Міля́н (па-італьянску: Milano, на лямбардзкім дыялекце Milán) — другі па велічыні горад у Італіі пасьля Рыму, адміністрацыйны цэнтар рэгіёну Лямбардыя і правінцыі Мілян. Цэнтар паўночнае Італіі. Насельніцтва на канец 2017 году складала 1 372 810 чалавек.
Мілян | |||||
італ. Milano | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 222 да н. э. | ||||
Краіна: | Італія | ||||
Рэгіён: | Лямбардыя | ||||
Правінцыя: | Мілян | ||||
Мэр: | Джузэпэ Саля[d] | ||||
Плошча: | 182 км² | ||||
Вышыня: | 138 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2017) | |||||
колькасьць: | 1 372 810 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 7542,91 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Тэлефонны код: | 02 | ||||
Паштовыя індэксы: | 20100, 20121—20162 | ||||
Нумарны знак: | MI | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 45°28′1″ пн. ш. 9°11′24″ у. д. | ||||
Мілян | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.comune.milano.it/ |
Мілян лічыцца адным зь вядучых альфа-глябальных горадаў сьвету[1], з разьвітымі сфэрамі мастацтва, камэрцыі, дызайну, адукацыі, сфэры забаваў, моды, фінансаў, аховы здароўя, сродкаў масавай інфармацыі, паслуг, дасьледаваньняў і турызму. У бізнэсовым раёне Міляну месьцяцца Італьянская фондавая біржа і штаб-кватэры нацыянальных і міжнародных банкаў і кампаніяў. З пункту гледжаньня СУП Мілян займае трэцяе месца паводле велічыні эканомікі сярод эўрапейскіх гарадоў пасьля Парыжу і Лёндану, але зьяўляецца самым хуткім паводле эканамічнага разьвіцьця сярод гэтых гарадоў. Мілян ёсьць самым заможным эўрапейскім горадам, які не зьяўляецца сталіцай[2][3]. Мілян лічыцца часткай Блакітнага банану і адным з «чатырох рухавікоў Эўропы».
Горад шырока вядомы ў сьвеце як сталіца моды[4], дзякуючы шырокаму колу мадэльераў, якія працавалі і працуюць у горадзе, а тасама шэрагу міжнародных мерапрыемстваў і выставаў, у тым ліку падчас Мілянскага тыдню моды.
Гісторыя
Слова Мілян паходзіць ад старажытна-лацінскай назвы гораду Mediolanum. У 222 годзе да н. э. рымляне захапілі паселішча кельцкіх плямёнаў і назвалі яго Mediolanum. У 293 годзе н. э. імпэратар Дыяклетыян абвесьціў Мілян сталіцай Заходняй Рымскай імпэрыі, але панаваць у горадзе пачаў суімпэратар Максыміян. Неўзабаве былі пабудаваныя вялікі цырк і вялікі комплекс адміністрацыйных пабудоваў Thermae Erculee. Максыміян павялічыў плошчу гораду і пабудаваў новыя абарончыя муры даўжынёй каля 4,5 км вакол места. Унутраняя плошча ахоплівала тэрыторыю ў 375 гектараў зь вялікай колькасьцю 24-аднабаковымі вежамі. Мілянскі эдыкт імпэратара Канстантына I 313 году гарантаваў свабоду веравызнаньня хрысьціянам. Канстантын наведваў Мілян, дзе праходзіла вясельле ягонай сястры з усходнім імпэратарам Ліцыніюсам. У 402 годзе горад быў абложаны готамі і імпэратарская рэзыдэнцыя была перанесеная ў Равэнну. На працягу V—VI стагодзьдзяў горад пераходзіў у рукі розных барбараў (гунаў, остготаў ды іншых). У 539 годзе остготы захапілі і зруйнавалі Мілян падчас вайны супраць бізантыйскага імпэратара Юстыніяна I. Улетку 569 году лянгабарды, скарылі горад, перабіўшы невялікі бізантыйскі гарнізон, пакінуты дзеля абароны. Некаторыя рымскія пабудовы ўсё яшчэ выкарыстоўваліся падчас панаваньня лянгабардаў. Мілян быў захоплены Карлам Вялікім у 774 годзе.
