Лаўрэнці Зізані[3] (сапр. Тустаноўскі; 20 сакавіка 1550[4] — 1634(?)) — пэдагог-гуманіст, царкоўны дзяяч, мовазнаўца, перакладчык; брат Стафана Зізанія.
Лаўрэнці Зізані лац. Laŭrenci Zizani | |
Дата нараджэньня | 20 сакавіка 1550[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 1634 |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | Астроская славяна-грэка-лацінская школа |
Занятак | філёляг |
Навуковая сфэра | Мовазнаўства |
Месца працы | Віленская брацкая школа |
Гады дзейнасьці | 1596[2] |
Заслуга Лаўрэнція Зізанія ў стварэньні навукова-пэдагагічнай літаратуры, што адкрывала шлях да сьвецкай адукацыі. Асаблівае значэньне мела яго творчасьць, у якой пашыраліся гуманістычныя погляды на шэраг зьяваў у прыродзе і быў новы падыход да вывучэньня праблем мовы ў брацкіх школах Беларусі і Ўкраіны[5].
Біяграфія
Паводле адных зьвестак, паходзіў з дробнай шляхты Троцкага ваяводзтва, паводле іншых — зь мястэчка Тустыню на Валыні. Адукацыю атрымаў у Астроскай школе на Валыні. Працаваў настаўнікам царкоўнаславянскай і грэцкай моваў у Львоўскай (да 1592 году), Берасьцейскай (1592—1595), Віленскай (1595—1597) брацкіх школах.
Калі быў у Берасьці, падрыхтаваў азбуку зь «Лексісам» і «Грамматыку славенскую», выдадзеныя ў 1596 годзе ў друкарні Віленскага Сьвятадухаўскага брацтва. Зьвярнуў на сябе ўвагу многіх князёў, якія імкнуліся даць добрую адукацыю сваім дзецям. У 1597—1600 гадох быў хатнім настаўнікам ў крычаўскага старосты Б. Саламярэцкага ў маёнтку Баркулабаве, потым 2 гады працаваў у князя А. К. Астроскага. Па яго сьмерці нейкі час служаў сьвятаром у Яраслаўскай царкве на Валыні. У 1612 годзе атрымаў запросіны быць хатнім настаўнікам да дзяцей князя Я. Карэцкага ў маёнтак Карэц на Валыні. Каб забясьпечыць настаўніка матэрыяльна, князь запісаў на Зізанія вёску з фальваркам, млынам, царквой і некалькімі дзялянкамі зямлі. 18 траўня 1618 году Зізані выступіў на пахаваньні княгіні Соф’і Чартарыйскай з казаньнем, якое мела характар павучаньня пра нормы паводзінаў. Выкарыстаўшы досьвед лацінскай гамілетыкі і антычнай філязофіі, ён выступіў і супраць этычных поглядаў Эпікура. У 1619 годзе архімандрыт Елісей Пляцінецкі запрасіў Зізанія ў Кіева-Пячэрскую лаўру, дзе ён адразу заняў адпаведнае месца ў вучоным гуртку, працаваў настаўнікам у школе і рэдагаваў кнігі, якія рыхтаваліся да выданьня ў друкарні, займаўся перакладамі з грэцкай мовы. Там ён пераклаў і адрэдагаваў «Беседы св. Иоанна Златоуста на Посланіе св. апостола Павла» (Кіеў, 1623), «Толкованія на Апокаліпсісъ св. Андрея Кесарійскаго» (Кіеў, 1625). У прадмове да апошняй сучасьнікі і калегі далі высокую ацэнку дзейнасьці і ведам Зізанія, адзначалі яго аўтарытэт як мовазнаўцы і прапаведніка.
