Бялград

сталіца Сэрбіі From Wikipedia, the free encyclopedia

Бялград

Бялгра́д (па-сэрбску: Београд/Beograd) — сталіца і найбуйнейшы горад Сэрбіі. З 1918 да 1992 году быў сталіцай Югаславіі. Насельніцтва — каля 1,7 млн чалавек. Горад стаіць на сутоках рэк Савы і Дунаю. Бялград зьяўляецца адным з найстарэйшых гарадоў у Эўропе, упершыню стаў сталіцай сэрбскага каралеўства за часам Стэфана Драгуціна, пасьля знаходзіўся пад уладай Асманскай імпэрыі і Габсбургаў. У 1841 годзе места зноўку сталася сталіцай, на гэты раз незалежнай Сэрбіі. Пасьля стварэньня Югаславіі ў 1918 годзе горад стаў сталіцай утворанай дзяржавы. Бялград мае асаблівы адміністрацыйны статус у складзе Сэрбіі[2] і зьяўляецца адным зь пяці статыстычных рэгіёнаў Сэрбіі. Ягоная сталічная тэрыторыя падзеленая на 17 муніцыпалітэтаў, кожны са сваім уласным мясцовым саветам[3]. Ён займае 3,6% тэрыторыі Сэрбіі і 22,5% насельніцтва краіны жыве ў гэтым горадзе. У 2020 годзе Бялград быў культурнай сталіцай Эўропы.

Хуткія факты
Бялград
сэрб. Београд, Beograd
Thumb
Thumb Thumb
Герб Бялграду Сьцяг Бялграду
Першыя згадкі: III стагодзьдзе да н. э.
Краіна: Сэрбія
Кіраўнік: Аляксандар Шапіч[d]
Плошча:
  • 359,96 км²
Вышыня: 117 м н. у. м.
Насельніцтва:
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: +381 11
Паштовы індэкс: 11000
Нумарны знак: BG
Геаграфічныя каардынаты: 44°49′4″ пн. ш. 20°27′25″ у. д.
Бялград на мапе Сэрбіі
Thumb
Бялград
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
www.beograd.rs
Закрыць

Гісторыя

Тэрыторыю гораду да рымскай заваёвы насялялі плямёны тракійцаў і дакаў. Пасьля ўварваньня кельтаў у 279 годзе да н. э. горад быў названы Сынгідун. У 3433 гадох да н. э. рымскае войска на чале з Сылянам дасягнула Бялграду, горад быў заваяваны, а назва лацінізавана ў Сынгідунум у I стагодзьдзі н. э.[4] У 331 годзе ў горадзе нарадзіўся рымскі імпэратар Ёвіян, вядомы тым, што аднавіў у якасьці галоўнай рэлігіі імпэрыі хрысьціянства, пасьля кароткага адраджэньня традыцыйных рымскіх вераваньняў пры ягоным папярэдніку Юліяне Апастыце. У 395 годзе места было перададзенае ў склад Бізантыйскае імпэрыі[5].

Thumb
Бялград на выяве 1400 году да заваёвы Асманскай імпэрыяй.

Пад сваёй сэрбскай назвай горад упершыню згадваецца ў IX стагодзьдзі. У IX—X стагодзьдзях Бялградам валодалі баўгары, у XI—XII стагодзьдзях ён знаходзіўся пад уладай Бізантыі, а затым баўгараў, вугорцаў і сэрбаў. З 1427 году Бялград зьяўляўся вугорскай памежная крэпасьцю, ля сьценаў якой у 1456 годзе войскі вугорскага вайскаводу Янаша Хуньядзі разьбілі войска турэцкага султану Мэхмэда II. У 1521 годзе Бялград усё ж такі быў захоплены туркамі. Падчас аўстра-турэцкіх войнаў Бялград тройчы пераходзіў у рукі аўстрыйцаў (1688—1690, 1717—1739, 1789—1791). У 1806 годзе ён быў вызвалены ад турэцкай няволі, а сэрбскай сталіцай стаў у 1841 годзе калі прынц Міхайла Абрэнавіч перанёс сюды сталіцу з гораду Крагуевац. 21 лістапада 1894 году заснавалі Бялградзкую біржу.

Пасьля адкрыцьця чыгункі зь Бялграду да Нішу насельніцтва гораду пачало хутка павялічвацца, у 1900 годзе ў горадзе пражывала прыкладна 69 100 чалавек. Неўзабаве, у 1905 годзе насельніцтва павялічылася да 80 тысячаў чалавек, а да пачатку Першай сусьветнай вайны ў 1914 годзе да 10 тысячаў жыхароў. Пасьля Першай сусьветнай вайны і акупацыі аўстра-вугорскімі і нямецкімі войскамі, Бялград зноўку пачаў імкліва разьвівацца і мадэрнізавацца ў якасьці сталіцы Каралеўства Югаславіі.

