Давы́д-Гарадо́к — места ў Беларусі, на рацэ Гарыні. Цэнтар гарсавету Столінскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 5851 чалавек[2]. Знаходзіцца за 32 км на паўночны ўсход ад Століну, за 39 км ад чыгуначнай станцыі Гарынь (лінія Лунінец — Сарны). Рачная прыстань.
Давыд-Гарадок лац. Davyd-Haradok | |||||
Юр’еўская царква | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1127 | ||||
Магдэбурскае права: | ?[1] | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Берасьцейская | ||||
Раён: | Столінскі | ||||
Гарадзкі савет: | Давыд-Гарадоцкі | ||||
Вышыня: | 130 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 5851 чал. (2018)[2] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1655 | ||||
Паштовы індэкс: | 225540 | ||||
СААТА: | 1258510000 | ||||
Нумарны знак: | 1 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°3′20″ пн. ш. 27°12′50″ у. д. | ||||
± Давыд-Гарадок | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Давыд-Гарадок — магдэбурскае места гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны, на захадзе Палесься), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[3]. Да нашага часу тут захавалася царква Сьвятога Юрыя, помнік архітэктуры XVIII ст.
Назва
У аснове тапоніму Давыд-Гарадок уласнае імя ягонага заснавальніка. Лічыцца, што ім быў яцьвяскі князь, які прыняў хрысьціянства і па хрышчэньні пачаў звацца Давыдам[4]. Таксама існуе меркаваньне, што Давыд-Гарадок заснаваў князь уладзімер-валынскі Давыд Ігаравіч[5], у гонар якога горад нібыта атрымаў назву. Згодна зь мясцовай легендай Давыд-Гарадок узьвёў нейкі тураўскі князь, які ў хрышчэньні ўзяў імя Давыд. Назва «Гарадок» сьведчыць пра існаваньне тут невялікага замка (гораду)[6].
Першая назва места — Гарадок, пазьней Гарадок Давыдаў[7].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Афіцыйна Давыд-Гарадок (Гарадок) вядзе сваю гісторыю ад 1100 году[8]. Тым часам паводле сучасных энцыкляпэдычных даведнікаў першы пісьмовы ўпамін пра яго датуецца 1382 годам[7]. Археалягічныя зьвесткі сьведчаць, што паселішча ўзьнікла ў XII ст. Яно месьцілася на насыпной гары з правага (усходняга) берагу ракі Гарынь. У XIV — пачатку XVІІІ стагодзьдзяў тут існаваў драўляны замак. У канцы XIV ст. Давыд-Гарадок стаў сталіцай княства. У 1503 годзе войска Вялікага Княства Літоўскага разьбіла непадалёк ад места крымскіх татараў.
У 1509 годзе Давыд-Гарадок увайшоў у склад Пінскага княства. З 1522 году местам валодала вялікая княгіня Бона Сфорца. У 1558 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст перадаў яго ваяводу віленскаму Мікалаю Радзівілу Чорнаму. На 1559 год тут дзеялі 4 царквы. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва, а з 1586 году — Клецкай ардынацыі.
У XVII—XVIII стагодзьдзях Давыд-Гарадок быў значным асяродкам гандлю. Паводле ўскосных зьвестак, паселішча мела Магдэбурскае права[9]. На 1653 год тут было 29 рамесьнікаў 17 прафэсіяў. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) 26 верасьня 1655 году маскоўскія захопнікі пад камандаю Д. Валконскага на рачных суднах, што выйшлі з Кіева, разьбілі аддзел шляхты (400 чал.) і мяшчанаў (300 чал.) і на кароткі час захапілі Давыд-Гарадок, які спалілі[7]. Пазьней места зноў трапіла пад акупацыю. У пачатку 1660 году літоўскія войскі на чале з С. Аскеркам і Д. Мурашкам вызвалілі Давыд-Гарадок. На 1663 год тут было 362 дымы[7], на 1675 год дзеялі 2 царквы і 1 касьцёл, на 1691 год працавалі 52 рамесьнікі. У 1791 годзе места ўвайшло ў Запінскі павет.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Давыд-Гарадок апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1795—1796 гадох быў цэнтрам павету. У 1796 годзе статус паселішча панізілі да мястэчка Мазырскага павету[10], якое 22 студзеня таго ж году атрымала герб: «у чорным полі срэбная рака з прыстаньню і залатым суднам з таварамі»[11]. На 1890 год у Давыд-Гарадку дзеялі 2 царквы, касьцёл, 3 юдэйскія малітоўныя дамы[12].
