Remove ads
швайцарскі футбольны клюб з Жэнэвы From Wikipedia, the free encyclopedia
«Сэрвэ́т» (па-француску: Servette) — швайцарскі футбольны клюб з гораду Жэнэвы. Заснаваны ў 1890 годзе. 17-разовы чэмпіён Швайцарыі, 8-разовы ўладальнік Кубка Швайцарыі. Назва клюбу паходзіць ад назвы аднаго з раёнаў Жэнэвы. Галоўнымі супернікамі каманды лічацца «Лязана» і «Сіён».
Сэрвэт | |
Поўная назва | Association du Servette Football Club |
---|---|
Заснаваны | 20 сакавіка 1890 |
Горад | Жэнэва, Швайцарыя |
Стадыён |
Стад-дэ-Жэнэва Умяшчальнасьць: 30 084 |
Галоўны трэнэр | |
Чэмпіянат | Супэрліга |
· 2023—2024 | 3 месца |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы servettefc.ch (фр.) (ням.) |
Рэгбійны клюб «Сэрвэт» быў заснаваны 20 сакавіка 1890 году. Клюбнымі колерамі былі абраныя чырвоны і зялёны. Трэнавалася каманда чацьвяргамі, але сталага месца ня мелі, таму ладзілі свае практыкаваньні у парках і садах ля Жэнэвы. Але за гэта дружыну часта штрафавала мясцовая адміністрацыя. Урэшце, 22 траўня 1890 году бургамістар дазволіў «Сэрвэту» выкарыстоўваць адзін зь мясцовых стадыёнаў. У ліпені быў складзены клюбны статут, а сябрамі клюбу сталі 17 чалавек.
Рэгбійнаму «Сэрвэту» зь цягам часу ўсё радзей атрымоўвалася знайсьці годных канкурэнтаў у Швайцарыі, бо большасьць мясцовых клюбаў перайшлі да Швайцарскай футбольнай асацыяцыі. У 1899 годзе ў клюбнае структуры была створаная футбольная сэкцыя, вядомая як «нядзельная каманда»[2]. «Сэрвэт» такім чынам станаўся першай шматспартовай асацыяцыяй Жэнэвы. У 1900 годзе каманда прыядналася да футбольнае асацыяцыі краіны[2], а ў 1902 годзе дружына пераехала на стадыён Парк-дэ-Спорт. Будаўніцтва арэны каштавала клюбу каля дзьвюх тысячаў франкаў. У тым жа годзе жэнэўцы выправіліся за мяжу, узяўшы ўдзел у першым сваім міжнародным матчы супраць францускага «Расінгу». Сустрэча скончылася зь лікам 2:2.
У 1907 годзе «Сэрвэт» упершыню стаў чэмпіёнам Швайцарыі, выгуляўшы ў фінальным турніры «Базэль» (5:1) і «Янг Фэлаўз» (1:0).
Вельмі пасьпяховым для каманды быў пэрыяд канца 1910-х і 1920-х гадоў. У той час швайцарскі чэмпіянат ладзіўся ў адпаведнасьці з наступнымі правіламі: каманды былі падзеленыя на тры групы паводле геаграфічнага прынцыпу (Захад, Цэнтар і Усход), і толькі пераможцы гэтых групаў, бралі ўдзел у фінальным турніры. «Сэрвэт» доўгі быў лідэрам Заходняга дывізіёну, дзевяць разоў запар у 1918—1926 гады нязьменна фінішуючы на першым радку.
А вось у фінальных турнірах жэнэўцы чаргавалі посьпехі зь няўдачамі. У 1918 годзе «Сэрвэт» здабыў другі тытул чэмпіёнаў краіны, упэўнена перагуляўшы «Янг Бойз» (4:2) і «Санкт-Гален» (4:0). У 1919 годзе каманда з Жэнэвы заняла другое месца, спачатку згуляўшы ў безгалявую нічыю зь лікам 0:0 зь «Вінтэртурам», а потым атрымаўшы паразу ад «Ля-Шо-дэ-Фону» зь лікам 2:3. Праз год каманда была мацней за «Грасгопэр» (2:1), але ў другім матчы з буйным лікам саступіла «Янг Бойзу» (0:4) і зноўку фінашавала на другім месцы. У 1921 годзе фінальны турнір складаўся з тых жа дружынаў, што і год раней. Жэнэўцы двойчы трывалі паразы, спачатку саступіўшы «Грасгопэру» зь лікам 0:5, а потым і «Янг Бойзу» зь лікам 1:3. У тым жа 1921 годзе першым галоўным трэнэрам «гранатавых» стаў ангелец Тэдзі Дакўорт, які нязьменна працаваў з камандай да 1929 году. У 1922 годзе клюб нарэшце здолеў здабыць свой чарговы тытул чэмпіянату, калі перамог у фінальным турніры «Блю Старз» (1:0) і «Люцэрн» (2:0). У 1923 годзе «Сэрвэт» апынуўся толькі на трэцім месцы ў фінальным турніры, але той розыгрыш пазьней ануляваны, бо ў складзе пераможцы клюбу «Бэрну» гуляў незарэгістраваны футбаліст яшчэ на стадыі асноўнага раўнду. У 1924 годзе жэнэўскі клюб з аднолькавым лікам 0:1 саступіў «Нордштэрну» і «Цюрыху». Улетку 1924 году ў зборная Швайцарыі сэнсацыйна здабыла срэбныя мэдалі на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Трэнэрам той каманды быў трэнэр «Сэрвэту» Дакўорт, а ў заяўцы швайцарцаў было шмат гульцоў клюбу.
