From Wikipedia, the free encyclopedia
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў — помнік архітэктуры XIV—XVIII стагодзьдзяў у Вільні. Знаходзіцца ў заходняй частцы Старога Места на Пясках, на рагу Троцкай і Францішканскай вуліцаў[a]. Дзее. Твор гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, які пазьней набыў рысы барока і клясыцызму. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў | |
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў | |
Краіна | Летува |
Места | Вільня |
Каардынаты | 54°40′46″ пн. ш. 25°16′50″ у. д. |
Канфэсія | каталіцтва |
Эпархія | Архідыяцэзія Вільнюса[d] |
Архітэктурны стыль | готыка і барокавая архітэктура[d] |
Першае згадваньне | 1392 |
Сайт | cityofmercy.lt/en_GB/obj… |
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў | |
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў на Вікісховішчы |
Комплекс Віленскага францішканскага кляштару займае пляц паміж Троцкай, Францішканскай, Лідзкай і Кейданскай вуліцамі і складаецца з касьцёла, кляштарнага корпуса і капліцы Сузіных. Кляштарную браму-званіцу на Троцкай вуліцы ў 1872 годзе зьнішчылі ўлады Расейскай імпэрыі. Касьцёл лічыцца адным зь першых гатычных кляштарных сакральных будынкаў Вялікага Княства Літоўскага.
Вялікі князь Гедзімін у сваім лісьце-пасланьні да манахаў-францішканаў Саксоніі, датаваным 26 траўнем 1323 году, запрашаў у Вялікае Княства Літоўскае чатырох прапаведнікаў, каб яны маглі апеквацца двума касьцёламі, збудаванымі ў Вільні і Наваградку. Гедзімін ставіў умову і пажаданьне, каб місіянэры абавязкова ведалі польскую, зэмгальскую (у 1289—1290 гадох па паразе паўстаньня супраць Лівонскага ордэну у ВКЛ перасялілася каля 100 тысячаў зэмгалаў) і рускую мовы. У пасланьні таксама дадавалася, што гэтымі мовамі валодалі іншыя місіянэры, якія дагэтуль былі або яшчэ знаходзіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім[1].
У 1390 годзе крыжакі спалілі драўляны касьцёл. У канцы XIV — першай чвэрці XV ст. замест яго збудавалі мураваны[2].
У XV ст. літоўскія князі і баяры склалі на лацінскай мове шэраг дароўных грамат Віленскаму кляштару францішканаў, дзе з азначэньнем «народны» («гутарковы») падаюцца выняткова беларускія словы і выразы[3]. У дароўнай грамаце віленскага мяшчаніна Мацея Волаха і яго жонкі Дароты ад 1422 году лацінскі выраз «situm circa fluvium Niemesz» («разьмешчаны ля ракі Нямежы») патлумачылі гутарковым выразам «на Нямежы» (in vulgari comuniter dicendo na Nemeszi)[4]. У грамаце 1436 году дзедзіча Жырмуноў Конрада Кучука (Cunradus alias Kuczuc) згадвалася мера мёду, якая па-народнаму называлася «шацец» (vulgariter dictam szathec)[4]. У 1452 годзе Магдалена, удава старосты лідзкага Ягінта, надала кляштару «пашню» (agrum alias pasznia) зь людзьмі ў Тракелях[5].
У 1533 годзе згарэў дах касьцёла, па чым яго хутка аднавілі. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе кляштар і касьцёл разрабавалі маскоўскія захопнікі, а потым спалілі. Па 1661 годзе кляштарны комплекс аднавілі. За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1702 годзе кляштар разрабавалі швэдзкія войскі.
У 1708 годзе на кляштарным цьвінтары збудавалі капліцу-пахавальню роду Сузінаў. У 1737 і 1748 гадох комплекс моцна пацярпеў ад пажараў, па чым яго аднавілі ў стылі барока. У 1764 і 1794 гадох па значных рэканструкцыях праводзілася асьвячэньне касьцёла. У 1773—1780 гадох завяршылася фармаваньне кляштару ў клясыцыстычным стылі[6].
