From Wikipedia, the free encyclopedia
Сярге́й Сярге́евіч Прако́ф’еў (23 красавіка [ст. ст. 11 красавіка] 1891; цяпер сяло Сонцаўка, Пакроўскі раён, Данецкая вобласьць, Украіна — 1953; Масква, цяпер Расея) — расейскі й савецкі кампазытар і піяніст. Уважаецца за аднаго з найвялікшых кампазытараў 20 стагодзьдзя.
Сяргей Пракоф’еў | |
рас. Сергей Сергеевич Прокофьев | |
1918 г. | |
Дата нараджэньня | 11 (23) красавіка 1891[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | маёнтак Сонцаўка(uk), Бахмуцкі павет(uk), Кацярынаслаўская губэрня(uk), Паўднёва-Заходні край, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 5 сакавіка 1953[2][3][4][…] (61 год) |
Месца сьмерці | Масква, Расейская СФСР, СССР |
Прычына сьмерці | кровазьліцьцё ў мозаг[d][1] |
Месца пахаваньня | |
Грамадзянства | СССР |
Месца вучобы | |
Прафэсія | дырыгент, кампазытар, піяніст |
Навуковая сфэра | шахматы[5] і музыка[5] |
Гады дзейнасьці | 1896—1953 |
Сябра ў | Саюз кампазытараў СССР[d] |
Жанры | араторыя, балет, вальс, опэра, кантата, канцэрт, квартэт, квінтэт, марш, песьня, п’еса, раманс, саната, сымфанічная паэма, сымфаньета, сымфонія, сюіта, таката, увэрцюра |
Інструмэнты | фартэпіяна |
Дзеці | Oleg Prokofiev[d] |
Узнагароды | |
Сайт | sprkfv.net (анг.) |
Подпіс | |
Пракоф’еў пачаў праяўляць свой надзвычайны талент у раньнім узросьце. У пяць гадоў ён скампанаваў першы твор, Індыйскі галёп, занатаваць які яму дапамагла маці. У сямігадовым узросьце ён навучыўся гуляць у шахматы, якія сталі ягоным захапленьнем на ўсё жыцьцё. Пракоф’еў часта браў удзел у шахматных турнірах і быў добра знаёмы з Капабланкам і Бацьвіньнікам.
Сапраўдны вундэркінд, Пракоф’еў напісаў сваю першую опэру, Велікан, у дзевяць гадоў.
У 1902 годзе, калі пачаліся прыватныя ўрокі з кампазыцыі, ён меў напісанымі ўжо некалькі даволі наватарскіх твораў. Авалодаўшы тэхнікай кампазыцыі, Пракоф’еў хутка пачаў экспэрымэнтаваць у пошуках новых гучаньняў і ўласнага стылю.
У 1904 годзе Пракоф’еў паступіў у Санкт-Пецярбурскую Кансэрваторыю, будучы на некалькі гадоў маладзейшы за бальшыню сваіх аднакурсьнікаў. Ён рабіў уражаньне эксцэнтрычнай і высакамернай асобы. Ён меў характар, ідучы па калідоры, крочыць заўсёды ў цэнтры, не саступаючы дарогі анікому. Яго пэдагогам па фартэпіяна была Ганна Есіпава, па інструмэнтоўцы — Мікалай Рымскі-Корсакаў, па кампазыцыі — Анатоль Лядаў. Пракоф’еў хутка набываў вядомасьць як кампазытар і піяніст, выклікаючы кантрастныя рэакцыі, ад захапленьня да адмаўленьня.
У 1910 годзе памёр бацька Сяргея Пракоф’ева, і кампазытар мусіў пачаць самастойна зарабляць на жыцьцё. У 1913 ён упершыню быў за мяжой, наведаўшы Парыж і Лёндан, дзе ўбачыў спэктаклі балетнай трупы Сяргея Дзягілева.
У 1914 годзе Пракоф’еў завершыў навучаньне ў Кансэрваторыі, атрымаўшы найвышэйшы бал і прыз — канцэртны раяль. Хутка пасьля гэтага ён зноў трапіў у Лёндан, дзе пазнаёміўся зь Дзягілевым і Стравінскім.
У часе Першай сусьветнай вайны Пракоф’еў зноў паступіў у Кансэрваторыю, гэтым разам у клясу аргана. Ён напісаў опэру Гулец паводле рамана Дастаеўскага, але яе прэм’ера ў 1917 годзе не адбылася празь Лютаўскую рэвалюцыю. Летам гэтага году Пракоф’еў сачыніў Першую сымфонію, Клясычную, у стылі, на думку кампазытара, у якім бы напісаў яе Ёзэф Гайдн, калі б жыў у той час. У 1918 годзе Пракоф’еў эміграваў у ЗША, ратуючыся ад бальшавіцкай рэвалюцыі.
Пракоф’еў прыбыў у Сан-Францыска і, на пачатку сваёй сольнай і кампазытарскай кар’еры ў Амэрыцы, быў непазьбежным канкурэнтам для іншых эмігрантаў з Расеі (напрыклад, для Сяргея Рахманінава). Ён распачаў выступленьні як піяніст з сольнага канцэрту ў Ню-Ёрку, пасьля чаго даў яшчэ сэрыю канцэртаў у розных гарадах. Прэм’ера ягонай новай опэры Любоў да трох апэльсінаў не адбылася праз хваробу й сьмерць дырыгента. Гэтая няўдача сапсавала Пракоф’еву таксама й сольную кар’еру, бо падрыхтоўка опэрнай пастаноўкі вымагала многа часу й увагі. У 1920 годзе кампазытар быў у цяжкай фінансавай сытуацыі і ў красавіку гэтага году пераехаў у Парыж.
