From Wikipedia, the free encyclopedia
Антоні Пацей (каля 1696 — 16 лютага 1749) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Абозны (1715—1729) і стражнік вялікі літоўскі (1729—1748).
Быў старостам ваўкавыскім, сураскім, радамышальскім і жыжмарскім.
Прадстаўнік шляхецкага роду Пацеяў гербу «Вага», найстарэйшы сын Казімера Аляксандра, ваяводы віцебскага, і Ганны Тэрэзы зь Летаваў. Меў братоў Аляксандра (пам. у 1771), стражніка вялікага, і Міхала (пам. у 1787), старосту рагачоўскага.
3 чэрвеня 1721 году ва Ўсьцілугу (Уладзімерскі павет)[1] узяў шлюб з Разаліяй, дачкой валынскага кашталяна Стафана Загароўскага. У шлюбе нарадзілася дачка Людвіка Ганарата, якая ў 1740 годзе выйшла за ваяводу кіеўскага Станіслава Любамірскага.
Служыў у войску Вялікага Княства Літоўскага. 19 верасьня 1715 году атрымаў урад абознага, 4 чэрвеня 1729 году — стражніка вялікага літоўскага[1].
Быў прысутны ў Варшаве ў час студзеньскага сойму 1720 году, на восеньскім сойме таго ж году быў паслом ад Берасьцейскага ваяводзтва. Сойм 1724 году абраў яго на канфэрэнцыю з замежнымі міністрамі, а сойм 1726 году — у склад камісіі для перамоваў з прадстаўніком Швэцыі. Ад берасьцейскага сойміку быў абраны паслом на студзеньскі сойм 1733 году[1].
Пры жыцьці бацькі пісаўся ўладаром на Кадзіню (Амсьціслаўскае ваяводзтва) і Рэчыцы (Берасьцейскае ваяводзтва). Пасьля сьмерці свайго стрыя гетмана Людвіка Пацея ўспадкаваў у Берасьцейскім ваяводзтве Ражанку (фундаваў там каля 1726 году ўніяцкую царкву), Уладаву (аздобіў там касьцёл Сьвятога Людвіка) і Тэрэспаль (аднавіў там уніяцкую царкву), Орхаў у Холмскай зямлі, а таксама Піліцы і Мжыглуд у Кракаўскай зямлі. Меў у валоданьні таксама Вашкевічы ў Лідзкім павеце, Малую Ельню ў Берасьцейскім павеце (тут надаў і павялічыў фундуш уніяцкай царкве), палац у Вільні[1]. Патрапіўшы ў даўгі, прадаў берасьцейскія ўладаньні падскарбію ВКЛ Яну Юрыю Флемінгу з намерам выкупіць іх да 29 лютага 1749 году, але за 13 дзён да сканчэньня тэрміну памёр у Берасьці.
У 1730-х гадох удзельнічаў у барацьбе магнатаў за спадчыну княгіні Людвікі Караліны Радзівіл і яе нашчадкаў (Нойбурскія маёнткі). У 1733 годзе на элекцыйным сойме галасаваў за кандыдатуру караля і вялікага князя Станіслава Ляшчынскага.
На чале 8-тысячнага войска выступіў супраць Аўгуста Саса, ваяваў з расейскім войскам, якое ўмацоўвала ўладу Аўгуста Саса ў Рэчы Паспалітай. У 1735 годзе эміграваў, у 1736 годзе вярнуўся і вызнаў Аўгуста Саса[2].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.