У 1620—1623 гадох, верагодна, працаваў над «Катэхізісам вялікім», аднак ня здолеў выдаць яго ў Кіеве, бо ў Вялікім Княстве Літоўскім распачалося зацятае змаганьне паміж прыхільнікамі Канстантынопальскага патрыярхату і Берасьцейскай уніі. З гэтай прычыны надумаў паспрабаваць надрукаваць кнігу ў Маскве. Разам з сваімі сынамі Іванам і Аляксандрам у красавіку 1626 году прыехаў у Пуціўль і заявіў, нібы ў Рэчы Паспалітай яго прыгняталі, таму ён едзе зь лістамі да маскоўскага гаспадара і патрыярха. Пра рукапіс «Катэхізіса» нічога ня сказаў, бо ведаў, зь якім недаверам ставілася маскоўскае духавенства да рукапісаў і кніг з Украіны і Беларусі (Вялікалітвы). Празь месяц Зізанію з сынамі дазволілі ехаць ў Маскву. Гаспадар і патрыярх узялі іх на ўтрыманьне. Зізані часта сустракаўся з маскоўскім гаспадаром Міхаілам Фёдаравічам і патрыярхам Філярэтам, што сьведчыць пра добрае стаўленьне да яго і вялікую пашану з боку высокіх асобаў Маскоўскай дзяржавы. Дзеля друкарскай справы Зізані атрымаў 150 рублёў. У студзені 1627 году разам з Ц. Аладзіным і перакладчыкам Б. Багамольцавым наведаў друкарскі двор. Пра тое, што «Катэхізіс» быў надрукаваны ў Маскве, сьведчыць апісаньне бібліятэкі патрыярха Філярэта і «Запісная кніга маскоўскага друкарскага архіву», у якой ёсьць зьвесткі, што друкаваньне кнігі закончана каля 27 студзеня 1627 году.
19 лютага 1627 году вярнуўся ў Кіеў, дзе разам з слуцкім пратапопам А. Мужылоўскім мусіў быў разгледзець кнігу Мялецкія Сматрыцкага «Апалёгія», выдадзеную на польскай мове ў Львове. На Кіеўскім саборы 13 жніўня 1628 выклаў супраць аўтара кнігі 105 пунктаў абвінавачаньня, і М. Сматрыцкаму давялося прызнаць крытыку і пакаяцца.
Апошняе ўпамінаньне пра Зізанія адносіцца да 8 лютага 1634 году у Луцкай гарадзкой кнізе, дзе пазначаецца, што ён праз свайго сябра М. Федаровіча зьвярнуўся да намесьніка Луцкага староства М. Крынскага з нагоды юрыдычнага абгрунтаваньня ягонага права на маёмасьць, адпісаную яму князем Я. Карэцкім. Сам Зізані на той час быў хворы і слабы. Гэты дакумэнт сьведчыць, што асьветнік быў небагатым чалавек, усе жыцьцё працаваў і жыў за кошт сваіх мэцэнатаў.
Працы
Азбука і слоўнік беларускае мовы
Азбука Зізанія («Навука ку чытаню і разуменю пісьма славенскага») умоўна падзяляецца на 3 часткі: матэрыял, які навучае чытаць і пісаць; дапаможны лексычны матэрыял; царкоўныя палемічныя тэксты і малітвы. Таму кніга магла выкарыстоўвацца і ў царкоўным, і ў сьвецкім навучаньні. Складальнікам першых дзьвюх частак быў Лаўрэнці Зізані, апошняй — Стафан Зізані. Пры выданьні «Азбукі» выкарыстоўваліся клішэ з выданьняў Францішка Скарыны.
«Лексіс» («ЛЕКСИС Си́рЂчъ РечéнїА, ВъкрáтъцЂ събрáн(ъ)ны. И из слове(н)скаго язьíка, на прóсты(й) Рýскій ДіА́ле(к)тъ Истол(ъ)ковáны. Л, Z.») — гэта царкоўнаславянска-беларускі слоўнік (1061 слова), у якім царкоўнаславянскія («славенскія») словы тлумачацца з народнай гутарковай мовы, а таксама прыводзяцца разнастайныя зьвесткі з ваеннай гісторыі, праўнага становішча розных сацыяльных групаў насельніцтва, зь філязофіі, геаграфіі, этнаграфіі, біялёгіі, мэдыцыны. Слоўнік Зізанія — сьведчаньне яго рацыяналістычнага падыходу да вывучэньня розных зьяваў рэчаіснасьці; адна з крыніц уяўленьня пра ўзровень тагачасных ведаў пра разьвіцьцё рамёстваў, пра прафэсіі, вырабы і гандаль у сярэднявечных гарадох. Яго гуманістычныя тэндэнцыі выявіліся ў раскрыцьці ўсяго навучальнага мэтаду для простых людзей. Тлумачэньні, якія Зізані робіць у сваім слоўніку, далёкія ад навуковага аналізу ўсіх зьяваў і паняцьцяў, але ён імкнецца проста, без спасылак на звышнатуральныя сілы растлумачыць многія словы і паняцьці, што ў пэўнай ступені набліжае яго да матэрыялістычнага кірунку мысьленьня. Слоўнік Зізанія — значная культурна-асьветніцкая зьява ў гісторыі Беларусі.