Парыская публіка была значна больш гатовая да пракоф’еўскай музыкі. Ён узнавіў кантакты зь Дзягілевым і Стравінскім і прадоўжыў працу над некаторымі незавершанымі творамі, уключаючы Трэці фартэпіянны канцэрт. У сьнежні 1920 году Любоў да трох апэльсынаў была нарэшце пастаўленая ў Чыкага, але бяз посьпеху. Пракоф’еў пераехаў з сваёй маці ў Баварскія Альпы і займаўся там выключна кампазыцыяй. Цэнтральным творам гэтага пэрыяду сталася опэра Вогнены Анёл. У 1923 годзе Пракоф’еў ажаніўся з гішпанскай сьпявачкай Лінай Кадына (псэўданім Ліна Любэра) і неўзабаве вярнуўся ў Парыж.
Ад 1927 году Пракоф’еў пачынае рэгулярна наведваць Расею з канцэртнымі турамі, яго візыты сустракаюцца з захапленьнем. Ён усё больш і больш нудзіўся па роднай краіне, выказваючыся пра яе надзвычай патрыятычна. Адзін з найбольш вядомых твораў Пракоф’ева — балет «Рамэо і Джульета» — быў замоўлены кампазытару Кіраўскім тэатрам у Ленінградзе.
У 1934 годзе Пракоф’еў настала вярнуўся ў Савецкі Саюз, яго сям’я пераехала туды годам пазьней. У гэтыя часы быў створаны Саюз кампазытараў, які шчыльна кантраляваў кампазытарскую дзейнасьць і рэгуляваў нават стылістычнымі кірункамі тагачаснай музыкі. Імкнучыся пазьбегнуць замежных уплываў на творцаў, улады фактычна ізалявалі творчасьць кампазытараў у межах уласнай краіны. Пракоф’еў напісаў сэрыю масавых песьняў (тв. 66, 79, 89) на словы найбольш добранадзейных савецкіх паэтаў, а таксама араторыю Здравіца, тв.85, якая ўслаўляла Сталіна. Гэта ўзмацняла яго становішча як савецкага кампазытара. У гэты час Пракоф’еў таксама напісаў многа дзіцячай музыкі і грандыёзную кантату Да 20-годзьдзя Кастрычніка, якая ані разу не была выкананая пры жыцьці кампазытара. Прэм’ера опэры Сямён Катко мусіла быць адкладзеная праз арышт і расстрэл рэжысэра Ўсевалада Меерхольда.
У 1938 годзе Пракоф’еў напісаў музыку да кінафільму Аляксандар Неўскі (рэжысэр — Сяргей Эйзэнштэйн). Пазьней кампазытар перарабіў гэты твор як кантату, якая сталася папулярнай для выкананьняў і запісаў.
У 1941 у кампазытара пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем, выкліканыя слабым сэрцам. З пачаткам вайны ён быў некалькі разоў у эвакуацыі на поўдні краіны.
У 1948 годзе быў падвергнуты нападкам савецкай крытыкі за фармалізм (разам з Шастаковічам, Мяскоўскім і іншымі)
Пракоф’еў памёр 5 сакавіка 1953 году, ва ўзросьце 61 году, у адзін дзень з Сталінам. Маскоўская кватэра, у якой памёр Пракоф’еў, знаходзілася зусім побач з Чырвонай Плошчай, і ягонае цела немагчыма было вынесьці на паніхіду на працягу трох дзён. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках.
У 2006 годзе надрукаваны поўны Дзёньнік Пракоф’ева па-расейску, які ахоплівае пэрыяд жыцьця кампазытара ад юнацтва да ягонага вяртаньня ў Савецкую Расею ў 1934 годзе. Існуе таксама грунтоўная Аўтабіяграфія, напісаная з аглядкаю на савецкую цэнзуру. Пракоф’еў валодаў яскравым і хвосткім стылем пісаньня і меў вялікі літаратурны талент. У рукапісах часта скарачаў словы, пішучы толькі іх зычныя (напрыклад — «Пркфв»).
У творчасьці Пракоф’ева спалучаюцца рысы мадэрнізму, нэаклясыцызму і рамантызму. Гарманічная мова ягоных твораў засталася даволі традыцыйнай, у параўнаньні з многімі ягонымі сучасьнікамі (Скрабін, Шонбэрґ, Бэрґ, Хіндэміт). Рэзкасьць і сакаватая яскравасьць гармоніяў робяць яго блізкім да Стравінскага і Пуленка. Аднак такія больш традыцыйныя кампазытары, як Сяргей Рахманінаў або Мікалай Рымскі-Корсакаў, ставіліся досыць адмоўна да стылістычных навацыяў мадэрновага Пракоф’ева. Яго музыка звычайна вельмі кантрастная: агрэсіўныя, магутныя, брутальныя такатныя эпізоды суседнічаюць з павольнымі лірычнымі выказваньнямі, унікальнымі ў сваёй кранальнасьці й інтымнай чысьціні. Пракоф’еўскі мэлядычны дар у натуральнасьці і невычарпальнасьці можна параўнаць з Моцартам, Шапэнам і Чайкоўскім. У творах для фартэпіяна зазвычай адчуваецца аркестравае мысьленьне кампазытара.
Міжнародны конкурс імя Сяргея Пракоф’ева рэгулярна ладзіцца ў Санкт-Пецярбургу. Ён адбываецца ў трох спэцыяльнасьцях: кампазыцыя, сымфанічнае дырыгаваньне й фартэпіяна сола. На першым конкурсе, які праходзіў у 1992 годзе, першую прэмію сярод піяністаў атрымаў беларус Юры Бліноў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.