Нацыяна́льны банк Рэспу́блікі Белару́сь (НБ РБ) — цэнтральны банк Беларусі, разьмешчаны ў сталіцы краіны Менску. З 2001 году Статут ды гадавыя справаздачы банка ўхваляюцца прэзыдэнтам. Таксама прэзыдэнт вызначае аўдытара банка ды са згоды Рады Рэспублікі склад яго Ўправы. Паседжаньні Ўправы банка ладзяцца прынамсі штомесяц ды зьяўляюцца правамоцнымі пры наяўнасьці 70% чальцоў. Пастановы ўхваляюцца простаю большасьцю галасоў. Штоквартал банк мае паведамляць прэзыдэнту і ўраду аб аб’ёме выпуску грошай, а толькі прэзыдэнту — аб памеры золатавалютнага запасу. Зь 2009 году 80% свайго прыбытку банк накіроўвае ў падпарадкаванае Агенцтва гарантаванага пакрыцьця банкаўскіх укладаў (АГПБУ), астатак — на павелічэньне ўласных фондаў.
Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь | |
Лягатып НБРБ | |
Абрэвіятура | НБРБ |
---|---|
Дата ўтварэньня | 1991 |
Тып | цэнтральны банк |
Мэта | Забесьпячэньне пакупніцкай здольнасьці беларускага рубля |
Штаб-кватэра | Менск, пр. Незалежнасьці, д. 20 |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Берасьце, Віцебск, Гомель, Горадня, Магілёў |
Старшыня праўленьня | Павал Калавур |
Першы намесьнік старшыні праўленьня | Тарас Надольны |
Намесьнікі старшыні праўленьня |
|
Галоўны бугальтар | Валянціна Азарэвіч |
Кіроўны орган | Управа |
Зьвязаныя кампаніі | «Беларуская валютна-фондавая біржа», «Цэнтар банкаўскіх тэхналёгіяў» |
Сайт | www.nbrb.by |
Паўнамоцтвы
Паводле Статуту банк мае паўнамоцтвы на:
- выпуск грошай ды каштоўных папераў;
- парадкаваньне абароту грошай ды пазычаньня;
- наладжаньне ажыцьцяўленьня плацяжоў у краіне;
- пазычаньне банкам;
- парадкаваньне й нагляд за абаротам замежнай валюты;
- захоўваньне ўласных ды ўрадавых каштоўных папераў;
- выданьне парадаў аб выкананьні каштарысаў урадам і мясцовымі органамі ўлады;
- дазвол пазычальным установам на абарачэньне каштоўных папераў;
- улік пазычальных установаў;
- дазвол і парадкаваньне банкаўскай дзейнасьці;
- парадкаваньне й нагляд за платаздольнасьцю пазычальных установаў;
- вызначэньне для пазычальных установаў правілаў нутранага нагляду;
- узгадненьне выпуску каштоўных папераў пазычальнымі ўстановамі;
- вызначэньне для пазычальных устаноўваў правілаў абарачэньня форвардных ды ф'ючарсных дамоваў, апцыёнаў;
- ухваленьне правілаў рахункаводзтва й справаздачнасьці для банкаў;
- вызначэньне парадку правядзеньня разьлікаў;
- разьліковае абслугоўваньне ўраду, Міністэрства фінансаў, Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных справаў, Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, Камітэту дзяржаўнага кантролю, Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, Дзяржаўнага памежнага камітэту, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце ды АГПБУ;
- складаньне плацёжнага балянсу дзяржавы;
- стварэньне й кіраваньне золатавалютным запасам па ўзгадненьні з прэзыдэнтам;
- вызначэньне цаны каштоўных мэталаў і камянёў у гандлі банкамі;
- вызначэньне парадку адкрыцьця й вядзеньня рахункаў у каштоўных мэталах;
- вызначэньне сумесна з Дзяржаўным мытным камітэтам па ўзгадненьні зь Міністэрствам фінансаў парадку ўвозу ў й вывазу з краіны каштоўных мэталаў і камянёў паводле банкаўскіх апэрацыяў;
- ладжаньне перавозкі наяўных грошай, плацёжных загадаў, каштоўных мэталаў і камянёў;
- нагляд за абаронай зьвестак банкаў;
- выданьне зводных дадзеных аб стане грашовых дачыненьняў, пазычаньня, парадкаваньня абароту замежнай валюты, плацёжнага балянсу дзяржавы й банкаў;
- заключэньне пагадненьняў з галоўнымі банкамі й пазычальнымі ўстановамі іншых дзяржаваў;
- парадкаваньне спосабу ўжыцьця банкаўскіх інфармацыйных тэхналёгіяў;
- засьведчаньне прыдатнасьці банкаўскага праграмнага забесьпячэньня;
- збор і выдача зьвестак пра зьдзейсьненыя пазыкі[1].
Перадумовы ўтварэньня
У 1922 годзе Савет народных камісараў стварыў у БССР Беларускі рэспубліканскі банк. Неўзабаве ён перайшоў у падначаленьне Дзяржаўнага банку СССР. Рэарганізацыі банку праводзіліся ў 1959 і 1987, а ў цяперашнім выглядзе ён зьявіўся ў 1991 годзе.