Сярэднявечча
У VIII стагодзьдзі Мілян стаў часткай Сьвятой Рымскай імпэрыі. У сярэднія вякі Мілян стаў буйным гандлёвым цэнтрам з-за свайго зручнага геаграфічнага становішча (ён разьмяшчаўся на пладавітай раўніне ракі По, стаяў на гандлёвых шляхах). У XI стагодзьдзі назіралася павелічэньне моцы мясцовых фэадалаў, што значна скараціла ўладу германскага імпэртара ў рэгіёне. Мілян скарыў Лёдзі і пачаў вайну супраць Павіі, Крэмоны і Кома, апошнія зь якім выклівалі на дапамогу Фрыдрыха Барбаросу. У 1162 годзе ў выніку захопніцкай вайны Фрыдрыха большая частка Міляну была разбураная, горад таксама пацярпеў ад моцнага пажару. Пасьля заснаваньня Лямбардзкай лігі ў 1167 годзе Мілян стаў ейным цэнтрам. У 1183 годзе Мілян стаў цэнтрам герцагства паводле Констанцкай дамовы, якая па сутнасьці даравала гарадам Лямбардыі шырокую аўтаномію. У 1447 годзе памёр апошні мілянскі герцаг з роду Філіп Марыя Вісконці, не пакінуўшы нашчадкаў мужчынскага полу. У Міляне была створана Амбразіянская рэспубліка, якая атрымала сваю назву ад сьвятога Амброзыя, папулярнага апекуна гораду. Партыі гвэльфаў і гібэлінаў працавалі разам на карысьць новаўтворанай рэспублікі, аднак у хуткім часе ў 1450 годзе яна была заваяваная Франчэска I Сфорца, дынастыя якіх зрабіла Мілян адным зь вядучых гарадоў італьянскага Адраджэньня[5].
Апошні незалежны кіраўнік Міляна, Лядавіка Сфорца, запрасіў францускага караля Карла VIII у Італію ў надзеі, што Францыя можа стаць ягоным хаўрусьнікам у барацьбе супраць іншых італьянскіх малых дзяржаваў. Будучы кароль Францыі Людовік Арлеанскі, прыняў удзел у экспэдыцыі і зразумеў, што Італія была практычна безабаронная. Гэта заахвоціла яго вярнуцца сюды празь некалькі гадоў у 1500 годзе, і аб’явіць пра свае правы на сталец герцагства Мілян, бо ягоная бабуля паходзіла зь сям’і Вісконці, былых кіраўнікоў гораду. У той час Мілян выкарыстоўваў паслугі швайцарскіх наймітаў. Пасьля перамогі ягонага пераемніка Францыск I над мілянцамі і швайцарскімі наймінамі ў бітве пры Марыньяна герцагства пад кантроль францускай кароны. Аднак, перамога гішпанскага імпэратара Карла V Габсбурга над Францыскам I у бітве пры Павіі ў 1525 годзе падчас італьянскіх войнаў, вызначыў далейшы ўплыў на Мілян з боку Габсбурскай дынастыі[6].
На працягу XV—XVIII стагодзьдзяў Мілян пераходзіў пад уплыў Францыі, Аўстрыі ды Гішпаніі. Пасьля пераходу ў 1815 годзе пад уплыў Аўстрыі Мілян стаў цэнтрам опэрнага мастацтва. Вольфганг Амадэй Моцарт напісаў тут тры свае опэры. Празь некалькі гадоў Ля Скаля стаў самым вядомым тэатрам у сьвеце: Расіні ды Вэрдзі прадстаўлялі свае опэры тут.