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. Складзены ў 1797 годзе каталёг кляштарнай бібліятэкі, у якой захоўваўся вялікі збор летувіскіх кнігаў[7], меў назву: «Каталёг кніг у мовах жамойцкай, рускай, габрэйскай, арабскай, грэцкай і нямецкай» (польск. Katalog ksiąg w Języku Zmudzkim, Ruskim, Hebrayskim, Arabskim, Greckim i Niemieckim)[8].
У вайну 1812 году ў кляштары разьмяшчаўся шпіталь. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1831 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, з 1837 годзе ў яго будынках разьмясьціўся архіў Віленскай губэрні. Пры здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1864 годзе расейскія ўлады гвалтоўна зачынілі касьцёл, па чым зьнішчылі фрэскі і скульптуры, а частку памяшканьняў кляштару перарабілі пад турму. У 1872—1876 гадох праводзілася перабудова касьцёла і кляштару паводле праекту расейскага архітэктара Мікалая Чагіна дзеля іх прыстасаваньня пад архіў (унутраную прастору касьцёла падзялілі на пяць паверхаў).
У 1902—1903 гадох з ініцыятывы і на сродкі графа Антонія Тышкевіча на кляштарным пляцы з боку Троцкай вуліцы зрабілі сквэр. У 1904 годзе праводзіўся рамонт капліцы Сузіных.
У 1908 годзе ў кляштарных будынках пачіла працаваць Летувіскае навуковае таварыства і 2-клясная летувіская школа. Тым часам хоць-якія беларускія школы ў Расейскай імпэрыі заставаліся пад забаронай.
У 1919 годзе касьцёл вярнулі каталікам. У 1931 годзе ў кляштарным сквэры адкрылі помнік Юзэфу Монтвілу. У 1934 годзе ў кляштарныя будынкі вярнуліся манахі-францішкане[9].
Па Другой сусьветнай вайне ў 1948 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл. У будынках зноў разьмясьціўся архіў, у частцы памяшканьняў — кватэры, інтэрнат, склады і розныя ўстановы. У 1969 годзе праводзілася рэстаўрацыя капліцы Сузіных, па чым у ёй пэўны час працавала сувэнірная крама. У 1986 годзе ў былым кляштары разьмясьціўся Палац навукі і тэхнікі.
15 траўня 1998 году комплекс вярнулі манахам-францішканам, пачалася яго рэстаўрацыя.
Касьцёл — помнік гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, які пазьней набыў рысы барока. Амаль бязь зьменаў захаваў сваю пачатковую гатычную структуру: гэта 3-нэфная бязьвежавая базыліка, прытым два бакавыя больш вузкія нэфы ніжэйшыя вышынёй, што адрозьнівае яго ад пазьнейшых залявых касьцёлаў ордэну бэрнардынаў у Вільні і Коўне. Моцна выцягнуты прэзьбітэрыюм заканчваецца шматграннай апсыдай, сьцены якой умацоўваюцца контрфорсамі. З бакоў да бімы далучаюцца закрысьція і капліцы. Галоўны фасад праразаецца сьпічастым дзьвярным праёмам і аконнымі праёмамі з паўцыркульным завяршэньнем, падзяляецца пілястрамі і карнізным пасам. У выніку рэканструкцыі другой паловы XVIII ст. атыкавы франтон галоўнага фасаду набыў плаўныя барокавыя лініі і валюты з бакоў. Пры крайніх праслах паўночнага фасаду разьмяшчаюцца цыліндрычная вежа і квадратная ў пляне капліца, вуглы якой ўмацоўваюцца контрфорсамі.
Унутраная прастора перакрываецца крыжовымі скляпеньнямі без папярочных падпружных арак. У капліцы выкарыстоўваюцца гатычныя сотавыя скляпеньні. Усярэдзіне вежы — вітыя ўсходы[6].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.