Гісторыя
У 1996 г. беларускі ўрад узяў на ўзбраеньне рыторыку інтэграцыі з Расеяй, таму стала ў паветры вітала ідэя аб’яднаньня грашовых сыстэмаў абедзьвюх краінаў, дакладней, уліцьцё Беларусі ў расейскую рублёвую грашовую зону. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў праводзіць пабудову плянавае эканомікі, былі згорнутыя эканамічныя рэформы. Ініцыяваны Лукашэнкам рэфэрэндум 1996 году падпарадкаваў Нацыянальны банк Беларусі Савету Міністраў. Такая мера супярэчыла прынцыпам пабудовы здаровае грашовае сыстэмы эканомікі, бо Нацыянальны банк пазбавіўся магчымасьці распрацоўваць незалежную фінансава-крэдытную палітыку. Паводле вынікаў таго ж рэфэрэндуму Аляксандар Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет 13 скліканьня. Замест яго быў заснаваны паўкішэнны «Нацыянальны Сход», які не абмяркоўвае палітыку Нацбанка і Саўміна. У далейшым шэраг заканадаўчых актаў яшчэ болей абмежаваў кампэтэнцыю рэгулятара.
Напярэдадні гістарычнага рэфэрэндуму галава Нацбанку Станіслаў Багданкевіч падаў у адстаўку ў знак пратэсту супраць зьмены курсу ад праграмы рынкавых рэформаў. Ягоную пасаду заняла Тамара Віньнікава, якая хутка таксама заявіла пра нязгоду з палітыкай прэзыдэнта і паспрабавала вярнуць сытуацыю ў старое рэчышча. Аднак уладам гэта было не даспадобы. Т. Віньнікава была пазбаўленая пасады, пасьля чаго ёй былі прад’яўленыя абвінавачваньні ў атрыманьні хабару. На ейнае месца быў прызначаны Пятро Пракаповіч, будаўнік па адукацыі. У ліпені 2011 году Пятро Пракаповіч падаў у адстаўку па стане здароўя. 18 ліпеня 2011 году Аляксандар Лукашэнка афіцыйна вызваліў Пятра Пракаповіча з пасады старшыні Нацбанку.
Адпаведна Ўказу прэзыдэнта № 330 ад 27 ліпеня 2011 году Надзея Ермакова прызначана Старшынёй праўленьня Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь. З 28 ліпеня яна прыступіла да выкананьня сваіх абавязкаў. Раней Ермакова займала пасаду Старшыні праўленьня ААТ «Беларусбанк».
З красавіка 2023 году Нацыянальны банк знаходзіцца пад санкцыямі Канады[2].
Структура
Органам кіраваньня Нацыянальнага банку зьяўляецца Праўленьне Нацыянальнага банку — калегіяльны орган, які вызначае асноўныя напрамкі дзейнасьці і ажыцьцяўляе кіраўніцтва і кіраваньне банкам. Колькасьць сябраў Праўленьня ўстанаўліваецца прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. Кампэтэнцыя Праўленьня Нацыянальнага банка і парадак скліканьня яго пасяджэньняў вызначаюцца Статутам Нацыянальнага банку. Сябры Праўленьня Нацыянальнага банку ня могуць займаць іншыя дзяржаўныя пасады, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама знаходзіцца ў палітычных партыях.
Нацыянальны банк складаецца з цэнтральнага апарату, структурных падразьдзяленьняў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за яе межамі.
Да структурных падразьдзяленьняў Нацыянальнага банку адносяцца:
- Галоўная ўправа па Берасьцейскай вобласьці
- Галоўная ўправа па Віцебскай вобласьці
- Галоўная ўправа па Гарадзенскай вобласьці
- Галоўная ўправа па Гомельскай вобласьці
- Галоўная ўправа па Магілёўскай вобласьці
- Навучальны цэнтар
- Разьліковы цэнтар[3]
Юрыдычныя асобы, створаныя з удзелам Нацыянальнага банку:
- ААТ «Цэнтар банкаўскіх тэхналёгіяў»
- ААТ «Банкаўскі працэсінгавы цэнтар»
- ЗАТ «Банкаўска–фінансавая тэлесетка»
- ААТ «Санаторый „Азёрны“»
- ААТ «Санаторый „Ружанскі“»
- ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа»
- ДУ «Агенцтва гарантаванага пакрыцьця банкаўскіх укладаў (дэпазытаў) фізычных асобаў»[3]
Будынак
Будынак Дзяржбанку ўзьведзены ў 1947—1952 роках паводле праекцу акадэміка АН БССР архітэктара М. Парусьнікава, які перамог у 1947 у закрытым конкурсе на распрацоўку праекту першай чаргі Савецкай вуліцы (сучасны пр. Незалежнасьці). Была адзначаная ўдала выбраная архітэктарам шырыня вуліцы і вышыня забудовы, буйны маштаб забудовы, у меру падкрэсьленая манумэнтальнасьць будынкаў. Будынак Дзяржбанку разам з будынкам Дзяржаўнага ўнівэрсальнага магазіну (пр. Незалежнасьці, 21) вырашаў складаны кут праспэкту на перакрыжаваньні з вул. Леніна. Будынак уражвае сваёй прастатой і манумэнтальнасьцю. Плястыку фасадаў узбагачаюць канэляваныя пілястры карынцкага ордэру на вышыню чатырох паверхаў, арачныя праёмы асноўнай апэрацыйнай залі на другім паверсе, вянчаючы гзымс. Будынак Нацыянальнага банку — помнік савецкай архітэктуры з выкарыстаньнем клясыцыстычнай спадчыны.
Крыніцы і заўвагі
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.