25 сакавіка 1941 году Югаславія падпісала Траісты пакт і такім чынам далучылася да краінаў нацыскага боку. 27 сакавіка ўрад, які падпісваў пакт быў зрынуты, а краіна адышла ад дагавору. 6 і 7 красавіка горад быў бамбардзіраваны нямецкімі паветранымі сіламі. Югаславія падвергнулася нападу нямецкіх, італьянскіх, вугорскіх і баўгарскіх сілаў, з дапамогай альбанцаў і харватаў. Пасьля капітуляцыі Каралеўства Югаславіі, Бялград быў уключаны ў склад Незалежнай дзяржавы Харватыі, якая кантралявалася Трэцім Райхам. Змаганьне за вызваленьне Бялграду пачалося 13 кастрычніка, горад быў канчаткова вызвалены 20 кастрычніка 1944 году сумеснымі сіламі партызанаў і Чырвонай арміі.

Thumb
Відарысы Бялграду 1890 году.

У пасьляваенны пэрыяд Бялград зьяўляўся сталіцай новай Югаславіі, і неўзабаве ператварыўся ў буйны прамысловы цэнтар. У 1951 годзе пачалося будаўніцтва новага раёну гораду — Новы Бялград, па іншым боку ракі Савы. На працягу ўсіх 1970-х горад заставаўся арэнай студэнцкіх і палітычных дэманстрацыяў. У траўні 1980 году ў горадзе памёр пажыцьцёвы прэзыдэнт Югаславіі Ёсіп Броз Ціта. На ягоным пахаваньні прысутнічала амаль 700 тысячаў чалавек.

9 сакавіка 1991 году прайшлі масавыя дэманстрацыі на чале з Вукам Драшкавічам супраць Слабадана Мілошавіча[6]. Паводле зьвестак розных СМІ на мітынгах удзельнічала ад 100 тысячаў да 150 тысячаў чалавек. Падчас пратэстаў два чалавекі былі забітыя, 203 параненыя і 108 арыштаваныя, і ў той жа на вуліцы былі ўведзены танкі, каб аднавіць парадак[7]. Далейшыя пратэсты прайшлі ў Бялградзе зь лістапада 1996 па люты 1997 году пасьля меркаванага выбарчага махлярства ў мясцовых выбарах[8]. Паводле гэтых пратэстаў Зоран Джынджыч стаў першым мэрам Бялграда пасьля Другой сусьветнай вайны, які не належыў да лігі камуністаў Югаславіі або ягонай больш позьнім адгалінаваньнем, Сацыялістычнай партыі Сэрбіі[9].

У 1999 годзе падчас вайны ў Косава бамбардзіроўкі НАТО зрабілі істотны ўрон гораду. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2000 году Бялград зноўку зьведаў буйныя грамадзкія пратэсты, у якіх прыняла ўдзел больш за 500 тысячаў чалавек. Гэтыя дэманстрацыі прывялі да страты ўлады Мілошавічам[10].

Гаспадарка

Thumb
Народны банк Сэрбіі.

Бялград уважаецца фінансавым цэнтрам Сэрбіі і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы, з агульнай плошчай офісных памяшканьняў у 17×10⁶ м². Тут таксама месьціцца Цэнтральны банк краіны. У ліпені 2020 году ў 120 286 кампаніях, 76 307 прадпрыемствах і 50 000 крамах працавала 750 550 чалавек. Сам Бялград валодае 267 147 м² арэнднага офіснага памяшканьня.

Станам на 2019 год у Бялградзе было занята 31,4% працаздольнага насельніцтва Сэрбіі, і горад генэраваў больш за 40,4% ВУП краіны. Паводле ацэнак, гарадзкі ВУП у 2023 годзе паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці складаў 73 млрд даляраў, што адпавядае 43 400 даляраў на душу насельніцтва. Намінальны ВУП у 2023 годзе ацэньваўся ў 31,5 млрд даляраў, што складала 18 700 на чалавека.

Новы Бялград ёсьць цэнтральным бізнэсовым раёнам краіны. Ён прапануе шырокі спэктар аб’ектаў, такіх як гатэлі, кангрэс-холы, офісныя будынкі клясаў А і Б, а таксама бізнэсовыя паркі. Тут працуе Бялградзкая біржа. У Бялградзе месьцілася дзяржаўнае прадпрыемства «Электраэнэргетыка Сэрбіі», на якое прыпадала вытворчасьць 97% электраэнэргіі ў Сэрбіі. «Пошта Сэрбіі» мела галаўную сядзібу ў грамадзе Палілула. «Тэлекам Сэрбіі» месьціўся ў Старым горадзе.

Культура

Thumb
Пляц Рэспублікі з Нацыянальным музэем (зьлева) і Нацыянальным тэатрам (справа).