Наступныя два фінальныя турніры чэмпіянату скарыліся «гранатавым». У 1925 годзе каманда згуляла ўнічыю ў першым матчы супраць цюрыскага «Янг Фэлаўз» 0:0, а ў вырашальнай гульні супраць «Бэрну» перамаглі зь лікам 1:0, дзякуючы голу Раймона Пасэльлё. У 1926 годзе «Сэрвэт» выгуляў зь лікам 5:2 «Янг Бойз», а ў другім матчы згуляў унічыю 2:2 з «Грасгопэрам». Абедзьве каманды набралі аднолькавую колькасьць пунктаў, таму быў прызначаны дадатковы матч. Пасьля першай паловы «конікі» мелі перавагу ў два галы, але ў канцы паядынку «Сэрвэт» здолеў здабыць валявую перамогу зь лікам 3:2, дзякуючы галам Пасэльлё і двум галам Эдмона Баі.
У 1927 годзе «Сэрвэт» упершыню з 1918 году ня здолеў перамагчы ў Заходнім дывізіёне, саступіўшы перамогу «Білю». У наступным годзе клюб зноў стаў другім у сваім дывізіёне, у той час як перамогу сьвяткавалі гульцы «Этуэлю». Няўдачы ў чэмпіянаце былі кампэнсаваныя здабыцьцём Кубка Швайцарыі, першым на рахунку клюбу. У фінале каманда выйграла «Грасгопэр» зь лікам 5:1.
Улетку 1930 году ў гонар адкрыцьця стадыёну Стад-дэ-Шарміль жэнэўцы зладзілі Кубак народаў[2]. Запрашэньні атрымалі 12 вядучых футбольных фэдэрацыяў Эўропы таго часу. Ангельшчына і Партугалія адмовіліся ад удзелу, але астатнія дзесяць краінаў дэлегавалі сваіх прадстаўнікоў, пры тым, што гэта былі дзейныя чэмпіёны ці ўладальнікі нацыянальных кубкаў. Адзіным выключэньнем стаў гішпанскі клюбу «Рэал Уніён», які быў шостым у айчынным чэмпіянаце. Тым ня менш, гішпанскія прадстаўнікі былі ўзмоцненыя шэрагам гульцоў зь іншых гішпанскіх камандаў. Перад пачаткам першынства да клюбу вярнуўся трэнэр Тэдзі Дакўорт[2]. У першым раўндзе жэнэўцы з буйным лікам 0:7 сасутпілі аўстрыйскаму клюбу «Фэрст». Але фармат спаборніцтваў даў гаспадарам шанец, бо яны трапілі ў дадатковы раўнд і перамаглі бэльгійскі «Сэркль» зь лікам 2:1. Гэтая перамога забясьпечыла «гранатавым» месца ў чвэрцьфінале, дзе яны выгулялі моцны італьянскі клюб «Балёньня» зь лікам 4:1. У паўфінале «Сэрвэт» саступіў вугорскаму «Уйпэшту» зь лікам 0:3. У матчы на трэцяе месца яны зноў саступілі «Фэрсту» (1:5).
У 1931 годзе швайцарская Сэрыя А стала Нацыянальнай лігай А, а футбол набыў прафэсійны статус. Такім чынам, у клюбаў зьявілася мажлівасьць складаць дамовы з замежнікамі ды мясцовымі гульцамі. У першай палове 1930-х гадоў фармат чэмпіянату стала зьмяняўся, але з сэзону 1933—1934 гадоў была ўтвораная адзіная ліга без падзелу на групы.
У гэты час у «Сэрвэта» пачалася зьмена пакаленьняў, таму большасьць герояў 1920-х гадоў пакінулі каманду. Толькі на два гады затрымаўся ў Жэнэве знакаміты абаронца Сэвэрына Мінэльлі, які быў адным з галоўных футбалістаў чэмпіёнскага складу 1930 году. У 1931 годзе 26-гадовы аўстрыйскі нападнік Карл Рапан далучыўся да табару клюбу, але на прапанову прэзыдэнту клюбу стаў трэнэрам дружыны. Кар’еру гульца, аднак, Рапан ня скончыў, але пачаў гуляць у цэнтры абароны, адкуль каардынаваў дзеяньні каманды, вынайшаўшы пазыцыю лібэра. Рэвалюцыйныя ідэі аўстрыйскага адмыслоўца далі плён, і «Сэрвэт» здолеў здабыць два тытулы чэмпіянату ў 1933 і 1934 гадах. У абодвух розыгрышах жэнэўцы прапусьцілі найменшую колькасьць галоў і забіла больш за ўсіх. Посьпехам таксама можна лічыць выхад у фінал кубка краіны 1934 году і другое месца ў першынстве 1935 году. Між тым, Рапан сышоў у цюрыскі «Грасгопэр», дзе вынайшаў рэвалюцыйную абарончую сыстэму «ланцуг». Дзякуючы сваім вынаходзтвам і посьпехам Рапан лічыцца адным з найлепшых трэнэраў сьвету свайго часу.
Але меліся праблемы з справамі па-за футбольнага поля. У 1934 годзе адбылася першая з шматлікіх фінансавых крызаў «Сэрвэту». З прафэсійным футболам ў Швайцарыі былі адмененыя ўкладкі сябраў клюбу, што выклівала сур’ёзныя цяжкасьці з выплатай заробкаў супрацоўнікам каманды, а таксама з утрыманьнем стадыёну і трэнавальнай базы. Толькі дзякуючы высілкам прэзыдэнтам клюбу «Сэрвэт» унікнуў ліквідаваньня. Аднак, каманда мусіла разьвітацца зь некалькімі важнымі гульцамі. Самым вядомым зь іх быў бамбардзір Леапольд Кільгольц, які ў 1934 годзе паклаў на свой рахунак 40 галоў за сэзон.
|
|
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.