From Wikipedia, the free encyclopedia
Сінтаі́зм (па-японску: 神道 — «шлях багоў») — традыцыйная рэлігія Японіі, заснаваная на анімістычных вераваньнях старажытных японцаў, аб’ектамі глыбокай пашаны зьяўляюцца шматлікія бажаствы і духі памерлых. Зазнала ў сваім разьвіцьці значны ўплыў будызму.
Улічваючы, што гэтая рэлігія ёсьць політэістычнай і анімістычнай, сінтаізм круціцца вакол звышнатуральных істотаў, якія маюць назву камі. Лічыцца, што камі насяляюць усё навокал, у тым ліку сілы прыроды і прыкметныя ляндшафтныя месцы. Ім пакланяюцца ў сямейных сьвятынях каміданах і грамадзкіх сьвятынях дзіндзя. У апошніх памянёных працуюць сьвятары, вядомыя пад назовам канусі, якія наглядаюць за ахвяраваньнямі ежы і напояў асобным камі, замацаваным у гэтым месцы. Гэта робіцца дзеля таго, каб стварыць гармонію паміж людзьмі і камі, і набыць блаславеньня апошніх. Іншыя распаўсюджаныя рытуалы ўключаюць танцы кагура, абрады і сэзонныя сьвяты. У грамадзкіх сьвятынях практыкуюць варажбу ды намольваюць рэлігійныя прадметы, як то абярэгі. Сінтаізм надае асноўны канцэптуальны акцэнт забясьпечаньню чысьціні, пераважна праз практыкі ачышчэньня, як то рытуальнае мыцьцё і купаньне, асабліва перад набажэнствам. Невялікі акцэнт робіцца на канкрэтных маральных кодэксах і на замагільным жыцьці, але памерлыя лічацца здольнымі стаць камі. Рэлігія ня мае адзінага стваральніка або пэўнай дактрыны, аднак, замест гэтага існуюць розныя мясцовыя і рэгіянальныя формы.
Не зважаючы на тое, што гісторыкі спрачаюцца, у які момант сінтаізм вылучыўся ў асобную рэлігію, але шанаваньне камі прасочваецца да пэрыяду культуры Яёй, якая квітнела з 300 году да н. э. да 300 году н. э. Будызм зьявіўся ў Японіі ў канцы пэрыяду Кафун, якая цягнулася з 300 па 538 гады, і хутка распаўсюдзіўся па краіне. Рэлігійная сынкрэтызацыя зрабіла пакланеньне камі і будызм функцыянальна непадзельнымі. Гэты працэс злучэньня абодвух практыкаў мае назоў сімбуцу-сюга. Гэтак, камі пачалі разглядацца як частка будыйскай касмалёгіі. Ўсё часьцей яны набывалі антрапамарфныя формы. Самая раньняя пісьмовая згадка традыцыі пакланеньня камі была занатаваная ў VIII стагодзьдзі ў працах «Кодзікі» і «Ніхон сёкі». У наступныя стагодзьдзі традыцыя сімбуцу-сюга была перанятая японскай імпэратарскай сям’ёй. У эпоху Мэйдзі з 1868 па 1912 гады нацыяналістычнае кіраўніцтва Японіі выключыла будыйскі ўплыў з культу камі і сфармавала дзяржаўны сінтаізм. Менавіта гэтыя дзеі часткай гісторыкаў зважаюцца як пачатак сінтаізму як асобнай рэлігіі. Сьвятыні траплялі пад узмоцнены дзяржаўны кантроль, а грамадзянаў заахвочвалі пакланяцца імпэратару як камі. З утварэньнем Японскай імпэрыі ў пачатку XX стагодзьдзя сінтаізм пашырыўся ў іншыя рэгіёны Ўсходняй Азіі. Пасьля паразы Японіі ў Другой сусьветнай вайне сінтаізм быў фармальна аддзелены ад дзяржавы.
Сінтаізм ёсьць політэістычнай рэлігіяй, што прадугледжвае ўшанаваньне шматлікай колькасьці бостваў, вядомых як камі[1][2]. У японскай мове бракуе адрозьненьня паміж адзіночным і множным лікам, таму гэты тэрмін адносіцца як да асобных камі, гэтак і да групы камі[3][2]. У Японіі часта кажуць, што існуе існуе восем мільёнаў камі, гэты тэрмін азначае бясконцае мноства[4][5]. Паводле сінтаісцкай практыкі лічыцца, што камі прысутныя паўсюль[6], аднак, яны ня лічацца ўсемагутнымі, усёведнымі або бесьсьмяротнымі[3][7].