Бялград зьяўляецца цэнтрам сэрбскай культуры, адукацыі і навукі. У горадзе сканцэнтраваны найбольшы лік установаў нацыянальнага значэньня з галіны навукі і мастацтва. У Бялградзе штогод ладзіцца мноства міжнародных культурных імпрэзаў, у тым ліку кінафэстываль, тэатральны фэстываль, летні фэстываль, Бэмус, фэстываль старадаўняй музыкі, кніжны кірмаш, фэстываль харавога мастацтва і Эўрабачаньне 2008 году[11]. Амаль уся сэрбская кінаіндустрыя базуецца ў Бялградзе. Штогадовы кінафэстываль ФЭСТ ладзіцца ў горадзе з 1971 году. Да 2013 году яго агулам за ўсе гады наведалі чатыры мільёны гледачоў, якія паглядзелі амаль 4 тысячы фільмаў[12].

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Іва Андрыч напісаў свой найбольш вядомы твор «Мост на Дрыне» ў Бялградзе[13]. Сярод іншых выбітных пісьменьнікаў Бялграду вылучаюцца Браніслаў Нушыч, Мілаш Црнянскі, Борыслаў Пекіч, Міларад Павіч і Мэша Сэлімавіч[14]. Найбольш вядомымі на міжнароднай арэне мастакамі зь Бялграду былі Чарлз Сіміч, Марына Абрамавіч і Мілаван Дэстыл Маркавіч.

У Бялградзе знаходзяцца Храм Сьвятога Савы (самая вялікая царква на Балканах), Калемегдан (Бялградзкая крэпасьць), помнікі культуры і іншыя нерухомыя культурныя каштоўнасьці, шматлікія археалягічныя раскопы з узорамі матэрыяльнай культуры, якія сьведчаць аб разьвітой цывілізацыі і культуры на тэрыторыі Бялграду ад мінулага да сёньняшняга часу. У Бялградзе месьціцца больш за 1650 публічных скульптураў[15].

Музэі

Thumb
Музэй гісторыі Югаславіі.

Найбуйнейшым музэем Бялграду ёсьць Нацыянальны музэй, які быў адкрыты ў 1844 годзе і рэканструяваны з 2003 па 2018 гады. У ягонай калекцыі захоўваецца больш за 400 000 экспанатаў, у тым ліку больш за 5600 карцінаў і 8400 малюнкаў і гравюраў. Тут маюцца працы замежных майстроў, як то Геранімуса Босха, Хуана дэ Фляндэса, Тыцыяна, Тынтарэта, Пітэра Паўля Рубэнса, Поля Сэзана, Джаваньні Батысты Т’епалё, П’ера-Агюста Рэнуара, Клёда Манэ, Анры дэ Тулюз-Лятрэка, Анры Матыса, Паблё Пікаса, Поля Гагена, Марка Шагала, Вінцэнта ван Гога, Піта Мандрыяна і іншых. Таксама ў музэі захоўваецца знакамітае Міраславава Эвангельле[16]. Этнаграфічны музэй, заснаваны ў 1901 годзе, мае ў сваёй калекцыі больш за 150 000 прадметаў, якія адлюстроўваюць сельскую і гарадзкую культуру Балканаў, асабліва краінаў былой Югаславіі[17].

Музэй сучаснага мастацтва стаў першым музэем сучаснага мастацтва ў Югаславіі і адным зь першых такіх музэяў у сьвеце[18]. Пасьля свайго заснаваньня ў 1965 годзе ён назьбіраў шырокую калекцыю з больш чым 8000 твораў мастацтва, створаных на тэрыторыі былой Югаславіі. Калекцыя ўлучае працы выбітных сэрбскіх і югаслаўскіх мастакоў XX стагодзьдзя, сярод якіх вылучаюцца Сава Шуманавіч, Надзея Петравіч, Пэтар Добравіч, Мілена Паўлавіч-Барылі, Мілан Конявіч, Зора Петравіч, Джорджэ Андраевіч-Кун, Уладзімер Велічкавіч ды іншыя. Музэй быў зачынены ў 2007 годзе, але зноў адкрыты ў 2017 годзе, сфакусаваўшыся як на сучасным мастацтве, гэтак і на югаслаўскай мастацкай сцэне[19]. Ураджэнка Бялграду Марына Абрамавіч зладзіла ў Музэі сучаснага мастацтва выставу, якую The New York Times назвала адной з найважнейшых культурных падзеяў у сьвеце ў 2019 годзе[20]. Выставу наведалі амаль 100 000 чалавек, а Марына Абрамавіч выступіла з прамовай і пэрформансам перад 20 000 гледачоў. У самым цэнтры Бялграду таксама маецца Музэй прыкладнога мастацтва, які ў 2016 годзе атрымаў прэмію інстытут году[21].

Гарады-сябры

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.