«Граматыка славенская»
«Граматыка славенская» («Грамматіка словенска съвершеннаго искуства осми частій слова…») складаецца з уводзін, артаграфіі, этымалёгіі, прасодыі. Сынтаксіс даецца невялікімі часткамі ва ўсіх разьдзелах. У кнізе на кожнае правіла прыводзіцца шмат прыкладаў і практыкаваньняў дзеля замацаваньня навучальнага матэрыялу. На першых старонках вучням тлумачыцца неабходнасьць сьвецкіх ведаў. Сам Зізані лічыў гэтую кнігу тым падмуркам, на якім можа трымацца далейшае вывучэньне розных навук. Імкнучыся па-філязофску асэнсаваць ролю граматыкі як навукі ў сярэднявечнай сыстэме ведаў, раскрываў арганічную сувязь граматыкі з рыторыкай, філязофіяй і багаслоўем, праяўляў цікавасьць да розных філязофскіх праблемаў, якія бралі свой пачатак ад антычных вучоных, зьвяртаўся да спадчыны Арыстоталя, Эпікура, Катона Старэйшага ды іншых. Вывучэньне антычнасьці ўзбагачала сьветапогляд вучонага-пэдагога, давала магчымасьць па-новаму падысьці да разьвязаньня розных праблем.
Выданьне «Грамматыкі славенскай» замацавала агульнаграмадзкую думку пра неабходнасьць вывучэньня «сямі вольных мастацтваў», падкрэсьлівала іх вялікую ролю ў разьвіцьці адукацыі.
«Катэхізіс вялікі» і сьветапогляд аўтара
«Катэхізіс вялікі» выкладае ня толькі догматы праваслаўя ў пытаньнях і адказах, але і веды з гісторыі, прыродазнаўства, астраноміі ды іншых навукаў. Рукапіс кнігі быў на беларускай мове (захаваліся зьвесткі пра выдадзены ў Вільні ў 1595 годзе праваслаўны катэхізіс Стафана Зізанія на дзьвюх мовах у адной кнізе — польскай і старабеларускай — вэрсію якога, з усяго відаць, Лаўрэнці Зізані прывёз у Маскву[6]). Пры выданьні на царкоўнаславянскай мове[7] ў Маскве «Катэхізіс» істотна перапрацавалі. Аднак яго ўсё адно не прызнала Маскоўская царква, таму патрыярх маскоўскі Філярэт загадаў спаліць усе надрукаваныя кнігі. Захавалася толькі 5 дэфэктавых экзэмпляраў, а новыя выданьні (1783, 1787 і 1788, Горадня; 1784, Пскоў) зазналі значную рэдакцыйную праўку і недакладна перадаюць погляды аўтара.
Сьветапогляд Лаўрэнція Зізанія найбольш яскрава выявіўся пры абмеркаваньні «Катэхізіса» ў Маскве 18—19 лютага 1627 году. У гэтым абмеркаваньні ад імя і на даручэньне патрыярха Філярэта бралі ўдзел ігумен Маскоўскага Богаяўленскага манастыра Ільля, кніжны спраўнік Р. Анісімаў, князь І. Б. Чарскі і думны дзяк Ф. Ліхачоў. Маскоўскае духавенства, як гэта відаць з пратакола паседжаньня, добра падрыхтавалася да дыспуту, таму вытрымаць дыскусію было цяжка. Зізані ня меў гарантыяў і ад таго, што зь ім не расправяцца, як з гератыком. Дасьведчаны і ўпэўнены ў ведах, Лаўрэнці Зізані на першым паседжаньні трымаўся свабодна і нават гарачыўся. На паседжаньні ў ніжняй палаце аўтар усе хібы ў кнізе звальваў на перакладчыка. Пры абмеркаваньні «Катэхізіса» Зізані спрабаваў абагаўляць самога чалавека, узяўшы для гэтага ідэю пра самаўладзьдзе з Другазаконьня. Але прадстаўнікі патрыярха Філярэта адхілілі яго прапанову. У поўнай згодзе з Другазаконьнем і царкоўнай традыцыяй Зізані заявіў маскоўскім апанэнтам, што «самовластиемъ человекъ обращается къ добродетелемъ, яко же и злобамъ. Им же самовластиемъ почтенъ бысть Адамъ отъ бога». Зізані быў пэўным у сіле розуму і душы чалавека, лічыў, што чалавек створаны Богам і ёсьць гаспадаром самога сябе. Гэта ідэя пераклікаецца з ідэямі гуманістаў Італіі.