Узьяднаньне
18 сакавіка 1848 году мілянцы паўсталі супраць аўстрыйскага панаваньня, падчас гэтак званых «Пяці дзён», і аўстрыйскі фэльдмаршал Ёзэф Радэцкі быў вымушаны часова сысьці з гораду. У паўстаньне ўмяшалася Каралеўства Сардынія дзеля дапамогі паўстанцам. Пасьля паводле вынікаў плебісцыту, праведзенага ў Лямбардыі, вобласьць была аб’яднаная з Сардыніяй. Пасьля перамогі Радэцкага ў бітве пры Кустоцы над сардынскім войскам 24 ліпеня 1848 году, Аўстрыя аднавіла кантроль над Мілянам і паўночнай Італіяй. Аднак, празь некалькі гадоў італьянскія нацыяналісты зноўку заклікалі да выгнаньня аўстрыйцаў зь Лямбардыі і аб’яднаньня Італіі. Сардынія і Францыя склалі зьвяз супраць Аўстрыі і атрымалі перамогу ў вырашальнай бітве пры Сальфэрына ў 1859 годзе[7]. Пасьля гэтага Мілян і астатняя частка Лямбардыі былі ўключаныя ў склад Каралеўства Сардыніі, якое неўзабаве набыла кантроль над большай часткай Італіі і ў 1861 годзе была перайменавана ў Каралеўства Італіі.
Палітычнае аб’яднаньне Італіі замацавала вядучае становішча Міляну на поўначы краіны, горад стаў камэрцыйным цэнтрам поўначы Італіі. Гэта таксама прывяло да будаўніцтва чыгункі, якая пачалася яшчэ за аўстрыйскім часам (напрамкі Вэнэцыя—Мілян і Мілян—Монца), што зрабіла Мілян чыгуначным вузлом паўночнай Італіі. З адкрыцьцём чыгуначных тунэляў Мілян стаў галоўным паўднёваэўрапейскім чыгуначным цэнтрам пасажырскіх перавозак. Індустрыялізацыя і пашырэньне рынкаў дазволіла Міляну стаць вядучым прамысловым цэнтрам рэгіёну. У 1890-я гады Мілян стаў сьведкам гвалту Бава-Бэкарыса, то бок бунту ў сувязі з высокім узроўнем інфляцыі. Між тым, мілянскія банкі сталі дамінуючымі ўстановамі ў фінансавай сфэры ўсёй Італіі, а горад стаў вядучым фінансавым цэнтрам краіны.
Мілянскае разьмяшчэньне на поўначы краіны бліжэй да астатняй Эўропы забясьпечыла вядучую ролю гораду на палітычнай сцэне. Менавіта ў Міляне Бэніта Мусаліні пабудаваў сваю палітычную і журналісцкую кар’еру, і ягоныя фашыстоўскія чорнакашульнікі ўпершыню згуртаваліся на пляцу Сан-Сэполькра. Менавіта адсюль будучы дыктатар распачаў свой знакаміты марш на Рым 28 кастрычніка 1922 году. Празь вялікую колькасьць буйных прамысловых і транспартных аб’ектаў за часам Другой сусьветнай вайны горад трываў бамбаваньні з боку авіяцыі хаўрусьнікаў, праз што бомбы частам траплялі ў жылыя раёны[8]. Калі Італія капітулявала ў 1943 годзе, нямецкія войскі занялі і разрабавалі большую частку паўночнай Італіі, распальваючы нараджэньне маштабнага партызанскага руху[9]. 29 красавіка 1945 году амэрыканская 1-я бранятанкавая дывізія першай увайшла ў Мілян, але яшчэ да таго рух італьянскага супраціву захапіў горад і пакараў сьмерцю Мусаліні і ягоную палюбоўніцу поруч зь некалькімі афіцэрамі фашыстоўскага рэжыму.
Паваенны час
За часам паваеннага эканамічнага буму, перабудовы і гэтак званага італьянскага эканамічнага цуду Мілян зьведаў вялікую хвалю ўнутранай міграцыі, асабліва зь сельскай мясцовасьці Паўднёвай Італіі. Насельніцтва павялічылася з 1,3 мільёнаў у 1951 годзе да 1,7 мільёнаў у 1967 годзе[10]. У гэты пэрыяд Мілян хутка будаваўся, то бок тут былі пабудаваныя мадэрновыя і інавацыйныя хмарачосы Торэ Вэляска і вежа Пірэльлі, якія неўзабаве сталіся сымбалямі новай эры дабрабыту[11]. Эканамічны росквіт запаволіўся ў канцы 1960-х і пачатку 1970-х гадоў, і ў гэты час места стала сьведкам беспрэцэдэнтнай хвалі вулічнага гвалту, працоўных страйкаў і палітычнага тэрарызму. Знакавай падзеяй гэтага часу ўзрушэньня быў выбух ля Нацыянальнага аграрнага банку на пляцу Фонтану 12 сьнежня 1969 году. У выніку загінулі 17 чалавек, а яшчэ 88 былі параненыя.
