Гай Ю́ліюс Цэ́зар Актавія́н А́ўгуст (па-лацінску: Gaius Iulius Caesar Octavianus, пры нараджэньні — Гай Актавіюс Турын, па-лацінску: Gaius Octavius Thurinus; 23 верасьня 63 году да н. э., Рым — 19 жніўня 14 году, Нола) — рымскі палітык, першы імпэратар Рыму, заснавальнік прынцыпату пад іменем Imperator Caesar Augustus, з 16 студзеня 27 году да н. э., Вялікі пантыфік з 12 году н. э. Бацька айчыны з 2 году да н. э. Унучаты пляменьнік Юліюса Цэзара, усыноўлены ім у тэстаманце.
Актавіян Аўгуст лац. Gaius Iulius Caesar Augustus | |
1-ы рымскі імпэратар | |
---|---|
Бюст імпэратара. Капіталійскі музэй, Рым. | |
1-ы Рымскі імпэратар | |
Наступнік | Тыбэрыюс |
Асабістыя зьвесткі | |
Імя пры нараджэньні | Gaius Octavius Thurinus |
Нарадзіўся | 23 верасьня 63 да н. э., Рым |
Памёр | 19 жніўня 14, Нола |
Пахаваны | Рым, Італія |
Нашчадкі | Юлія Старэйшая |
Дынастыя | Дынастыя Юліюсаў-Кляўдыюсаў |
Жонкі |
Клёдыя Пульхра Скрыбонія Лівія Друзільлё |
Бацька | Гай Актавіюс |
Маці | Атыя Бальба Цэзонія |
Таксама шматкратны консул (43 год да н. э., 33 да н. э., 31 да н. э. — 23 да н. э., 5 да н. э., 2 да н. э., трыбун (па-лацінску: Tribuniciae potestatis), з 23 да н. э.), цэнзар (з 29 году да н. э.). Поўны тытул да моманту сьмерці: Imperator Caesar Divi filius Augustus, Pontifex Maximus, Consul XIII, Imperator XXI, Tribuniciae potestatis XXXVII, Pater Patriae (Імпэратар, сын Боскага Цэзара, Аўгуст, Вялікі Пантыфік, 13-ы Консул, 21-ы Імпэратар, нададзены ўладай народнага трыбуна 37 разоў, Бацька Айчыны).
Біяграфія
Паходзіў з заможнага плебэйскага роду, пераведзенага Юліюсам Цэзарам у патрыцыі. Рос у становішчы сталай барацьбы за ўладу. Меў слабае здароўе, але імкнуўся ў палітыку і, стаўшы цэзарыянцам, ужо ў 15 гадоў выконваў дзяржаўныя даручэньні й пэўны час нават быў прэфэктам Рыму. У адкрытым пасьля сьмерці Цэзара тэстаманце быў усыноўлены Цэзарам й атрымаў ад яго большую частку маёмасьці. Пасьля ваганьняў і насуперак матчынай волі Актавіян вырашыў прыняць дары ў спадчыну, зьехаў у Рым, абвесьціў, што зробіць усё магчымае для выкананьня пасьмяротнае волі Цэзара й адпомсьціць забойцам.
Актавіян набраў папулярнасьці й пасябраваў з Цыцэронам. У выніку бязьлітаснага змаганьня й сэрыі міжусобных войнаў Актавіян заваяваў уладу, стаўшы першым імпэратарам і ўсталяваўшы стабільнасьць у краіне. Яму давялося сутыкнуцца зь іншым цэзарыянцам — Маркам Антоніюсам, і каб мець ягоную прыхільнасьць, малады консул вымушаны быў даць згоду на забойства Цыцэрона.
Панаваньне
Зьнешняя палітыка
Зьнешнепалітычная дзейнасьць Аўгуста, накіраваная на ўмацаваньне магутнасьці Рыму, была адзначана як посьпехамі, гэтак і паразамі. Пры ім было завершана заваяваньне Гішпаніі ў 27—19 гадох да н. э. Пірэнэйскі паўвостраў і Галія трывала ўвайшлі ў сыстэму рымскіх правінцыяў. Тыбэрыюс, старэйшы сын Лібіі, пакарыў Панонію й Далматыю. Ля падножжа Альпаў Актавіяна Аўгуста ўсталяваў помнікі сваім перамогам над горнымі плямёнамі, рэшткі гэтых велічных збудаваньняў яшчэ й цяпер можна бачыць у Сузе й Аосьце. Германік, малодшы сын Лібіі, дасягнуўшы берагоў Эльбы, падпарадкаваў заходніх германцаў, такім чынам была ўмацаваная мяжа па Райне.
Найвялікшую сваю няўдачу Аўгуст атрымаў у 9 годзе н. э., калі тры рымскія легіёны пад камандаваньнем Публіюса Квінтыліюса Вара былі разьбіты ў Тэўтобурскім Лесе ў выніку раптоўнага нападу германцаў пад правадырствам Армініюса. Акрамя гэтай падзеі яшчэ й наймагутнейшае паўстаньне ў Паноніі ў 6—9 гадох н. э. вымусілі Аўгуста адмовіцца ад далейшых паходаў. Там, дзе рымляне не засноўвалі новых правінцыяў, іхны ўплыў гарантаваўся саюзнымі дзяржавамі, як то Тракіяй, Кападокіяй, Комагенай і іншымі.
Частка спэцыялістаў схіляецца да думкі, што пад прыкрыцьцём міратворчых лёзунгаў Аўгустам у рэчаіснасьці прадпрымалася грандыёзная й прадуманая праграма па поўным заваяваньні айкумэны[1]. Колькасьць і арганізацыя рэфармаванага рымскага войска дазваляла ў сьціслыя тэрміны мабілізаваць значныя сілы для вядзеньня наступальных апэрацыяў. Пасьля заваяваньня Гішпаніі войскі, якія набылі каштоўны вопыт баявых дзеяньняў у горнай мясцовасьці, былі перакіданы ў Паўночныя Альпы, дзе, пад падставай неабходнасьці прадухіленьня набегаў на Італію барбараў, да Рымскай дзяржавы былі далучаны новаўтвораныя правінцыі Норык і Рэцыя. Гэта вывела рымлянаў да мяжы Германіі з поўдня й дало магчымасьць нанесьці канцэнтраваны ўдар па зьбежных напрамках у цэнтар ейнай тэрыторыі. На ўсходзе рымляне ўсталявалі сваё панаваньне ў Баспорскім царстве ў Крыме й, карыстаючыся саслабленьнем Партыі з прычыны дынастычнай звады, заключылі зь ёй новую мірную дамову на больш выгадных для сябе ўмовах: партыяне вярнулі сьцягі й палонных, захопленых пры разгроме Краса.
Не апошнюю ролю ў ваеннай актыўнасьці Аўгуста гуляла й неабходнасьць гучных вайсковых посьпехаў, здольных умацаваць ягонае становішча на ўнутранай арэне. Так, у часы ягонага панаваньня тройчы закрываўся храм Януса й абвяшчалася, што «ўсе народы цяпер пачціва трываюць рымскі закон» — мелася на ўвазе, што такое становішча рэчаў дасягнута не ў апошнюю чаргу сілай зброі, што накіроўваецца рукой прынцэпса. Тыя ж матывы заахвоцілі яго аб’явіць пра пераможнае заканчэньне паходу ў Брытанію, але цьвёрда вядома, што ў Брытаніі Аўгуст не ваяваў, і дэманстраваць нібыта ўзятыя там трафэі, захопленыя на самой справе Гаем Юліюсам Цэзарам.
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.