Апэльсі́н (таксама апэльсын; бел. дыялект. і гіст. памаранча, памаранец; па-лацінску: Citrus sinensis) — вечназялёнае цытрусавае дрэва і яго плод.
Апэльсін | |
Кветкі і плады апэльсіна | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Расьліны |
Аддзел | Пакрытанасенныя |
Кляса | Двудольныя |
Атрад | Сапіндакветныя |
Сямейства | Рутавыя |
Падсямейства | Цытрусавыя |
Род | Цытрус |
Від | Апэльсін |
Бінамінальная намэнклятура | |
Citrus sinensis | |
Расьце ў трапічных і субтрапічных краінах, цепла- і вільгацелюбівая расьліна. У наш час да найлепшых гатункаў належаць апэльсіны з рэгіёну Міжземнага мора й Каліфорніі. У Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і як пакаёвую расьліну.
Батанічнае апісаньне
Лісьце суцэльнае, шматгадовае злучаецца са сваімі крылатымі хвосьцікамі праз прамежкавае шырокае сучляненьне. Кветкі белыя, сядзяць па 6, пэндзьлямі й складаюцца з 5-паасобнага маларасчыненага калякветніка з тоўстымі далямі, мноствам тычачак і адзінкавай вольнай, ці «верхняй», завязьзю. Плод — шматгняздовая ягада розных памераў і афарбоўкі скуры (ад сьветла-жоўтай да чырвона-аранжавай; насычанасьць колеру скуры не абавязкова сьведчыць пра сьпеласьць), сакаўны, салодкі ці кісла-салодкі, масай 100—500 г.
Хімічны склад
Утрымлівае да 12% цукроў (пераважна фруктозу й цукрозу), а таксама арганічныя кіслоты, вітаміны Ц, групы Б, П, каратын, солі вапню, калю, фосфару. Важная якасьць апэльсіна — пад час захоўваньня колькасьць вітамінаў C не зьмяншаецца.
Гісторыя
Паходзіць з Кітаю, дзе культываваўся больш за 4 тысячы гадоў; з 11—12 стагодзьдзяў вырошчваецца ў краінах Леванту. Да Эўропы апэльсін трапіў дзякуючы італьянскім купцам, якія гандлявалі зь Левантам, а таксама патрапіў з Арабскай Гішпаніі і Сыцыліі. Але першапачаткова ў Эўропе быў вядомы кіслы гатунак апэльсіна. Салодкі апэльсін завезены з Кітаю партугальскімі купцамі ў пачатку 16 стагодзьдзя.
У Беларусі
На тэрыторыі Беларусі й ВКЛ апэльсін мог стаць вядомым з 15 стагодзьдзя, але мода на цытрусавыя была ўведзена ў каралеўскім двары Бонай Сфорцай, пасьля чаго апэльсіны сталі завазіць ў Польшчу й ВКЛ у заўважанай колькасьці, што адпавядала тэндэнцыі італьянізацыі кулінарных густаў заможнай шляхты. Усё ж першапачаткова гэта быў рэдкі плод — па пары штук А. падавалі на стол Жыгімонта I Старога, і тое з нагоды ўрачыстасьцяў. Апроч дарагавізны (у тры разы даражэй за лімоны), распаўсюджаньне стрымлівала тое, што апэльсін у нязначнай ступені мог служыць дадаткам да іншых страў. Пашырэньню апэльсіна ў Рэчы Паспалітай паспрыялі таксама езуіты, і гэтым знаходзілі сабе новых прыхільнікаў. Адпаведна названы факт выкарыстоўваўся ў антыезуіцкай прапагандзе, бо «гішпанскія яблыкі» шкодзілі «моцы і прастаце звычаяў». Тым ня менш, ужо ў ваенным лягеры Стэфана Баторыя гатавалі жэле з апэльсінаў. У панэгірыку Гераніму Хадкевічу (Вільня, 1606) пішацца, што герою падносіцца ня золата, але, апроч іншага, цудоўны апэльсін. Як годны падарунак апэльсін прыгадваецца ў эпісталярыях — плод дасылае Ян Караль Хадкевіч сваёй жонцы, ксёндз Казімір Сарнецкі шле яго з Варшавы Каралю Станіславу Радзівілу, Зьбігнеў Морштын з Каралеўца дасылае яго ў Слуцак да Казіміра Клакоцкага. Імпарт апэльсінаў знайшоў адлюстраваньне ў «Мытных інструкцыях ВКЛ» 17 стагодзьдзя. У баракальнай культуры Рэчы Паспалітай апэльсін стаў сымбалем эратычнай гульні. У 17—18 стагодзьдзях атрымалі распаўсюджаньне апэльсінавыя гарэлка і лікёр, у 18 стагодзьдзі ў заможных дамах пачалі рабіць аранжад. Настойкі з апэльсіна і іншых цытрусавых сталі неад’емнай часткаю хатніх аптэчак. Таму як асобны тавар сталі завозіць ня толькі сьвежыя плады апэльсіна, але апэльсінавы сок і абсмажаныя скуркі. У 18 стагодзьдзі ўжываньне апэльсіна пашырылася і сярод багацейшага мяшчанства. Імкненьне вырошчваць апэльсіны прывяло да ўзьнікненьня ў 17 стагодзьдзі аранжарэяў — асобага тыпу выцягнутых зашклёных памяшканьняў з штучным кліматам (у Беларусі — палаца-паркавы комплекс у Альбе, Ружанскі палац, Дукорскі палац, ды іншыя). Літаратура 19 стагодзьдзя (найперш «Літоўская гаспадыня») дае цэлы шэраг рэцэптаў па выкарыстаньню апэльсіна, што сьведчыць пра ўстойлівую ўжо да гэтага часу традыцыю. Былі вядомыя рэцэпты гатаваньня сочыва, апэльсінавых лупін, сушаных у цукру, апэльсінавых лупін у мёдзе, карамелек апэльсінавых, мармэляду з апэльсінавых лупін, «цэдра» (зацукараны сіроп) з апэльсінавых лупін; мельшпайсаў (салодкіх пірагоў) з апэльсінавымі лупінамі; халоднага рысу з апэльсінамі; апэльсінаўкі (гарэлкі) і апэльсінавага лікёру. У савецкія часы апэльсін быў адным з нешматлікіх даступных для шырокага спажыўца субтрапічных пладоў. Дзіўным чынам апэльсін стаў сымбалем палітычных рухаў у 1980-х у Польшчы («памяранцавая альтэрнатыва») і ў 2004 ва Украіне («памяранцавая рэвалюцыя»).
Выкарыстаньне
Сок апэльсіна — добры супрацьцынготны сродак. У скурцы (цэдры) апэльсіна да 2% этэрнага алею, які выкарыстоўваецца ў парфумэрыі й кандытэрыі. З кветак апэльсіна вырабляецца г. зв. апэльсінавая вада, характарыстык якой не можа дасягнуць ніводная сынтэтычная эсэнцыя. Апэльсіны ужываюцца сьвежымі ды перапрацаванымі (сокі, джэмы, сочыва, цукаты).
Апэльсін у масавай культуры
- Ангельскі кінафільм «Завадны апэльсін» (па-ангельску: Clockwork Orange) Вялікабрытанія, 1971
- Штогадовы фэст «Музычны апэльсін» у Менску
- «Сіні апэльсын» — песьня з альбому «Harackija» гурту Garadzkija 2003 году
Літаратура
Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алег Дзярновіч, праект «Наша ежа».
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.