У 1980-х, зь міжнародным посьпехам мілянскіх модных дамоў, як то Армані, Прада, Вэрсачэ і Дольчэ-Габана, Мілян стаў адной з сусьветных сталіцаў моды. У горад павялічыўся міжнародны турызм, у прыватнасьці з ЗША і Японіі. У гэты ж час як фондавая біржа павялічыла рынкавую капіталізацыю больш чым у пяць разоў[12]. У 1990-я гады Мілян моцна пацярпеў ад апэрацыі паліцыі, калі шматлікія палітыкі і бізнэсоўцы былі выкрытыя і асуджаныя за карупцыю. Мілян зьведаў сур’ёзны фінансавы крызіс, а таксама зьніжэньне вытворчасьці тэкстылю, аўтамабіляў і сталі[11]. Праекты Бэрлюсконі, вядомыя пад назовамі Мілян-2 і Мілян-3, былі найважнейшымі жыльлёвымі праектамі 1980-х і 1990-х гадоў, якія надалі гораду новую эканамічную і сацыяльную энэргію. У пачатку XXI стагодзьдзя ў Міляне быў зладжаны шэраг рэнавацыйных праектаў велізарных колішніх прамысловых раёнаў[13]. Два новыя бізнэсовыя раёны, Порта-Нуова і Сіцілайф, былі ўзьведзеныя на працягу дзесяцігодзьдзя, што кардынальна зьмяніла гарадзкі ляндшафт. Гарадзкі выставачны цэнтар пераехаў у прадмесьце Ро. Доўгае зьніжэньне ў галіне традыцыйнай вытворчасьці кампэнсавалася разьвіцьцём і буйненьнем сфэры выдавецкай дзейнасьці, фінансаў, банкаўскай справе, модзе, інфармацыйных тэхналёгіяў, лягістыцы і турызму[14]. Пасьпяховы рэбрэндынг гораду як глябальнай сталіцы інавацыяў паспрыяў таму, што Мілян стаў месцам арганізацыі міжнародных мерапрыемстваў. Гэтак у горадзе ладзілася міжнародная выстава Экспа-2015. У 2026 годзе Мілян будзе ладзіць зімовыя Алімпійскія гульні.
Геаграфія
Мілян разьмешчаны ў паўночна-заходняй частцы даліны ракі По, прыкладна на паўдарозе паміж ракой По на поўдні і ў перадгор’ях Альпаў зь вялікай колькасьцю азёраў на поўначы, як то Кома, Маджорэ, Люгана, і ракой Тычына на захадзе і Ада на ўсходзе. Максымальная вышыня гораду складае ўсяго 122 мэтраў над узроўнем мора.
Адміністрацыйная камуна займае плошчу каля 181 км², а аглямэрацыя Міляну ахоплівае 1575 км². У цэнтры гораду месьціцца старажытная гарадзская сыстэма суднаходных каналаў Навільлі[15]. За апошнія стагодзьдзі горад пашыраўся ў асноўным на поўнач, паглынаючы шмат камунаў і амаль дасягнуў местаў Варэзэ, Кома, Лека і Бэргама[16].
Клімат
Паводле Кёпэнскай кліматычнай клясыфікацыі Мілян мае вільготны субтрапічны клімат. Ён вельмі падобны на большую частку раўніннай Паўночнай Італіі, то бок мае гарачае і вільготнае лета і халодную туманную зіму. Альпы і Апэнінскія горы ўтвараюць натуральны бар’ер, які абараняе горад ад паветранных масаў з Паўночнай Эўропы ды мора[17].