Тэрмін камі ёсьць «канцэптуальна плынным»[3], зьяўляючыся «расплывістым і недакладным»[8]. У японскай мове гэтае слова часта ўжываецца да сілы зьяваў, якія выклікаюць пачуцьцё зьдзіўленьня і матляньня ў назіральніка[3]. Дасьледнік рэлігіяў Джозэф Кітагава называў гэта «прыродай камі», заяўляючы, што на ягоную думку гэта прыблізна падобна да заходнім ідэям нумінознасьці і сакральнасьці[9]. Згодна з сінтаізмам камі пасяляюцца як у жывых істотаў, гэтак і мёртвых, арганічную і неарганічную матэрыю і стыхійныя бедзтвы, як то землятрусы, сухмені і чуму[2], а іхняя прысутнасьць бачна ў прыродных сілах, як то вецер, дождж, агонь і сонечнае сьвятло[10]. Паводле вызначэньня японскага мысьляра XVIII стагодзьдзя, Матаоры Тарынагі, птушкі і зьвяры, палі і травы і ўся іншая прырода, усё, што ёсьць рэдккім і незвычайным, ды тое, што валодае выключнымі якасьцямі і выклікае трапятаньне, ёсьць камі[11]. Адпаведна, сінтаізм, такім чынам, успрымае фактычныя зьявы Сусьвету як боскія праявы[12]. Менавіта гэта робіць рэлігію анімістычнай[13][14][2].
У Японіі камі ўшаноўваліся зь першабытных часоў[6]. У пэрыяд Яёй яны лічыліся бясформеннымі і нябачнымі[15], але пазьней набылі антрапаморфную праяву пад уплывам будызму[6][16]. Зараз статуі камі вядомыя як сіндза[16]. Камі звычайна асацыююцца з пэўным месцам, часта прыкметнай асаблівасьцю ляндшафту, як то вадаспад, гара, вялікі камень або прыкметнае дрэва[17][10]. Фізычныя аб’екты або месцы, у якіх, як мяркуюць, прысутнічаюць камі, называюцца сінтай[18]. А аб’екты, населеныя камі, і ўшанаваныя сьвятыняй вядомай як го-сінтай[19][20]. У такія аб’екты звычайна ўсталёўваюць люстэркі, мячы, камяні, пацеркі і таблічкі з надпісамі[19][21]. Сьвятыня будуецца такім чынам, што самі го-сінтай схаваныя ад вачэй наведвальнікаў[19][22] і могуць быць схаваныя ў скрынках, так што нават сьвятары ня ведаюць, як яны выглядаюць[18].
Лічыцца, што камі здольныя як на добрыя, гэтак і на дрэнныя ўчынкі[23][2]. Калі добрыя ўчынкі бостваў ігнаруюцца людзі, камі могуць прызначыць чалавеку пакараньне, часта хваробай або раптоўнай сьмерцю[24]. Некаторыя камі, якія маюць назву магацухі-но-камі або арабуру, лічацца злоснымі[25][26]. Каб устрымаць камі ад разбуральных дзеяў, і атрымаць іхняе дабраславеньне, людзі мусяць рабіць камі ахвяраваньні і чытаць ім малітвы[2]. сінтаізм імкнецца культываваць і забясьпечваць гарманічныя адносіны паміж людзьмі ды камі і, такім чынам, паразумецца і залагодзіцца з прыродай[27]. Акрамя распаўсюдных камі, як то Аматэрасу, маецца вялікая колькасьць камі пэўных мясьцінаў. З такімі камі толькі мясцовыя грамады спрабуюць зьблізіцца і пазнаёміцца[28]. Камі пэўнай суполкі маюць назву удзігамі[29][5], у той час як камі асобнага дому — ясікігамі[30].
