From Wikipedia, the free encyclopedia
Эрых Кох (па-нямецку: Erich Koch; 19 чэрвеня 1896, Эльбэрфэльд, цяпер частка Вупэрталю, Райнлянд, Нямеччына — 12 лістапада 1986, Барчава, Польшча) — гаўляйтар NSDAP ува Ўсходняй Прусіі 1928—1945, райхскамісар Украіны 1941—1944.
Да Першае сусьветнае вайны працаваў у чыгуначнай сфэры. У 1915—1918 у арміі, прымаў удзел у баёх у Верхняй Сілезіі. Па сканчэньні вайны змагаўся ў фрайкорпсе. У 1922 уступіў у NSDAP. Падчас акупацыі Руру ўваходзіў у групу Альбэрта Леы Шляґетэра й колькі разоў арыштоўваўся францускімі ўладамі. У 1927 стаў бэцырксфюрэрам Эсэну й трохі пазьней намесьнікам гаўляйтэра Руру.
У 1928 прызначаны гаўляйтэрам Усходняе Прусыі, у верасьні 1930 стаў дэпутатам Райхстагу. Пасьля прыходу нацыстых да ўлады стаў обэрпрэзыдэнтам Усходняе Прусыі. У 1938 стаў обэргрупэнфюрэрам SA.
На пачатку Другое Сусьветнае вайны быў прызначаны райхскамісарам абароны ўва Ўсходняй Прусыі. Па сканчэньні польскае кампаніі 26 кастрычніка 1939 пазбаўлены раёну Заходняя Прусія, пазьней перайменаваны ў Гданьск-Заходняя Прусыя. Замест гэтага атрымаў акругу Ціхануў. Гэтыя рэгіёны ахоплівалі тэрыторыю між Віслай і Наравам. Неўзабаве пасьля нападу на СССР 1 жніўня 1941 прызначаны цівільным камісарам Беластоцкае акругі, а пасьля кіраўніком мясцовае цывільнае адміністрацыі да 1944. Быў вядомы сваёй жорсткасьцю і брутальнасьцю, за што атрымаў у партыйных колах мянушку «другі Сталін». Быў рэкамэндаваны міністрам усходніх акупаваных земляў А. Розэнбэрґам на пасаду райхскамісара Расеі, дзе акупацыйны рэжым мусіў быць найбольш жорсткім, але Гітлер прамым загадам прызначыў яго 1 верасьня 1941 райхскамісарам Украіны.
Лічыў Украіну за тэрытарыяльнае, а не нацыянальнае ўтварэньне. Пэўна, таму перанёс сваю сталіцу з Кіева ў Роўна. Згодна са словамі савецкага шпіга Мікалая Кузьняцова, які мусіў быў зьліквідаваць Э. Коха, той сказаў яму пры сустрэчы наступнае: «Мне трэба, каб паляк пры сустрэчы з украінцам забіваў украінца і, наадварот, каб украінец забіваў паляка. Калі да гэтага па дарозе яны застрэляць жыда, гэта будзе як раз тое, што мне трэба... Некаторыя наіўна ўяўляюць сабе германізацыю. Яны думаюць, што нам патрэбныя расейцы, украінцы й палякі, якіх мы б змусілі размаўляць па-нямецку. Адылі нам непатрэбныя ані расейцы, ані паляк, ані ўкраінцы. Нам патрэбныя пладавітыя землі». За гады ягонага кіраваньня было забіта 4 млн чалавек, 2,5 вывезена на працу ў Нямеччыну.
З наступам Савецкае арміі паміж 23 красавіком і 7 траўнем 1945 уцёк на ледаколе «Ostpreußen». Зь Піляў праз Гельскі паўабток, Руген і Капэнгаген дабраўся да Фленсбургу. У траўні 1949 быў арыштаваны брытанскім войскамі. Савецкі Саюз настойваў на ягонай экстрадыцыі, але ж брытанскі ўрад вырашыў перадаць яго Польшчы. 9 сакавіка 1959 быў прыгавораны польскім судом да сьмерці за злачынствы супроць польскага насельніцтва (была даказаная ягоная вінаватасьць у сьмерці 400 000 палякаў), аднак ніколі ня быў асуджаны за злачынствы на тэрыторыі Ўкраіны. Таксама як камісар Беластоцкае акругі й райхскамісар Украіны, куды ўваходзілі паўдзённыя беларускія землі, вінаваты ў вынішчэньні беларускага насельніцтва. Падчас суду казаў пра свае сымпатыі да СССР, ставіў за сваю заслугу супрацьдзеяньне стварэньню ўкраінскае дзяржавы. Сьмяротны прысуд ня быў выкананы, афіцыйна праз праблемы са здароўем. Паводле некаторых вэрсіяў, яму было дараванае жыцьцё ў абмен на інфармацыю пра месцазнаходжаньне скрадзеных немцамі ў часе вайны твораў мастацтва. Згодна з польскімі дысыдэнцкімі крыніцамі, утрымліваўся ў даволі ўтульных умовах — меў тэлевізар, атрымліваў з Захаду часопісы й лекі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.