Узімку дзённая сярэдняя тэмпэратура можа апускацца ніжэй тэмпэратуры замярзаньня, што прыводзіць да выпадзеньня сьнегу. Гістарычна сьнежнае покрыва звычайна складае да 25 сантымэтраў у пэрыяд паміж 1961 і 1990 гады. Рэкордны слой сягаў 90 сантымэтраў у студзені 1985 году. У прадмесьцях гораду сярэдні паказьнік покрыва можа складаць 36 сантымэтраў. Прыкладна сем дзён на год лічацца сьнежнымі ў Міляне[18]. Узімку горад часта ахутаны густым туманам, але апошнім часам у самім месьце такая зьява значна паменшылася ў XX стагодзьдзі. Узровень забруджваньня паветра значна павышаецца ў зімовы час, калі халоднае паветра чапляецца глебы, у выніку чаго Мілян робіцца адным з самых забруджаных гарадоў Эўропы[19][20].
Лета ў Міляне звычайна гарачае з высокай ступеньню вільготнасьці. Пікавая тэмпэратура сягае 35 °C. Праз высокую вільготнасьць, гарадзкога цеплавога эфэкту і браку ветру, уноч у Міляне можа быць парнасьць у летнія месяцы[21]. Летам звычайна яснае неба, а колькасьць сонечнага часу складае больш за 13 гадзінаў на дзень[22]. Ападкі звычайна суправаджаюцца навальніцамі ці градам[22]. Вясна і восень мяккія зь сярэднімі тэмпэратура ў межах ад 10 °С да 20 °С. Гэтыя сэзоны характарызуюцца большай колькасьцю ападкаў, асабліва ў красавіку і траўні[23]. Адносная вільготнасьць звычайна вагаецца ад 45% і 95% на працягу года, рэдка апускаючыся ніжэй за 27%[22]. Вецер, як правіла, адсутнічае за выключэньнем летніх навальніцаў, калі вецер можа дзьмуць даволі моцна. Праз сваё геаграфічнае разьмяшчэньне Мілян, аточаны гарамі з трох бакоў, уваходзіць да ліку найменш ветраных гарадоў Эўропы[22].
Кліматычныя зьвесткі для Міляну | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказьнік | Сту | Лют | Сак | Кра | Тра | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сьн | Год |
Абсалютны максымум t, °C | 21,7 | 23,8 | 26,9 | 32,4 | 35,5 | 36,6 | 37,2 | 36,9 | 33 | 28,2 | 23 | 21,2 | 27,2 |
Сярэдні максымум t, °C | 5,9 | 9 | 14,3 | 17,4 | 22,3 | 26,2 | 29,2 | 28,5 | 24,4 | 17,8 | 10,7 | 6,4 | 17,7 |
Сярэдняя t, °C | 2,5 | 4,7 | 9 | 12,2 | 17 | 20,8 | 23,6 | 23 | 19,2 | 13,4 | 7,2 | 3,3 | 13 |
Сярэдні мінімум t, °C | −0,9 | 0,3 | 3,8 | 7 | 11,6 | 15,4 | 18 | 17,6 | 14 | 9 | 3,7 | 0,1 | 8,3 |
Абсалютны мінімум t, °C | −15 | −15,6 | −7,4 | −2,5 | −0,8 | 5,6 | 8,4 | 8 | 3 | −2,3 | −6,2 | −13,6 | −15,6 |
Норма ападкаў, мм | 58,7 | 49,2 | 65,0 | 75,5 | 95,5 | 66,7 | 66,8 | 88,8 | 93,1 | 122,4 | 76,7 | 61,7 | 920,1 |
Вільготнасьць, % | 86 | 78 | 71 | 75 | 72 | 71 | 71 | 72 | 74 | 81 | 85 | 86 | 77 |
Крыніца: Мэтэаралягічная служба, Вайсковыя-паветранныя сілы Італіі |
Дэмаграфія
У межах гораду (Comune di Milano) жывуць 1 295 989 чалавек (ліпень 2008)[24]. Пасьля 1971 году насельніцтва гораду паменшылася амаль утрая, у першую чаргу з-за расьсяленьня ў прыгарады і працэсу дэіндустрыялізацыі.