Камі ня лічацца мэтафізычна далёкімі ад чалавецтва[3], бо нават самі людзі могуць стаць камі[31]. Мёртвых людзей часам ушаноўваюць як камі, разглядаючы іх абаронцамі[32][2][6]. Адным з найбольш яскравых прыкладаў чалавека, які стаў камі, быў імпэратар Одзін, які па сьмерці быў абвешчаны камі Хаціманам. Ён лічыцца абаронцам Японіі і камі вайны[33][10]. У японскай культуры продкі разглядаюцца як формай камі[34]. У Заходняй Японіі тэрмін дзігамі выкарыстоўваецца дзеля апісаньня камі заснавальніка пэўнай вёсцы[35]. У некаторых выпадках жывыя людзі таксама разглядаліся як камі[2]. У дзяржаўнай сінтаісцкай сыстэме эпохі Мэйдзі імпэратар Японіі абвешчаўся камі[31], у той час як некаторыя сінтаісцкія сэкты таксама разглядалі сваіх лідэраў жывымі камі[31].
Зважаючы на тое, што некаторыя камі ўшаноўваюцца толькі ў адным месцы, іншыя маюць сьвятыні ў многіх рэгіёнах[36]. Ужо згаданы Хаціман, напрыклад, мае каля 25 тысяч сьвятыняў, прысьвечаных яму[10], у той час як Інары мае 40 тысячаў месцаў ушанаваньня[37]. Пры закладаньні новай сьвятыні для камі, калі ў яго ўжо маецца сьвятыня, адбываецца «разьдзяленьне духу», што мае назву бунрэй[38][39][36]. Падчас цырымоніі камі запрашаюць увайсьці ў новую сьвятыну[36], якую называюць буншай[38][40]. Лічыцца, што ўлада асобных камі не памяншаецца нават калі ён мае сьвятыні ў розных месцах. Таксама няма аніякіх абмежаваньняў на колькасьць месцаў, дзе камі могуць захоўвацца[36]. У асобныя пэрыяды гісторыі Японіі пры замацаваньні камі ў новай сьвятыні спаганялася плата[36]. Сьвятыні не заўсёды задумваюцца як сталыя збудаваньні[6].
Многія камі маюць пасланцаў, якія звычайна прымаюць форму жывёлаў[36]. Гэтак пасланам Інары ёсьць ліса[14][36], а Хаціман накіроўвае ў якасьці пасланцаў галубоў[36]. Японскі фальклёр таксама ўключае ў сябе веру ў неспакойных або помсьлівых духаў, асабліва тых, хто памёр гвалтоўна і без наданьня адпаведных пахавальных абрадаў[41]. Лічыцца, што яны чыняць пакуты жывым, што азначае, што іх трэба суцішыць праз будыйскія абрады, але часам іх трэба вызнаць камі[41]. У японскай міталёгіі таксама існуюць жывёлападобныя істоты, якія могуць прымаць чалавечае аблічча, яны вядомыя як танукі[42].
Не зважаючы на тое, што апавяды адрозьніваюцца дэталямі[43], паходжаньне камі і самой Японіі апавядаецца ў двух тэкстах VIII стагодзьдзя, вядомых як «Кодзікі» і «Ніхон сёкі»[44][45][1][46][47]. Маючы кітайскі ўплыў[44][45][48][49], гэтыя тэксты былі замоўленыя кіроўнымі коламі краіны дзеля легітымізацыі і кансалідацыі свайго кіраваньня[50][51]. Хоць яны ніколі ня мелі вялікага значэньня ў японскім рэлігійныі жыцьці[49]. У пачатку XX стагодзьдзя ўрад абвесьціў, што абодва творы адпавядаюць фактам[52].
«Кодзікі» распавядае, што Сусьвет учыніўся з амэ-цуці, то бок падзелу лёгкіх і чыстых элемэнтаў (амэ, «Неба») ад цяжкіх элемэнтаў (цуці, «Зямля»)[53][54][52]. Затым зьявіліся тры камі: Амэнамінаканусі, Такамімусубі-но і Камімусубі-но. За імі рушылі іншыя, у тым ліку брат і сястра Ідзанагі і Ідзанамі[52][55]. Камі даручылі Ідзанагі і Ідзанамі стварыць зямлю на нашай плянэце. Каб выканаць загад брат і сястра ўскалыхнулі салонае мора дзідай, упрыгожанай каштоўнымі камянямі, з чаго ўтварыўся востраў Анагора[56][57][58]. Затым Ідзанагі і Ідзанамі спусьціліся на Зямлю, дзе апошняя нарадзіла яшчэ адных камі. Адным зь іх быў камі агню, чыё нараджэньне забіла Ідзанамі[56][59][60]. Ідзанагі спусьціўся ў ёмі, нешта кшталту пекла, каб забраць сваю сястру, але ён быў вымушаны бегчы адтуль, пакінуўшы там сястру. Уваход у ёмі ён затуліў валуном[56][61][59][60].
