вёска у Дубровенскім раёне Віцебскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Раса́сна[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Расасенцы пры ўтоку яе ў Дняпро. Уваходзіць у склад Маласавінскага сельсавету Дубровенскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 223 чалавекі. Знаходзіцца за 14 км на паўночны ўсход ад Дуброўна, за 4 км ад чыгуначнай станцыі Шухаўцы (лінія Ворша — Смаленск).
Расасна лац. Rasasna | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Віцебская |
Раён: | Дубровенскі |
Сельсавет: | Маласавінскі |
Насельніцтва: | 223 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2137 |
Паштовы індэкс: | 211048 |
Нумарны знак: | 2 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°38′42.4″ пн. ш. 30°52′37.3″ у. д. |
± Расасна | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Расасна — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны).
Першы пісьмовы ўпамін пра Расасна як уладаньне Глябовічаў у Аршанскім павеце Віцебскага ваяводзтва датуецца 15 лістапада 1514 году. Па Інфлянцкай вайне (1558—1570) 30 ліпеня 1574 году паселішча ўпамінае староста аршанскі Ф. С. Кміта ў лісьце з Воршы да Мікалая Радзівіла, ваяводы віленскага[a]:
У воласьці: Расасна — шасьцісот чалавек няма, Любавічы — ста васьмідзесяці чалавек няма, Бабіна, Заозерца, Дзевіна, Пашына, Баева — усіх тых сёл, государ, няма…
У XVII стагодзьдзі Расасна ўваходзіла ў маёнтак Любавічы і належала Сьцяцкевічам-Заверскім. «Книга Большему Чертежу»[3] 1627 году і перапісныя кнігі Мяшчанскай слабады[4] ў Маскве 1676 году называлі рэчку Расасенку і Расасна аднолькава — «Росана», «Россана», «Рассана».[5]
Пад 1703 годам Расасна значыцца як маёнтак, шляхецкая ўласнасьць. У першай палове XVIII стагодзьдзя паселішча перайшло ў валоданьне аршанскага кляштара трынітарыяў.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Расасна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскім, потым Горацкім павеце Магілёўскай губэрні[6]. На 1780 год у мястэчку дзеялі ўніяцкая царква[7]. У 1791 годзе годзе князь Ксавэры Любамірскі набыў Расасна ў Рыгора Пацёмкіна і яго нашчадкі ўладарылі там да 1917 году.
У Вайну 1812 году ў Расасьне 14 жніўня на шляху да Смаленску злучыліся францускія войскі. На загад імпэратара Напалеона жаўнеры пад камандаю генэрал-інжынэра графа Жана Баптыста Эбле ў ноч з 13 на 14 жніўня збудавалі тры масты цераз Дняпро[9][10][11]. Да сьвітанку ня меней як 100 000 чалавек пераправіліся цераз раку Дняпро.
Зь першай паловы XIX ст. у Расасьне працавала паромная пераправа, якая дазваляла перавозіць 400 пудоў за раз. На 1860 год у мястэчку было 86 дамоў, драўляная царква, юдэйская малітоўная школа, вадзяны млын. У 1881 годзе запрацавала сукнавальня. На 1886 год — 70 хат, дзеялі 2 царквы і юдэйскі малітоўны дом, працаваў вадзяны млын. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 167 двароў, царкоўна-прыходзкая школа, 2 драўляныя цэрквы, юдэйскія малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазын, млын, 3 кузьні, 7 крамаў, карчма. Штогод 23 красавіка і 1 кастрычніка праводзіліся кірмашы. У пачатку XX ст. тут збудавалі мост цераз Дняпро.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Расасна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 году Расасна вярнулі БССР, дзе яна стала цэнтрам сельсавету Дубровенскага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1924 год тут было 184 двары, на 1940 год — 345.
У Другую сусьветную вайну 16 ліпеня 1941 году Расасна занялі нямецкія войскі. У сакавіку 1942 году нацысты расстралялі 60 габрэяў з Расасна[12]. У кастрычніку 1943 — чэрвені 1944 году ў ваколіцах Расасна праходзіла лінія фронта. Адступаючы немцы спалілі вёску.
На 1963 год у Расасьне было 102 двары, на 1999 год — 108, на 2001 год — 106. У 2010 годзе Расасна атрымала афіцыйны статус аграгарадку.
У Расасьне працуюць сярэдняя школа, фэльчарска-акушэрскі пункт, клюб, бібліятэка, пошта.
Чарнаморска-Балтыйскі глыбакаводны транспартны шлях рэкамі Дняпро — Дзьвіна складаецца з трох дзялянак:
Дзьвіна і Дняпро ўваходзяць у сьпіс найбольшых трансгранічных рэк. З мэтай упарадкаваньня працэсаў супольнага выкарыстаньня трансгранічных рэк неабходна падрыхтаваць, падпісаць і ратыфікаваць Дамову паміж урадамі Беларусі, Латвіі, Расеі і Ўкраіны аб супрацоўніцтве ў галіне выкарыстаньня і аховы водных рэсурсаў рэк Дзьвіны і Дняпра. Неабходнасьць такой дамовы зыходзіць з патрабаваньня Канвэнцыі ЕЭК ААН ад 17 сакавіка 1992 году па ахове і выкарыстаньні трансгранічных вадацёкаў і міжнародных азёраў.
Мэта рэалізацыі праекту «Водны калідор Хэрсон — Рыга» паўстала ў пачатку 2002 году. Ініцыятарам яе была Латвія. Істотную цікавасьць выявілі Беларусь і Ўкраіна. Галоўная перашкода — гэта вялізныя грашовыя сродкі для яго будаваньне. Толькі распрацоўка тэхнічнага праекту вымагае $100–150 мільёнаў, а рэалізацыя — $6 мільярдаў. Ідэя стварэньня такой воднатранспартнай камунікацыі паўстала яшчэ ў XIX стагодзьдзі. Зьявіўся праект пад назвай «Канал Рыга — Хэрсон», каштарысны кошт будаваньня якога складаў 300 млн царскіх рублёў. Але рэалізацыі праекту перашкодзіла Першая сусьветная вайна. Паўторна да ідэі стварэньня воднага шляху Дзьвіна — Дняпро вярнуліся ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя. У матэрыялах, распрацаваных інстытутам «Белгіправадгас», прапануецца варыянт глыбакаводнага транспартнага шляху Дняпром — Днепра-Дзьвінскім каналам (водападзел) — Дзьвіной з выхадам у Рыскую затоку Балтыйскага мора. Даўжыня трасы канала, якая злучае Дзьвіну і Дняпро і якую вызначылі на поўнач ад места Дуброўна, складае 82 км з частковым выкарыстаньнем ракі Лучосы і яе беспасярэдніх прытокаў. У 2010 г. зацьверджана дзяржаўная праграма будаваньня гідраэлектрастанцыяў і вадасховішчаў на рэках Беларусі. На Дзьвіне праектам прадугледжваецца стварэньне каскаду з чатырох ГЭС — Верхнядзьвінскай, Віцебскай, Бешанковіцкай і Полацкай. Іх сумарная магутнасьць складзе 125—130 мэгават. На Дняпры: Аршанская ГЭС (5,7 Мвт), Шклоўская ГЭС (4,9 Мвт), Магілёўская ГЭС (5,1 Мвт) і Рэчыцкая ГЭС (4,6 Мвт). Сумарны аб’ём фінансаваньня праектаў складзе 617,3 млн USD. Праекты прадугледжваюць узьвядзеньне адмысловых суднаходных шлюзаў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.