Remove ads
беларускі бібліёграф From Wikipedia, the free encyclopedia
Рамуа́льд Алякса́ндравіч Зямке́віч (7 лютага 1881, Варшава — 1943/44, канцлягер Асьвенцім (?)); псэўданімы і крыптанімы: Раман Суніца; Юры Алелькавіч; Саўка Барывой; Шэршань; Р. Зем.; Ром. Зем.; Р-н Сун.; Р. С-ца.) — беларускі бібліёграф, гісторык літаратуры, публіцыст, перакладчык.
Рамуальд Зямкевіч лац. Ramuald Ziamkievič | |
Род дзейнасьці | бібліёграф, гісторык літаратуры, публіцыст, перакладчык |
---|---|
Дата нараджэньня | 7 лютага 1881 |
Месца нараджэньня | Варшава, Царства Польскае, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 1943/44 |
Месца сьмерці | канцлягер Асьвенцім |
Занятак | літаратуразнаўца, перакладнік, журналіст, паэт, адмысловец у прапагандзе, бібліёграф, публіцыст, гісторык літаратуры, беларусазнавец |
Псэўданімы | 1) Юр Алелькавіч; 2) Юры Алелькавіч; 3) Р. Зем. ; 4) Зем—віч; 5) Р. Зем—віч; 6) Ромуальд Зем-віч; 7) Юры Олельковіч; 8) Р-н Сун.; 9) Ром. Зем.; 10) Р. Суні- ца; 11) Раман Суніца; 12) Raman Sunica; 13) Rom. Ziem.; 14) Zi em—wicz; 15) Rom. Ziem—wicz; 16) Romuald Ziem—wicz. |
Сябра ў | Беларускае навуковае таварыства (1918) |
Бацькі паходзілі са Случчыны. Вучыўся ў Кіеве, атрымаў прафэсію інжынэра-мэханіка. Жонка — графіня Леонія Дунін-Баркоўская (29 сьнежня 1882, Клявіца — 6 сьнежня 1919, Вільня).[1]
Зьбіраў матэрыялы па гісторыі беларускай літаратуры і культуры, працаваў у бібліятэках і архівах Варшавы, Львова, Раперсьвіля (Швайцарыя). Жывучы пераважна ў Варшаве, шмат езьдзіў, у тым ліку па Беларусі. Быў зьвязаны зь беларускім нацыянальна-культурным рухам. У 1908 рабіў фальклёрна-этнаграфічныя запісы каля Зэмбіна на Барысаўшчыне. Сабраў калекцыю беларускага народнага адзеньня (у 1918 немцы вывезьлі ў Бэрлін). У 1913—1914 шукаў гісторыка-літаратурныя матэрыялы на Магілёўшчыне. У 1915—1917 жыў у Менску, працаваў ваенным інжынэрам. Часта бываў у Вільні і Пецярбургу як цэнтрах беларускага грамадзка-культурнага руху і выдавецкай справы. Сабраў унікальную бібліятэку па гісторыі, мовазнаўстве (усе працы Я. Карскага), літаратуры, фальклёры Беларусі, Украіны, Летувы, Польшчы і іншых славянаў, вялікую калекцыю рукапісаў беларускіх пісьменьнікаў. Сярод рарытэтаў ягонай бібліятэкі былі шматлікія старадрукі, у тым ліку «Біблія» Ф. Скарыны, Астроская Біблія 1581, «Лексыкон» П. Бярынды, «Хроніка» М. Бельскага, кітабы XVI—XVII ст., аўтографы А. Рыпінскага, А. Вярыгі-Дарэўскага, В. Дунін-Марцінкевіча, Я. Лучыны, Ф. Багушэвіча, Ядвігіна Ш. (рукапіс ягонай драмы «Злодзей»), Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, аўтараў «Нашай долі» і «Нашай нівы» і інш.
Арыштаваны ў акупаванай нацыстамі Варшаве. Загінуў у канцлягеры. Ягоныя зборы і бібліятэка зьніклі ў разбуранай Варшаве, частка трапіла ў прыватныя рукі.
З 1909 друкаваўся ў «Нашай ніве» й іншых беларускіх выданьнях. Дасьледаваў беларускую бібліяграфію, старажытную беларускую літаратуру, беларускую літаратуру ХІХ ст., этнаграфію, беларускую народную эстэтыку, фальклёр, беларускае мастацтва. Падрыхтаваў і выдаў першы спэцыялізаваны бібліяграфічны даведнік на беларускай мове — «Беларуская бібліяграфія» (1910). Напісаў шэраг прац па гісторыі беларускай літаратуры, у якіх прывёў невядомыя на той час зьвесткі пра В. Дунін-Марцінкевіча, Я. Баршчэўскага, А. Кіркора, А. Ельскага, Я. Лучыну, К. Каганца, М. Багдановіча і інш. Апублікаваў невядомыя рукапісы М. Багдановіча (1919), К. Каганца (1920), В. Дунін-Марцінкевіча (1923), Я. Лучыны (1932). У 1919 у часопісе «Беларускае жыцьцё» (№ 5) упершыню надрукаваў гравіраваны партрэт В. Цяпінскага (1576), які адшукаў у бібліятэцы К. Сьвятаполк-Завадзкага ў Крошыне. Дапамагаў матэрыяламі і зьвесткамі Я. Карскаму, абменьваўся навуковай інфармацыяй з А. Ельскім, А. Шлюбскім, даваў свае архіўныя знаходкі і рукапісы, успаміны варшаўскаму славісту Ю. Галомбаку, калі той працаваў над манаграфіяй пра В. Дунін-Марцінкевіча.
Сабраў унікальную бібліятэку па гісторыі, мовазнаўстве, літаратуры, фальклёры, вялікую калекцыю старабеларускіх рукапісаў. У сваіх працах прывёў новыя зьвесткі і апублікаваў невядомыя рукапісы беларускіх пісьменьнікаў ХІХ — пач. ХХ ст.
Большасьць ягоных багатых збораў, а таксама частка ўласных рукапісаў (у прыватнасьці, рукапіс кнігі «Кароткі нарыс гісторыі беларускай музыкі») загінулі.
У 1942—1943 пад псэўданімам Шэршань друкаваў сатырычныя вершы ў беластоцкай газэце «Новая дарога». Пісаў вершы і па-польску. Перакладаў на беларускую мову творы ўкраінскага пісьменьніка В. Стафаніка (друк. ў «Нашай ніве») і француза А. Дадэ.
Паасобныя рукапісы і пісьмы зьберагаюцца ў архівах і бібліятэках Менску, Вільні, Варшавы, Санкт-Пецярбургу.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.