Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Тымурыдзкае мастацтва — гэта мастацкі стыль, які ўтварыўся ў час праўленьня дынастыі Тымурыдаў (1370—1507). Тымурыдзкае мастацтва адметнае тым, што яно выкарыстоўвала і пэрсыдзкі, і кітайскі стылі; мастацтва іншых цывілізацый Цэнтральнай Азіі таксама паўплывала на яго[1]. Пасьля заняпаду імпэрыі Тымурыдаў мастацтва гэтай цывілізацыі працягвала аказваць уплыў на іншыя культуры Пярэдняй і Цэнтральнай Азіі[1][2].
Тымурыдзкая імпэрыя была заснаваная Тымурам Кульгавым у 1370 годзе пасьля заваяваньня дзяржаваў-нашчадкаў дзяржавы Хулягуідаў. Пасьля заваяваньня гораду Тымурыды звычайна пакідалі ў жывых мясцовых рамесьнікаў і дэпартавалі іх у Самарканд, сталіцу дзяржавы Тымурыдаў. Пасьля заваяваньня Тымурыдамі Пэрсіі у пачатку XV стагодзьдзя многія пэрсыдзкія мастацкія рысы перапляліся з мангольскім мастацтвам. Пераход Кульгавага Тымура да ісламу пад канец яго жыцьця зрабіў Самарканд адным з цэнтраў ісламскага мастацтва. У сярэдзіне XV стагодзьдзя сталіцу імпэрыі перанесьлі ў Герат, што стала важнай падзеяй для тымурыдзкага мастацтва. Як і ў выпадку з Самаркандам, пэрсыдзкія рамесьнікі ды інтэлектуалы хутка зрабілі Герат цэнтрам мастацтва і культуры. Хутка многія з Тымурыдаў прынялі пэрсыдзкую культуру ў якасьці сваёй[3].
Тымурыдзкае мастацтва ўвабрала і палепшыла традыцыйную пэрсыдзкую канцэпцыю «Мастацтваў Кнігі». Рукапісы новых тымурыдзкіх мастацкіх твораў рабіліся на ілюстраванай паперы (а не на пэргамэнце) і ствараліся мастакамі імпэрыі. Гэтыя ілюстрацыі былі адметныя сваімі багатымі колерамі ды вытанчаным дызайнам[4]. Дзякуючы якасьці мініяцюр у гэтых рукапісах, «гератская школа [ілюстрацыі рукапісаў] часта лічыцца апагеем пэрсыдзкага жывапісу», як заўважыла С’юзэн Елман з Мэтраполітэн-музэю[1]. Жывапіс не абмяжоўваўся рукапісамі, бо многія тымурыдзкія мастакі таксама стваралі мудрагелістыя муралы. Многія з гэтых муралаў паказвалі пэйзажы, вытворныя і ад пэрсыдзкай, і ад кітайскай мастацкай традыцыі[5]. Хаця тэмы гэтых твораў былі запазычаныя зь іншых культур, тымурыдзкія муралы у рэшце рэшт атрымалі свой унікальны стыль[6]. Мангольскія мастацкія традыцыі не былі поўнасьцю выцесьненыя: моцна стылізаваныя выявы чалавечых фігур у тымурыдзкім мастацтве XV стагодзьдзя паходзяць ад гэтай традыцыі[7].
У Тымурыдзкай імпэрыі выраблялі якасныя мэталічныя вырабы. У якасьці матэрыялу часта бралі сталь, жалеза, латунь ці бронзу[8]. Часта сьцвярджаецца, што тымурыдзкая сталь, інкруставаная срэбрам, мае асабліва высокую якасьць[9]. Пасьля краху імпэрыі тымурыдзкія мэталічныя вырабы сталі часткай некаторых іранскіх і мэсапатамскіх культур[8].
Кераміка ў кітайскім стылі выраблялася тымурыдзкімі рамесьнікамі. Разьба па жадзе таксама прысутнічала ў тымурыдзкім мастацтве[1].
Пасьля заняпаду імпэрыі Тымурыдаў пад канец XV стагодзьдзя асманы, Сэфевіды і маголы далучылі да ўласных традыцый тымурыдзкія[1][2].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.