарызуецца «скандэнсаванасьцю, выверанасьцю, дысцыплінаванасьцю думкі і пачуцьця, высокай культурай вэрсыфікатарства»[13]. Дасьледнік адзначае, што ў Ю. Таўбіна сустракаецца вершы двух плянаў. У адных зь іх прысутнічае паэт з сваімі асабістымі перажываньнямі, пакутамі і радасьцямі, прысутнічае і ацэньвае кожны крок і ўчынак. У другіх апавяданьне разгортваецца больш шырока, на першы плян у іх выходзіць эпоха, выяўляе сваю сутнасьць народ[14].
Паводле В. Жыбуля, адметная рыса паэзіі Ю. Таўбіна — яе заглыбленасьць у кніжную стыхію, літаратурныя і фальклёрныя алюзіі ды згадкі пра паэтаў розных эпох і народаў: загалоўкі твораў («Якубу Коласу», «Жывому Маякоўскаму», «Сырано дэ Бэржэрак», «Пушкін», «За Шылерам», «Дужы вецер і маладзік з Гётэвае аповесьці»[4]).
Юлі Таўбін застаўся ва ўспамінах сяброў і знаёмых як сардэчны чалавек з прыветлівым лагодным тварам і «чалавек надзвычай таленавіты» з «выдатнай здольнасьцю да хуткага асваеньня моваў», «цудоўны майстар беларускага верша»[15]. Сьцяпан Ліхадзіеўскі ўспамінаў: «Юлі Таўбін… Гэта быў юнак, ад прыроды ўзнагароджаны вялікім паэтычным талентам. Сьціплы, добры, таварыскі, чалавечны, ён выклікаў да сябе ўсеагульную любоў і павагу». Сяргей Грахоўскі ў сваёй кнізе «Так і было» адзначыў, што «сярод пісьменьнікаў Таўбін быў адметны ад усіх: зрэнкі аксамітна-чорных вачэй, здавалася, бачаць навылёт, выразныя тоўстыя губы нечым нагадвалі Пушкіна, у свае дзевятнаццаць гадоў ён хадзіў трошкі сагнуты, нібы толькі ўстаў з-за стала. Можа, так і было…»[2]
Аляксей Зарыцкі ўспамінае, як «пухлагубы Юлі Таўбін, з выгляду заўсёды хмурнаваты, быццам трохі заспаны, быў увесь ва ўладзе паэтычнае стыхіі. Ён то пісаў свае вершы, то ў вольную хвіліну паціху напяваў на розных мовах чужыя, і так у старасьвецкім доме на менскай ускраіне гучалі строфы то Купалы і Багдановіча, то Пушкіна і Міцкевіча, то Бэранжэ і Вэрлена, то Байрана і Шэлі, то Шылера і Гайнэ...»[16]
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.