From Wikipedia, the free encyclopedia
Апалі́нар (Апалін, Апалё́н) Гафме́йстар (па-расейску: Аполлинарий Павлович Гофмейстер; 1825, Берасьце, Расейская імпэрыя — 1 ліпеня 1890[1], Кракаў, Вялікае княства Кракаўскае) — дзяяч польскага і беларускага рэвалюцыйнага руху, адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў; мэмуарыст.
Паходзіў з пратэстанцкага нямецкага роду[2]. Бацька — палкоўнік расейскага войска Павал Гафмейстар, маці паходзіла з Курляндыі, з роду баронаў Штакельбергаў, была пратэстантка. Сын Гафмейстараў, аднак, як і бацька, быў ахрышчаны каталіком, хоць пазьней, з прагматычных мэтаў, бацька намаўляў яго стаць пратэстантам. У хуткім часе пасьля нараджэньня Апаліна сям’я Гафмейстараў пераехала ў Сімбірск, дзе бацька каля шасьці гадоў служыў паліцмайстарам. Пасьля сьмерці ўладальніка в. Шастакова расейскага генэрала Альбэрга, які прыходзіўся дзядзькам маці Апаліна Гафмейстара, сям’я вярнулася ў Беларусь. Бацька з маленства выхоўваў свайго сына ў спартанскім духу.
Апалінар Гафмейстар навучаўся ў Варшаўскай гімназіі. Потым паступіў у Бэрлінскі ўнівэрсытэт, дзе быў сябрам таемнага студэнцкага гуртка[3]. Вучобу ва ўнівэрсытэце ня скончыў.
У 1845 актыўна далучыўся да дзейнасьці студэнцкага гуртка, праз год зьехаў на Літву дзеля падрыхтоўкі паўстаньня. Жыў ва ўладаньнях бацькоў у Шастакове Берасьцейскага павету. У тым самым годзе спрабаваў узьняць паўстаньне. Аднак быў арыштаваны і атрымаў вырак два гады турэмнага зьняволеньня па г. зв. «справе Рэра». На пачатку 1848 публічна ганьбаваны ў Вільні і накіраваны ў арыштанцкую роту Орскай фартэцыі(uk), дзе сядзеў адначасна з Тарасам Шаўчэнкам. Тамсама сустракаўся з Зыгмунтам Серакоўскім[3]. Пасьля перасланы ў Арэнбург.
У 1857 імпэратар Аляксандар II аб’явіў амністыю. Пасьля гэтага Апалін Гафмейстар вярнуўся ў Шастакова пад таемны нагляд паліцыі. Вядома, што ён прыязна ставіўся да сялянаў, намагаўся іх вызваліць[3]. Адчыніў школу для вясковых дзяцей і заняўся сельскай гаспадаркай[4].
Падчас нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863 року прызначаны цывільным ваяводзкім кіраўніком паўднёвага Гарадзенскага, пасьля Берасьцейскага ваяводзтва. Супрацоўнічаў з Кастусём Каліноўскім. У 1864 арыштаваны і сасланы на катаргу ў Сыбір, сьпярша ва Ўсольле, пасьля ў Табольск. У 1873 дзякуючы спрыяньню аўстрыйскай амбасады вызвалены і атрымаў эміграцыйны пашпарт бяз права вяртаньня ў Расею. Рэшту жыцьця правёў сьпярша ў Бродах на Галіччыне, пасьля ў Кракаве[5]. Навернуты з пратэстанцтва ў каталіцтва айцом Вацлавам Навакоўскім. Пахаваны на Ракавіцкіх могілках[6].
Да нас дайшла частка ягоных мэмуараў у выглядзе ліста да Агатона Гілера (1882)[7].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.