інфраструктура для зарадкі электраэнэргіяй акумулятара электрамабіля From Wikipedia, the free encyclopedia
Зара́дная ста́нцыя — інфраструктура для зарадкі электраэнэргіяй акумулятара электрамабіля.
На 2020 год вылучалі 3 віды зарадных станцыяў паводле ладу зарадкі.
14 жніўня 2013 году аб’яднаньне «Беларуснафта» абвясьціла тэндэр на закуп электразарадных станцыяў, якія мелі разьмясьціць на 4 аўтазапраўках, у тым ліку на адной у Менску[2]. 9 кастрычніка 2014 году ў Баравой вёсцы Менскага раёну адчынілі першую ў Беларусі станцыю хуткай зарадкі электрамабіляў. Магутнасьць зарадкі складала 50 кіляват, што дазваляла зарадзіць акумулятар электрамабіля за 30 хвілінаў[3]. Гэтая зарадная станцыя належала аўтазапраўцы «А-100»[4]. 16 кастрычніка 2015 году зарадная станцыя для электрамабіляў зьявілася ў Менску на скрыжаваньні праспэкта Незалежнасьці і бульвара Таўбухіна[5]. 11 лютага 2016 году на вуліцы Харужай у Менску адчынілі першую зарадную станцыю беларускай вытворчасьці[6]. На 1 траўня 2016 году ў Беларусі налічвалася 10 электразаправак цаной па 20 000 эўра, якія дазвалялі зарадзіць самаход за 2 гадзіны[7].
27 лютага 2017 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову № 162 «Аб згодзе на ажыцьцяўленьне фінансаваньня праекту», паводле якой дазволіў «Паўночнай экалягічнай фінансавай карпарацыі» («ПЭФК»; Хэльсынкі, Фінляндыя) адкрыць крэдытную лінію на 1 млн эўра «Беларускаму народнаму банку» для выдачы пазыкаў на набыцьцё зарадных станцыяў[8]. 12 траўня 2017 году ААТ «Віцязь» выпусьціла першую ў Віцебску зарадную станцыю «Віцязь ЕС-301», якую ўсталявалі на заводзкай паркоўцы[9]. Распрацоўка на заказ Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь заняла 1,5 гады. Зарадка запускалася праз дадатак на смартфоне з АС «Андроід», праз кароткае паведамленьне з сотавага тэлефона і праз картку радыёчастасьцевага распазнаньня. Зарадная станцыя была зь пераменым 3-фазным токам і каштавала каля $2000. Час зарадкі складаў каля 4 гадзінаў. Адначасна кіраўніцтва ААТ «Віцязь» абвясьціла пра распрацоўку зараднай станцыі коштам каля $20 000, што мела зараджаць электрамабіль за менш як 30 хвілінаў[10]. У траўні 2017 году ў Менску ўсталявалі 3 зарадныя станцыі для электробусаў «Вітаўт Макс Электра»[11]. 11 ліпеня 2017 году галоўны канструктар ТДА «Сучасныя тэхнічныя рашэньні і мэтады» («СТРіМ») Аляксей Яфрэмаў прадставіў у Магілёве зарадную станцыю ўласнай распрацоўкі, што мела магутнасьць 20 кіляват і прызначалася для гарадзкіх вуліцаў. На той час у Беларусі зарадныя станцыі распрацоўвалі 3 прадпрыемствы ў Менску, Віцебску і Магілёве[12]. 23 жніўня 2017 году ў Гомелі ВА «Беларуснафта» адчыніла сваю 4-ю зарадную станцыю[13]. На 8 верасьня 2017 году «Беларуснафта» мела 8 зарадных станцыяў, зь якіх 3 адчынілі ў жніўні: 2 у Гомелі і 1 у каля памежнага пераходу «Брузгі» ў Гарадзенскім раёне на мяжы з Польшчай. Яны прызначаліся для зарадкі акумулятара на 80% за 30 хвілінаў[14]. Агулам у Беларусі налічвалася каля 20 зарадных станцыяў[15]. 9 кастрычніка 2017 году зарадную станцыю адчынілі на 3-м паверсе гандлёвага цэнтру «Галерэя Менску»[16]. 8 лістапада 2017 году зьявілася 1-я зарадная станцыя пры сталічным гіпэрмаркеце «Е-сіці» на Дзянісаўскай вуліцы[17].
5 студзеня 2018 году «Беларускі народны банк» адчыніў электразапраўку пры сваім аддзяленьні ў Горадні па Сацыялістычнай вуліцы, д. 44[18]. 26 красавіка 2018 году ўрад Беларусі ўсталяваў расцэнку на электраэнэргію ад ДВА «Белэнэрга» для зарадкі электрамабіляў у памеры 15,693 капейкі за 1 кіляват-гадзіна. Такая расцэнка была на 48% ніжэйшай за расцэнку для ўстановаў у галіне паслугаў[19]. 13 чэрвеня 2018 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 236 аб дапаўненьні Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага разьвіцьця Беларусі на 2016—2020 гады праектам стварэньня вытворчасьці зарадных станцыяў на ААТ «Віцязь»[20]. 10 ліпеня 2018 году А. Лукашэнка зацьвердзіў Указ № 273 «Аб стымуляваньні выкарыстаньня электрамабіляў», якім вызваліў увозімыя зарадныя станцыі ад падатку на дададзеную вартасьць[21]. На 13 ліпеня 2018 году «Беларуснафта» мела 18 электразарадных станцыяў[22]. 10 ліпеня 2018 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 731 «Аб зацьвярджэньні Праграмы стварэньня дзяржаўнай зараднай сеткі для зарадкі электрамабіляў». Паводле Праграмы, да 2030 году «Беларуснафце» даручылі стварыць 1304 зарадныя станцыі, зь іх 1224 (94%) у паселішчах. На аўтамагістралях адлегласьць між 80 электразапраўкамі мела складаць менш за 50 км. Таксама вызначылі ўсталяваць 25 высакавольтных (звышхуткіх) зарадных станцыяў у Менску, абласных цэнтрах і на аўтамагістралях на адлегласьці 120 км[23].
2 красавіка 2019 году кіраўнік ААТ «Віцязь» Генадзь Азараў паведаміў пра атрыманьне заказу ад «Беларуснафты» на выраб 20 зарадных станцыяў у 2-м паўгодзьдзі[24]. На 11 чэрвеня 2019 году ў Менску налічвалася 25 ЭЗС ладу 3 і 4, якія зараджалі акумулятар за 6 і 1 гадзіну адпаведна[25]. 24 лістапада 2019 году лік ЭЗС дасягнуў 130[26]. 5 сакавіка 2020 году «Беларуснафта» прадставіла сетку 251 ЭЗС «Маланка», што магла зарадзіць 9000 электрамабіляў за дзень. Першыя 17 ЭЗС, якія пабудавалі да верасьня 2018 году, каштавалі па 60 000 эўра. У далейшым іх цана ўпала да $20 000[27].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.