From Wikipedia, the free encyclopedia
Дзьмі́тры Сямё́навіч Стэ́лецкі (13 студзеня [ст. ст. 1 студзеня] 1875, Берасьце, Беларусь — 12 лютага 1947, Сэн-Жэнэўеў-дэ-Буа, Францыя) — расейскі, беларускі і францускі мастак, скульптар і іканапісец. Адзін з прадстаўнікоў сымбалізму і мадэрну XX ст.
Нарадзіўся 1 (13) студзеня 1875 ў Берасьці-Літоўскім тагачаснай Гарадзенскай губэрні Расейскай імпэрыі ў сям’і вайсковага інжынэра Сямёна Васілевіча і Кацярыны Георгіеўны Стэлецкіх. У іх шлюбе нарадзілася двое сыноў. Першынцам быў Барыс (1872 г.), наступным прыйшоў на сьвет Дзьмітры. Бацька служыў у інжынэрным ведамстве Берасьце-Літоўскай крэпасьці і займаўся будаўніцтвам фартоў цытадэлі.[1]
Маці Дзьмітрыя Стэлецкага памерла, калі яму было ўсяго два гады — 1 траўня 1877 году. Яе пахавалі ў Берасьці на Трышынскіх могілках, дзе захаваўся помнік ёй. Пасьля сьмерці першай жонкі бацька пабраўся шлюбам з 21-гадовай Сафіяй Васілеўнай Сабалеўскай — дачкой начальніка Варшаўскай ваеннай акругі Васіля Львовіча Сабалеўскага. У гэтым шлюбе ў Стэлецкіх нарадзілася яшчэ чацьвёра дзяцей — Васіль, Канстанцін, Фёдар і Алена.[1]
Хоць бацька меў службовую кватэру ў Берасьці, дзяцінства і юнацтва Дзьмітрыя Стэлецкага прайшло ў бацькавым маёнтку недалёка ад Белавескай пушчы — у вёсцы Шастакова Берасьцейскага павету (цяпер Камянецкі раён). У маёнтку Шастакова, які раней належыў паўстанцу Апалінару Гафмейстару, Сямён Стэлецкі быў адным з трох уладальнікаў зямлі і меў 532 дзесяціны.[1]
У 1896 годзе бацьку будучага мастака Сямёна Стэлецкага перавялі ў Санкт-Пецярбург, дзе сям’я пасялілася на 9-й лініі Васілеўскага вострава, у доме № 22.
Бацька Дзьмітрыя Стэлецкага памёр у Варшаве ў 1903 годзе, будучы на той час начальнікам інжынэраў варшаўскай крэпасьці, дзе ён пабудаваў мост праз Віслу, узвёў царкву на могілках Воля.
У 1896 годзе юнак паступіў там Вышэйшую мастацкую вучэльню пры Акадэмію мастацтваў. На пачатку яго залічылі на архітэктурнае аддзяленьне, але ён хутка захапіўся скульптурай, і 1 сакавіка 1897 году яго перавялі на скульптурнае аддзяленне.[2] У 1897—1903 гг. ён навучаўся на скульптурным аддзяленьні Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу, дзе яго настаўнікамі былі акадэмік Уладзімер Беклямішаў і прафэсар Гуга Залеман.
Дзьмітры Стэлецкі быў аднакурсьнікам і сябрам Барыса Кустодзіева. Пачынаючы з 1900 году Дзьмітры Стэлецкі, самастойна або разам з сваім сябрам Барысам Кустодзіевым, пэрыядычна выяжджаў у падарожжы па старадаўніх гарадах і манастырах Расеі. У 1903 годзе з Кустодзіевым ён аглядаў старажытныя храмы ў Вялікім Ноўгарадзе, у 1907 годзе Дз. Стэлецкі адзін наведаў Фэрапонтаў манастыр 15—17 ст. на Валагодчыне і Юр’еўскі манастыр у вялікім Ноўгарадзе, падарожнічаў па Расейскай Поўначы, дзе запісваў свае ўражаньні і рабіў замалёўкі манастырскіх фрэсак і іконаў.
Пасьля заканчэньня навучаньня ў Санкт-Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў у 1903 годзе Дзьмітры Стэлецкі атрымаў званьне мастака-скульптара і выправіўся ў Парыж, каб дапоўніць свае прафэсійныя веды і здольнасьці. У 1904 ён наведваў Акадэмію Жульяна, якая была заснаваная мастаком Радольфам Жульянам у 1868 годзе і карысталася вялікай папулярнасьцю сярод францускіх і замежных студэнтаў.
У 1907 годзе пры матэрыяльнай падтрымцы Б. Кустодзіева разам з ім Дзьмітры Стэлецкі наведаў Італію, яе галоўныя цэнтры мастацтваў — Вэнэцыю, Флярэнцыю, Рым. У Вэнэцыі мастакам удалося прыняць удзел у выставе, на якой Дз. Стэлецкі прадаў за 300 франкаў адну сваю працу — бюст.
Жыў у Пецярбургу, шмат падарожнічаў па старадаўніх гарадах і манастырах Расейскай імпэрыі. Быў сябрам «Саюзу рускіх мастакоў» (з 1910) і «Сьвету мастацтва» (з 1912).
З 1914 году Дзьмітры Стэлецкі пасяліўся ў Францыі.
Адна з самых значных мастака Дзьмітрыя Стэлецкага — выкананыя ў 1925—1927 гг. росьпісы храму Сяргеевага падворка ў Парыжы.
Чатыры яго творы захоўваюцца ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка ў Менску[3].
Памёр 12 лютага 1947 у доме састарэлых у Сэн-Жэнэўеў-дэ-Буа пад Парыжам, Францыя, будучы амаль сьляпым.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.