былая вёска ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Даўляды́[1] — былая вёска ў Беларусі, каля ракі Прыпяці. Уваходзілі ў склад Вербавіцкага сельсавету Нараўлянскага раёну Гомельскай вобласьці. Знаходзяцца за 52 км на паўднёвы ўсход ад Нароўлі, за 160 км ад Гомеля; за 65 км ад чыгуначнай станцыі Ельск (лінія Каленкавічы — Оўруч), аўтамабільная дарога зьвязвае вёску з Хвойнікамі[2].
Даўляды лац. Daŭlady | |
Дата заснаваньня: | перад 1552 годам |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Нараўлянскі |
Сельсавет: | Вербавіцкі |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2355 |
СААТА: | 3238804076 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°31′22″ пн. ш. 29°52′6″ у. д. |
± Даўляды |
4 траўня 1986 году, у зьвязку з радыяцыйным забруджаньнем па катастрофе на Чарнобыльскай АЭС, да якой менш за 15 км, жыхароў вёскі (183 сям’і) вывезьлі ў пасёлак Ператрутаўскі Варатын (Савіцкі сельсавет, Каленкавіцкі раён)[3]. Зь ліпеня 1988 году знаходзіцца ў складзе Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка.
У апісаньні Чарнобыльскага замку 1552 года, што да Беласароцкай нядзелі[lower-alpha 1], названыя Даўгляды, ясачнікі на Прыпяці князя Сенскага[lower-alpha 2] альбо ў іншым месцы — Даўглядцы, патужнікі[5]. Магчыма, гэта і ёсьць найранейшая пісьмовая згадка пра паселішча[lower-alpha 3].
Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (і Беласароцкая воласьць з Даўлядамі[lower-alpha 4]) было далучана да Кароны Польскай[6].
З падатковага рэестру Кіеўскай зямлі (ваяводзтва), складзенага 21 чэрвеня 1581 году каралеўскім слугой і паборцам панам Мацеем Язерскім, вынікае, што Даўляды былі ўласнасьцю пана Шчаснага Харлінскага, падкаморага кіеўскага. Зь іх 8 дымоў асадных сялянаў выплачвалася па 15 грошаў, з аднаго агародніка, у залежнасьці ад акалічнасьцяў (тут ня ўказана), — 4-6 грошаў, з аднаго каморніка — 2 грошы падатку[7].
26 чэрвеня 1600 году Шчасны Харлінскі запісаў усе свае маёнткі сынам Станіславу, Мікалаю і Рыгору з абавязкам выплаты іхным сёстрам па 3 000 польскіх злотых. Сярод добраў названыя вёска Даўляды з рачным перавозам і сяло Беласарока з млынам па-над Прыпяцю, якія дасталіся Станіславу. 2 і 11 траўня 1607 году ўладальнік Хабнага пан Станіслаў Харлінскі судзіўся з князем Янушам Астроскім і зь Сьвята-Мікольскім Пустынскім манастыром што да зьбеглых падданых вёскі Даўлядоў адпаведна да новаасаджанай Альшаніцы і Коваліна. 10 жніўня 1624 году, на заяву архімандрыта кіева-пячэрскага Елісея Плетэніцкага і капітулы, складзены судовы дэкрэт аб наезьдзе падданых Станіслава Харлінскага з Даўлядоў і Белай Сарокі на манастырскую Амялянаўшчыну[8].
Паводле тарыфу падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва, у 1628 годзе з 3 дымоў osiadłych і з 2 агароднікаў sioła Dowladów нябожчыка пана Мікалая Стэцкага, цівуна кіеўскага, нашчадкамі якога апекаваўся пан Хведар Станецкі, выплачвалася адпаведна па тры і па паўтара злотых[9].
10 траўня 1682 году, кароль Ян Сабескі, зважаючы на страту Кіева ў войнах з Расеяй, дзеля чаго добры Кіева-Пячэрскага манастыра пазбавіліся гаспадароў, падараваў іх адміністратару Кіеўскай мітраполіі япіскапу львоўскаму і галіцкаму Іосіфу Шумлянскаму. Надалей яны пазначаліся, як прыналежныя манастыру, хіба намінальна. У пераліку сёлаў япіскапа, складзеным у ліпені т. г., названыя Даўгляды з рудняй і млынам на два жораны, але зь неверагодна вялікай колькасьцю двароў — ажно 106[lower-alpha 5][10]. У 1683 годзе, калі добрамі Кіеўскай мітраполіі і Пячэрскай архімандрыі кіраваў чашнік падольскі Самуіл Шумлянскі, брат япіскапа, з 7 дымоў у Даўлядах Пячэрскага манастыра выплачваліся 3 злотыя[11]. Згаданыя Даўляды[lower-alpha 6] ў рэестры рэвізіі 1686 году палескіх вёсак Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячэрскай архімандрыі пры прыняцьці іх ад пана Журакоўскага, войскага галіцкага[12].
16 сакавіка 1706 году япіскап львоўскі і галіцкі Іосіф Шумлянскі за 6 300 злотых перадаў у трохгадовую арэнду братавай удаве Аляксандры Шумлянскай Беласароцкі ключ, у складзе якога і вёска Даўляды. 28 днём лістапада 1714 году датаваны кантракт, падпісаны ў Даўлядах паміж мітрапалітам кіеўскім Львом Кішкам і пісарам земскім мазырскім Тэафілам Лянкевічам-Іпагорскім на трохгадовую арэнду Беласароцкага ключа за 510 бітых талераў. 2 жніўня 1717 году мітрапаліт Леў Кішка аддаў Беласароцкі ключ з Даўлядамі ў арэнду на тры гады харунжаму кіеўскаму Казімеру Стэцкаму за сымбалічныя 170 злотых. 12 сакавіка 1728 году пазначаны запіс у кнізе Оўруцкага гродзкага суда аб уводзе ў валоданьне Беласароцкім ключом наміната і адміністратара Кіеўскай мітраполіі япіскапа Атанаса Шаптыцкага[13].