Маскоўскія царкоўнікі, якія строга сачылі за дагматамі трыадзінства Божае існасьці, зьвінавацілі Зізанія ў замаху на адзінства Тройцы, падзяліўшы яе на тры часткі і паставіўшы Бога-бацьку вышэй за ўсіх. Зізані проста заяўляў: «Тако азъ исповедую Отецъ есть начало всему божеству сиречъ сыну і духу святому». Але пазьней пад націскам маскоўскіх апанэнтаў, якія зьвінавацілі Зізанія ў герасі, яму давялося адступаць. Зразумеўшы свае небясьпечнае становішча, Зізані стаў паводзіць сябе больш стрымана, спрабаваў апраўдвацца ў памылках і заявіў, што прыехаў у Маскву навучацца, дзякаваў за выпраўленьне яго кнігі. З пратакола дыспуту відаць, што абодва бакі добра ведалі грэцкую філязофію.
У «Катэхізісе» Зізанія знайшлі месца і тагачасныя прыродазнаўчыя веды. Сьветапогляд Зізанія характарызуе рацыяналістычны падыход да тлумачэньня розных зьяваў прыроды. На заўвагу, што некаторыя зьвесткі ў «Катэхізісе» запазычаны з астралёгіі, якая ўзятая ад вешчуноў елінскіх і ідаласлужыцеляў, Зізані адказаў: «Ни по звездамъ правленія житію нашему, толко азъ написалъ вѣдомости ради, чтобы человѣкъ ведалъ яко есть тварь божія, а то и мы о том немудрствуемъ, чтобы звездамъ правитися житію нашему». Вядома, прыродазнаўчыя зьвесткі Зізанія далёкія ад навуковых, але ў іх выявіліся рацыяналістычны падыход да тлумачэньня гэтых зьяваў, імкненьне пашырыць кола чалавечых ведаў. Дзейнасьць Лаўрэнція Зізанія ішла ў рэчышчы рэфармацыйнага руху. Гэтым і багатай эрудыцыяй тлумачацца яго рацыяналістычнае стаўленьне да пэўных зьяваў прыроды і грамадзкага жыцьця. Сьветапогляд Зізанія быў дуалістычны. З аднаго боку, вучоны схіляўся да тэалёгіі, з другога — выказваў рацыяналістычныя думкі, якія былі вынікам высокай эрудыцыі. Маскоўскае духавенства не магло пагадзіцца з такімі думкамі, бо гэта пярэчыла тэалягічным поглядам пра будову сусьвету й Бібліі.
Літоўская мова
На першай старонцы «Катэхізісу вялікага» Лаўрэнці Зізані даў наступнае тлумачэньне назвы кнігі: «Книга, глаголемая по-гречески катехизис, по-литовски оглашение, русским же языком нарицается беседословие» і такім парадкам атаясаміў літоўскую мову з старабеларускай, а рускую — з царкоўнаславянскай. Праз год маскоўскі гаспадар Міхаіл I Раманаў пытаўся ў яго: «По литовскому языку как вы говорите „собра“?», на што асьветнік адказваў: «Тожде и по литовскому языку „собра“»[8][9].
Расейскі царкоўны гісторык, археограф і бібліёграф Яўген (Балхавіцінаў)(ru) у сваім слоўніку (1827 год) азначаў «Катэхізіс вялікі» Лаўрэнція Зізанія як ад пачатку «напісаны на літоўскай мове» (рас. «писанный <...> на Литовском языке»)[10], такое азначэньне гэтага выданьня як ўкладзенага «на літоўскай мове» даў яшчэ ў 1822 годзе расейскі выдавец і філёляг Мікалай Грэч(be)[11].
У 1849 годзе расейскі этнограф Іван Сахараў(ru) апублікаваў царкоўнаславянска-беларускі слоўнік Лаўрэнція Зізанія пад назвай «Літоўска-рускі слоўнік» (рас. «Литовско-русский словарь»)[12], у 1869 годзе ў часопісе Филологические записки(ru) адзначалася: «Слоўнік Л. Зізанія належыць да літоўскай пісьменнасьці. У ім славянскія словы, іншаземныя тлумачацца літоўскай мовай, бо і сам складальнік быў родам зь Літвы»[13], а ў 1872 годзе пісьменьнік і пэдагог Аляксандар Чудзінаў(ru) пісаў пра слоўнік Л. Зізанія, што «аўтар родам зь Літвы, таму ўсе тлумачэньні словаў ім робяцца на літоўскай мове» (рас. «Так как автор родом из Литвы, то и все объяснения слов им делаются на Литовском языке»)[14].
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.