From Wikipedia, the free encyclopedia
Калгас (па-расейску: коллективное хозяйство, па-беларуску: калекты́ўная гаспада́рка) — фармальнае аб’яднаньне сялянаў (на аснове грамадзкіх сродкаў вытворчасьці й калектыўнае працы) для супольнага вядзеньня сельскай гаспадаркі. Галоўным парадкам у СССР уведзеная прымусова.
Падкляса ад | юрыдычная асоба, тып юрыдычнай асобы, арганізацыя |
---|---|
Галіна | сельская гаспадарка |
Частка больш агульнага | Калектывізм, каапэрацыя |
Бальшыня калгасаў была створаная на Беларусі ў пэрыяд калектывізацыі сельскай гаспадаркі (1918—1930-я). Першыя аб’яднаныя сялянскія гаспадаркі пачалі стварацца яшчэ да ўвядзеньня калектывізацыі (да прыкладу арцелі па супольнай апрацоўцы зямлі). Па 1927 годзе стварэньне калгасаў стала «генэральнай лініяй партыі». Бальшыня калгасаў была створаная з парушэньнем прынцыпаў добраахвотнасьці. Супраць праціўнікаў калектывізацыі й найбольш заможных гаспадароў (кулакоў) пачалі праводзіць «палітыку раскулачваньня», у выніку якой «кулацтва» павінна было зьнікнуць як кляса. Паводле некаторых зьвестак, было раскулачана — пазбаўлена правоў і падпала пад высяленьне — каля 700 тыс. сялянаў. Неўзабаве Беларусь была аб’яўленая зонай суцэльнае калектывізацыі. Заснаваньне калгасаў суправаджалася галадаморам на шматлікіх абшарах: Беларусі, Расеі, але перадусім ва Ўкраіне — дзе колькасьць ахвяраў вагаецца ад 2 да 6 мільёнаў чалавек.
Калгасьнікі працавалі на зямлі, што належала дзяржаве, але была перададзеная калгасу ў бестэрміновае і бескаштоўнае карыстаньне. Асноўную частку прадукцыі калгас павінен быў здаваць дзяржаве па закупачных коштах (даволі нізкіх). Тэарэтычна калгасы былі дабравольніцкія ды кіраваліся самастойна, але ж папраўдзе старшыні калгасаў, як і гаспадарчыя пляны назначаліся выканкамамі ды партыйнымі камітэтамі. Шмат гадоў калгасьнікі працавалі не за грашовыя заробкі, але за «працадні», што адмоўна ўплывала на матывацыю ды прадукцыйнасьць працы. Разам з частай гаспадарчай занядбанасьцю частыя крадзяжы рабілі з калгасаў неэфэктыўную форму гаспадараньня. Калгас трэба адрозьніваць ад саўгасу (савецкая гаспадарка) — у асноўным буйных гаспадарак, створаных з мэтаю павелічэньня вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі. Саўгасы ў асноўным мелі спэцыялізацыю на вытворчасьць нейкага віду прадукцыі (зерне, малако, гародніна ці іншае).
Яшчэ напачатку 1990-х зьявіліся першыя фэрмэрскія гаспадаркі, што, аднак, на сёньня ня маюць вялікага распаўсюджаньня. Таксама Беларусь не адмовілася ад калгаснай сыстэмы: зямля ёсьць дзяржаўнай маёмасьцю. Паступова ў сельскай гаспадарцы краіны ідзе пераход на больш дасканалыя формы вядзеньня гаспадараньня: калгасы ператвараюцца ў СПК, ствараюцца спэцыялізаваныя комплексы з жывёлагадоўлі. Але ж гэта не зьмяніла існасьці калгаснае сыстэмы, а сучасныя СПК і надалей застаюцца затратнымі ды датацыйнымі прадпрыемствамі, як гэта было пры СССР.
Падобныя калектыўныя гаспадаркі былі распаўсюджаныя таксама й у іншых краінах камуністычнага табару.
Падобнага кшталту гаспадаркай ёсьць ізраільскія кібуцы, што былі заснаваныя ўжо з канца ХІХ ст. У кібуцах першапачаткова супольнасьць маёмасьці й даходаў была пасунутая настолькі далёка, што ўсе ўдзельнікі, уключаючы й кіраўніцтва гаспадаркі харчаваліся разам у супольнай сталоўцы, ніхто не атрымліваў заробку ў грашовым выглядзе, а дзеці выхоўваліся разам у адмысловых інтэрнатах. Асноўным адрозьненьнем ізраільскіх кібуцаў ад камуністычных калгасаў ёсьць іх суцэльная самахвотнасьць ды ідэйнасьць удзельнікаў, што разам уплывала на дастаткова добрыя гаспадарчыя паказьнікі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.