На 1734 год Даўляды ў складзе Беласароцкага ключа, як і раней, належаў Кіеўскай мітраполіі[14]. Згодна зь земскай кнігай Кіеўскага ваяводзтва, 23 студзеня 1747 году ў валоданьне маёнткамі Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячэрскай архімандрыі, у тым ліку Беласароцкім ключом з Белай Сарокай і Даўлядамі, уведзены новы адміністратар архіепіскап Флярыян Грэбніцкі[15].
У 1754 годзе з 25 двароў[lower-alpha 7] (×6 — прыкладна 150 жыхароў) вёскі Dowhlady выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 3 злотыя і 26 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 15 зл. і 16 гр.[16]
Габрэйскія перапісы 1765, 1778 і 1784 гадоў засьведчылі пражываньне ў Даўлядах адпаведна 3, 5 і 7 плацельшчыкаў пагалоўшчыны (głow), што належалі да Чарнобыльскага кагалу[17].
14-21 кастрычніка 1780 году возны генэрал ваяводзтва Кіеўскага «i innych» Базыль Валынец увёў у валоданьне маёнткамі, у тым ліку Даўлядамі ў складзе Беласароцкага ключа, новага кіеўскага мітрапаліта і адміністратара Кіева-Пячэрскай архімандрыі Ясона Смагаржэўскага. У канцы дакумэнту возны, ня ўмеючы пісаць, добрасумленна «znak krzyża świętego położył»[18].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Даўляды – у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 годзе ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[19].
З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вядома, што вёска Даўляды з рудняй на той час была ўласнасьцю Кіеўскай мітраполіі ў асобе яе галавы Тэадосія Растоцкага[20]. Але ўжо ў 1796 годзе ў мэтрычных кнігах Беласароцкай Сьвята-Мікалаеўскай царквы Даўляды, іншыя паселішчы ключа і прыхода, названыя прыналежнымі да казённага ведамства. Згодна з мэтрыкамі 1797 — 1802 гг., усе яны сталі ўласнасьцю расейскага генэрала графа (фон) Сакена. У запісе тае ж царквы 1832 г. сказана, што Даўлядамі, Белай Сарокай, Вяпрамі і інш. валодаў граф Арлоў[21]. У рэвізіі 1834 году уладальнікам добраў названы пан Горват. Тады ў Даўлядах налічвалася 64 двары[2].
У парэформавы пэрыяд Даўляды адміністрацыйна належалі да Дзёрнавіцкай воласьці.
На 1909 год у вёсцы Даўляды налічвалася 74 двары з 544 жыхарамі[22].
У лютым 1918 году Даўляды занялі войскі Нямецкай імпэрыі. 20 лістапада 1917 году адбылося абвяшчэньне Ўкраінскай Народнай Рэспублікі з прэтэнзіяй у тым ліку на Даўляды, якія знаходзіліся пад кантролем Нямецкай імпэрыі. 9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Ўкраінскай Народнай Рэспубліцы.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Даўляды абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тэрыторыя Палесься ад Берасьця да Гомля стала прадметам перамоваў БНР і УНР[23]. Тым часам Даўляды ў складзе Дзёрнавіцкай воласьці Рэчыцкага павету ўлучылі ў часова створаную 15 чэрвеня Палескую губэрню з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзеяла «варта Ўкраінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападзкага[24].
З 20 жніўня 1924-га па 1927 год — цэнтар сельсавета ў Нараўлянскім раёне (Гомельская губэрня, Расейская СФСР). 4 сьнежня 1926 году вёска ўвайшла ў склад Беларускай ССР. У 1929 годзе ў вёсцы стварылі калгас, працавала школа і паштовае аддзяленьне. Да 26 ліпеня 1930 г. і з 21 чэрвеня 1935 году ў складзе Мазырскай акругі БССР. З 20 лютага 1938 году ў складзе Палескай вобласьці БССР. Падчас нямецка-савецкай вайны 1941—1945 гг. нямецкія акупанты забілі 28 жыхароў вёскі. У лістападзе 1943 году ў баях за вёску загінулі 10 савецкіх вайскоўцаў, якіх пахавалі ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі. 30 лістапада 1943 г. савецкае войска заняло вёску. На фронце загінулі 70 вяскоўцаў. Ад 8 студзеня 1954 году вёска ў складзе Гомельскай вобласьці БССР. З 25 сьнежня 1962 году ў складзе Ельскага раёну (Гомельская вобласьць). Паводле перапісу 1959 г. налічвала 498 жыхароў. 6 студзеня 1965 г. вёску вярнулі ў склад Нараўлянскага раёну. На пачатак 1986 г. налічвала 183 двары і 474 жыхары, была цэнтрам саўгаспа «Прыпяць». У вёсцы месьціліся 8-гадовая школа, дом культуры, бібліятэка, фэльчарска-акушэрскі пункт, аддзяленьне сувязі, швейная майстэрня і крама[2].
Ад цэнтру вёскі ў некалькі бакоў адыходзяць кароткія вуліцы. На паўночным захадзе дугападобная вуліца. Двухбаковая, драўляная забудова сядзібнага тыпу[2].
Стаянка бронзавага веку і селішча жалезнага веку за 1,5 км на поўнач ад вёскі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.