Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Катру́шніцкі ле́мезень — умоўная мова шапавалаў мястэчка Дрыбін Магілёўскай вобласьці.
Катру́ха — назва магеркі на гэтай мове, лемезень — тайная мова[1][2].
Дакладны час зьяўленьня мовы невядомы[3]. Мова была прыдуманая шапаваламі мястэчка Дрыбін дзеля сакрэтнасьці падчас адыходніцтва ў іншыя мястэчкі, бо шапавалы працавалі ў дамох заказчыка[4]. Першыя дасьледаваньні мовы былі зробленыя Еўдакімам Раманавым у 1889 годзе, і апублікаваныя ў 1890 годзе ў першым нумары часопіса Імпэратарскага геаграфічнага таварыства «Живая старина(ru)»[5]. Мова знаходзілася ва ўжываньні і пасьля заняпаду шапавальскага рамяства, шырока ўжывалася прынамсі да сярэдзіны XX стагодзьдзя. Да цяперашняга часу ў мове жыхароў Дрыбіна захоўваюцца асобныя словы катрушніцкага лемезьня[6]. У 2012 годзе Беларусь рыхтавала заяўку на ўключэньне шапавальства й катрушніцкага лемезьня (як яго спэцыялізаванай тэрміналёгіі) ў сьпіс нематэрыяльных каштоўнасьцяў ЮНЭСКО[7][8].
Паводле Еўдакіма Раманава, лексычны склад мовы налічваў блізу 915 словаў, і ахопліваў 13 паняційных групаў[4]. Словаўтварэньне часьцей за ўсё адбывалася шляхам зьмяненьня звычайных беларускіх словаў. Дадаваліся прыстаўкі ку ці шу са зьменай, паводле агульных законаў фанэтыкі, пачатковых галосных, са скарачэньнем альбо прыбіраньнем галосных, напрыклад: кухерэдні — сярэдні, шухлець — клець, шусень — восень, шуйма — яма. У некаторых словах перастаўляліся склады, напрыклад: ласома — салома; у некаторых зьмяняецца канчатак з устаўкай новага суфікса: сівымны — сівы, любжаць — любіць, чыторыць — чытаць. У слове трыполем дадаецца прыстаўка тры (поле)[3].
Уласных скланеньняў і спражэньняў лемезень ня мае, выкарыстоўваюцца агульныя беларускія формы, таксама выкарыстоўваюцца беларускія злучнікі й прыназоўнікі[3][9]. Уласных ступеняў параўнаньня прыметнікаў і прыслоўяў няма, яны ўтвараюцца паводле агульных законаў.
Сярод аднакарэнных словаў сустракаюцца нямецкія й габрэйскія (махер — нож, шыхта — дзяўчына), татарскія (басаць — рэзаць), грэцкія (пітрус — камень, амелюс — мёд)[10].
Паводле Раманава, лемезень выкарыстоўваўся шапаваламі толькі ў працоўных адлучках, і ніколі на радзіме. Рабілася гэта праз асьцярогу, каб мову ня вывучылі мясцовыя. Часта лемезень ня ведалі нават чальцы сям’і, якія не займаліся шапавальствам[3]. Ёсьць сьведчаньні, што ў сярэдзіне XX ст. лемезьнем валодалі і карысталіся звычайныя жыхары. Да сёньня ў маўленьні асобных жыхароў Дрыбіна й вёскі Пакуцьце захаваліся асобныя словы лемезьня[6]. Фальклёру на лемезьні не існуе, але часам на лемезень перакладаліся вядомыя прыказкі.
Мясцовы краязнавец Уладзімер Кажамяка напісаў на катрушніцкім лемезьні адзіны верш[6].
катрушніцкі лемезень:
|
па-беларуску:
|
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.