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Давыд-Гарадок занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Давыд-Гарадок абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[13]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Давыд-Гарадок апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Столінскага павету Палескага ваяводзтва
У 1939 годзе Давыд-Гарадок увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 году зноў атрымаў статус места і стаў цэнтрам раёну (з 1961 году ў Столінскім раёне). У Другую сусьветную вайну з 7 ліпеня 1941 да 9 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
- Панарама з боку ракі
- Уваскрасенская царква
- Рынак
- Сынагога вялікая
- Сынагога
Геаграфія
Асаблівасьцю ваколіцаў Давыд-Гарадка сярод іншых мясьцінаў Прыпяцкага Палесься зьяўляюцца ўрадлівыя дзярнова-карбанатавыя глебы, з прычыны чаго места знаходзіцца ў цэнтры сукупнасьці некалькіх буйных вёсак. Лясістасьць мясцовасьці невялікая.
Апроч Гарыні, якая з 1980-х гадоў цячэ новым (штучным) рэчышчам, у межах места знаходзяцца старыцы: Гарынь (старое рэчышча), Сежка, Язда і Копанец. У гістарычных крыніцах упамінаецца яшчэ Няпраўда.
Клімат мерны кантынэнтальны, з значным уплывам атлянтычнага марскога паветра. Лета цёплае. Зімы мяккія, з частымі адлігамі.
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XVII стагодзьдзе: 1663 год — 3 тыс. чал.
- XIX стагодзьдзе: 1890 год — 4 тыс. чал.; 1897 год — 7815 чал.
- XX стагодзьдзе: 1907 год — 13 217 тыс. чал.; 1931 год — 10,5 тыс. чал.[14]; 1991 год — 7,7 тыс. чал.; 1 студзеня 1992 году — 7681 чал.; 1993 год — 7,6 тыс. чал.; 1997 год — 7,2 тыс. чал.[15]
- XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2007 году — 6,9 тыс. чал.; 2009 год — 6573 чал.[16] (перапіс); 1 студзеня 2010 году — 6557 чал.; 1 студзеня 2011 году — 6460 чал.; 1 студзеня 2012 году — 6318 чал.; 2016 год — 5946 чал.[17]; 2017 год — 5892 чал.[18]; 2018 год — 5851 чал.[2]
Адукацыя
У склад сыстэмы адукацыі Давыд-Гарадку ўваходзіць 2 сярэднія школы. Працуюць таксама музычная і дзіцяча-юнацкая спартовая школы, дом дзіцячай творчасьці.
Мэдыцына
У месьце працуе тэрытарыяльнае мэдычнае аб’яднаньне, у складзе якога дзеюць 2-я раённая лякарня на 200 ложкаў, паліклініка і 2 аптэкі.
Культура
Культурна-асьветніцкая праца ажыцьцяўляецца мескім домам культуры, кінатэатрам «Сьвітанак», 2 бібліятэкамі.
Забудова
Вуліцы і пляцы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
Горкага вуліца | Першая Алея вуліца[19] | |
Лермантава вуліца | Веляміцкая вуліца | |
Савецкая вуліца | Альшанская вуліца (частка) Грэбля вуліца[19] (частка) | Юзэфа Пілсудзкага вуліца |
Талстога вуліца | Другая Алея вуліца[19] | |
Юхневіча вуліца | Альпенская вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Давыд-Гарадку да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Замкавая, Лучнікаўская, Набярэжная, Радзіцкая і Рыбацкая. Гістарычныя Стары і Новы Рынак у наш час ня маюць афіцыйных назваў. У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Вайсковая, Завальная, Зарэчная, Рымарская і Садовая вуліцы[20]. Таксама ў месьце існавала Школьная вуліцы[21].
Эканоміка
Прадпрыемствы машынабудаўнічай, харчовай прамысловасьці.
- ААТ «Давыд-Гарадоцкі электрамэханічны завод»
- Філія «Давыд-Гарадоцкі хлебазавод» РУВП «Берасьцехлебпрам»
Жыхароў места абслугоўваюць 13 крамаў Давыд-Гарадоцкай філіі раённага спажывецкага таварыства, 3 фірмовыя і сетка камэрцыйных крамаў, сталоўка і кавярня. Аддзяленьні ААТ «Беларусбанк», Белтэлекам.
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
Спыніцца можна ў мескім гатэлі[22].
Славутасьці
У Давыд-Гарадку захаваліся селішча і бескурганныя могільнікі зарубінецкай і мілаградзкай культураў.
- Замкавая гара (ХІІ—XIV стагодзьдзі)
- Касьцёл Божага Цела (1935—1936)
- Кашары (1-я палова ХХ ст.)
- Царква Маці Божай Казанскай (1913; мураўёўка)
- Царква Сьвятога Юрыя (XVII ст., 1724—1726; Сьвяты Пасад, цяпер у валоданьні Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)
Страчаная спадчына
- Касьцёл Найсьвяцейшага Божага Цела (1623)
- Царква Ўваскрасеньня Хрыстова (XVIII ст.)
- Сынагога Халодная
- Сынагога Столінэр Хасідым
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.