Каб змыць зь сябе бруд Ідзанагі выкупаўся ў моры. Дзякуючы гэтаму зь ягонага цела зьявіліся новыя камі, то бок Аматэрасу (камі сонца) нарадзіўся зь ягонага левага вока, а Цукуёмі (камі месяцу) вылучыўся зь ягонага правага вока. Бог Сусанао (камі буры ці ветру) нарадзіўся зь ягонага носу[62][56][61][59][63]. Сусанао паводзіўся разбуральна, таму каб пазьбегнуць яго, Аматэрасу схавалася ў пячоры, чым унёсла Зямлю ў змрок. Іншыя камі ў рэшце рэшт здолелі ўгаворыць яе высунуцца зь пячоры[64][65][66][67][68], а Сусанао быў высланы на Зямлю, дзе ажаніўся і нарадзіў дзяцей[69][70]. Паводле «Кодзікі», Аматэрасу затым выправіла свайго ўнука Нінігі кіраваць Японіяй, даўшы яму выгнутыя пацеркі, люстэрка і меч, якія сталі сымбалем японскай імпэратарскай улады[65][71]. Аматэрасу застаецца, напэўна, самым шанаваным камі Японіі[72].
Ключавой тэмай у сінтаізме ёсьць пазьбяганне кегарэ («стан бруду»)[73][59], забясьпечваючы пры гэтым хараэ («чысьціню»)[74][75][67]. У японскай традыцыі людзі лічацца фундамэнтальна чыстымі[76][77]. Такім чынам, кегарэ разглядаецца як часовы стан, які можна выправіць шляхам дасягненьня хараэ[73]. Каб вярнуць чалавеку духоўнае здароўе і зрабіць яго карысным для грамадзтва ладзяцца абрады ачышчэньня[78].
Панятак чысьціні прысутнічае ў многіх аспэктах японскай культуры. Вялікую ўвагу японцы надаюць купаньню[79]. Ачышчэньне, напрыклад, разглядаецца як важная дзея падрыхтоўкі да сэзону пасяўной[80], у той час як акторы тэатру но ладзяць абрад ачышчэньня перад тым, як выступаць[81]. Асаблівымі крыніцамі забруджваньня ў сынтаізме лічацца сьмерць, хваробы, вядзьмарства, зьдзіраньне скуры жыўцом з жывёлы, інцэст, распуста, лайно і кроў, зьвязаныя з мэнструацыяй або родамі[82][83]. Каб пазьбегнуць кегарэ, сьвятары ды іншыя практыкі ўстрымліваюцца і пазьбягаюць розных дзеяў перад сьвятамі або рытуаламі[73][84]. Табуяванымі лічацца розныя словы, якія няможна прамаўляць у сьвятынях. Да іхняга ліку дапасуюцца словы сьмерць, хвароба і мяса[85].
Цырымонія ачышчэньня, вядомая як місогі, прадугледжвае выкарыстаньне прэснай і салонай вады або солі дзеля выдаленьня кегарэ[86]. Апусканьне ў мора ўсім целам часта лічыцца найбольш старажытнай і эфэктыўнай формай ачышчэньня[87]. Гэтая дзея павязаная зь міталягічнай гісторыяй, паводле якой, Ідзанагі пагрузіўся ў мора, каб ачысьціцца пасьля таго, як пабачыў сваю памерлую жонку. Менавіта з гэтага ўчынку зь ягоная цела выйшлі іншыя камі[88][86]. Іншым спосабам ёсьць занурэньне ў вадаспад[86][76]. Соль часта разглядаецца як ачышчальнае рэчыва[88][89]. Гэтак, некаторыя вернікі сынтаізму пасыпаюць сябе сольлю пасьля наведваньня пахаваньняў[90][91]. Тыя, хто трымае рэстараны, кожны дзень перад пачаткам працы могуць высыпаць невялікую горбу солі на вуліцу[92]. Агонь таксама заважаецца за крыніцу ачышчэньня[89]. Да пэрыяду Мэйдзі абрады ачышчэньня звычайна выконваліся адмысловымі варажбітамі, чые практыкі паходзілі з кітайскай філязофіі інь і ян[93].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.