Культура
Музыка
Мілян буйны нацыянальны і міжнародны цэнтар выканаўчага мастацтва, у першую чаргу опэру. У Міляне месьціцца опэрны тэатар Ля Скаля, які зважаецца адным з самых прэстыжных у сьвеце[26]. Менавіта ў ім ставіліся прэм’еры шматлікіх сусьветна выбітных опэраў, як то «Набука» Джузэпэ Вэрдзі ў 1842 годзе, «Джаконда» Амількарэ Панк’ельлі, «Мадам Батэрфляй» у 1904 годзе і «Турандот» у 1936 годзе Джакама Пучыні. Сярод нядаўніх новых пастановак вылучаецца «Тэнэке» працы Фабіё Вакі, якая была пастаўленая ў 2007 годзе. Іншымі буйнымі тэатрамі Міляну ёсьць Тэатар Арчымбольдзі, Тэатар Даль Вэрмэ, Тэатар Лірыка. Адной толькі опэрай музычнае жыцьцё гораду не абмяжоўваецца, то бок у Міляне працуе вядомы сымфанічны аркестар і музычная кансэрваторыя. Шматлікія слынныя кампазытары і музыкі жылі і працавалі ў горадзе. Зь іх ліку варта вылучыць Джузэпэ Кайма, Барталямэо Тарэзана, Джузэпэ Вэрдзі, Джуліё Гацьці-Казацца ды іншыя. У горадзе паўставалі музычны гурты Camerata Mediolanense, Krisma, Premiata Forneria Marconi, Stormy Six і Le Vibrazioni.
Мода і стыль
Мілян зважаецца сусьветнай сталіцай у галіне прамысловага дызайну, моды і архітэктуры[27]. У 1950-я і 1960-я гады як галоўны прамысловы цэнтар Італіі і адзін з самых дынамічна разьвіваных гарадоў Эўропы Мілян стаў сусьветнай сталіцай дызайну і архітэктуры. У 1952 годзе адбылася рэвалюцыйны зрух, гэтак яшчэ ў 1952 годзе мілянскі экспарт моды складаў 726 мільёнаў даляраў, а ужо да 1955 году гэты паказьнік узрос да 72,5 мільярдаў даляраў[28]. Менавіта ў гэтыя часы паўсталі сучасныя хмарачосы, як то вежа Пірэльлі і Торэ Вэляска, а ў горадзе працавалі такія мастакі і дызайнэры, як то Бруна Мунары, Лючыё Фантана, Энрыка Кастэляні і П’ера Манцоні[29]. Сёньня Мілян па-ранейшаму захоўвае свой статус, у тым ліку вырабляючы якасную мэблю і дызайны інтэр’ераў. У Міляне месьціцца сядзіба фірмы Ф’ера Міляна, якая ёсьць найбуйнейшай кампаніяў у Эўропе ў арганізацыі кірмашоў і выставаў. У горадзе стала ладзіцца Мілянская мэблевая выстава — адная з самых прэстыжных міжнародных выставаў і кірмашоў мэблі і дызайну[30].
Мілян таксама лічыцца адной з сусьветных сталіцаў моды поруч зь Нью-Ёркам, Парыжам і Лёнданам[31]. Горад зважаецца сынонімам італьянскай індустрыі прэт-а-партэ[32]. Тут месьцяцца сядзібы такіх модных брэндаў, як то Валентына, Вэрсачэ, Прада, Армані, Дольчэ-Габана, але гэтыя кампанія не адзіныя, хто працуе ў Міляне. Два разы на год ладзіцца Мілянскі тыдзень моды, якое лічыцца адной з найважнейшых падзеяў у міжнароднай індустрыі моды[33]. Месцам модных гандлёвых крамаў і бутыкоў ёсьць Квартал моды. У дадатак брэнды маюць свае крамы ў вядомым і адным з найстарэйшым гандлёвым цэнтры Галерэя Віктара Эмануіла II[34].
Глядзіце таксама
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.