Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Андрэ́й Во́лян гербу «Ліс» (па-лацінску: Andreas Volanus Polonus, па-польску: Andrzej Wolan; 1530, Польшча — 6 студзеня 1610, вёска Біюцішкі, цяпер у Гарадзенскай вобласьці) — вялікалітоўскі палітычны дзяяч, філёзаф, ідэоляг рэфарматаў-эвангелістаў, літаратар, сакратар Мікалая Радзівіла «Рудога», каралёў Жыгімонта Аўгуста, Стэфана Баторыя, Жыгімонта Вазы.
Андрэй Волян | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1530[1][2] |
Памёр | 6 студзеня 1610[4] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік, тэоляг, палітык |
Мова | лацінская мова[3] |
Паходзіў са шляхецкага роду, сын Яна і Соф’і з Квілецкіх. У 1544—1547 роках вывучаў дыялектыку, рыторыку і эпісталяграфію ва ўнівэрсытэце Франкфурту-на-Одры, дзе пазнаёміўся з ідэямі Рэфармацыі.
Каля 1550 року стаў сакратаром Мікалая Радзівіла «Рудога». Дзякуючы падтрымцы Радзівілаў у лістападзе 1550 пачаў навучаньне ў Караляўцу. Найвялікшы ўплыў на Воляна ў гэты пэрыяд меў рэктар Альбэртыны Георг Сабінус, зяць Філіпа Мэлянхтона. Вярнуўся з-за мяжы зацятым кальвіністам.
Скончыўшы навучаньне, Андрэй Волян пасяліўся ў Літве. Ад Мікалая Радзівіла «Рудога» атрымаў маёнтак Біюцішкі, а ад Жыгімонта Аўгуста — вёскі Чарэшчанета і Гербенета, таксама да сьмерці дзяржавіў староствы Рудомін і Немеж. У 1569 року атрымаў літоўскі індыгенат.
Па заключэньні Люблінскай уніі шматразова быў абіраны паслом на сойм Рэчы Паспалітай ад Ашмянскага павету. За часам Стэфана Баторыя стаў «ганаровым» каралеўскім сакратаром, часта быў пасярэднікам паміж каралём і шляхецкімі соймікамі, выконваў важныя дыпляматычныя місіі ў Інфлянты, Аўстрыю, Маскоўскую дзяржаву. У 1589 г. разам з Л. Сапегам удзельнічаў як сакратар у камісіі, якая заспакоіла рыжскія каляндарныя хваляванні. 1595 быў у Маскве ў якасьці пасла разам зь Львом Сапегам.
Ад прыбыцьця на Літву зьвязаўся з тамтэйшым кальвінскім зборам. З часам стаў лідэрам віленскіх эвангелікаў і «архміністрам» тамашняй грамады, «папам літоўскіх кальвіністаў». Удзельнічаў у некалькіх сынодах літоўскіх кальвіністаў (м. інш. у 1570, 1585, 1599), падчас якіх пераконваў у неабходнасьці аб’яднаньня эвангелікаў зь лютэранамі альбо праваслаўнымі. У 1590 сынод надаў яму функцыю цэнзара кальвінісцкіх кніг.
Быў знаёмы з асноўнымі прадстаўнікамі літоўскай Рэфармацыі: Янам Глябовічам, Сымонам Турноўскім, Янам Абрамовічам, Янам Ласіцкім, Станіславам Судроўскім, Андрэем Дудычам, Андрэем Храстоўскім.
Быў жанаты тройчы: зь Нямстуўнай гербу «Порай», Аборскай гербу «Абданк» і Жыжэмскай. Меў трох сыноў і некалькі дачок.
Быў аўтарам каля 50 твораў, напісаных пераважна лацінаю: палітыка-прававых трактатаў, прац па этыцы і багаслоўі, пасланьняў, пропаведзяў. Частка яго лістоў і прамоваў засталася ў рукапісах.
Найбольшую славу ў Эўропе яму прынесьлі багаслоўскія палемікі зь езуітамі: Францішкам Торэсам, Антоніё Пасэвіна, Пётрам Скаргам, Эмануэлем дэ Вега, Андрэем Юогевічам і з найвыбітнейшым антытрінітарыянскім тэолягам Фаўстам Соцынам. Ва ўласных працах сьцьвярджаў пра прысутнасьць Хрыста ў Эўхарыстыі, папскі прымат, біблійную экзэгетыку, боскую сутнасьць Хрыста, культ сьвятых і абразоў і пра законнасьць цэлібату. Працы А. Воляна друкаваліся ў Вільні, Кракаве, Данцыгу; накіраваныя супраць каталіцызму, асабліва супраць езуітаў (напр. гл.: «Anabaptismus sive speculum fidei et pietatis Anabaptistorum», Вільня, 1586), творы перакладаліся гугенотамі ў Францыі, кальвіністамі ў Нямеччыне і ўключаліся Ватыканам у Індэкс забароненых кніг. Напісаў ухвальную прамову на сьмерць Мікалая Радзівіла Рудога (1588), лісты кіеўскаму біскупу Мікалаю Пацу (1565), магістрату Рыгі (1599).
Абароне пратэстантаў, у прыватнасьці Мікалая Радзівіла Рудога, пры двары якога А. Волян жыў побач зь некалькімі іншымі вядомымі прапаведнікамі кальвінізму, ад нападкаў Станіслава Аржахоўскага прысьвечаны твор «Размова паляка зь літвінам».
У сваіх творах часам кранаўся палітычных і сацыяльных тэм, трымаючыся і тут рэфарматарскага пункту гледжаньня, уласьцівага большасьці польскіх пратэстантаў таго часу. Найістотнейшым з такіх твораў ёсьць «De libertate politica sive civili libellus lectu non indignus» («Пра палітычную і грамадзянскую свабоду», 1572), у якім разглядаюцца пытаньні роўнасьці ўсіх саслоўяў, свабоды і справядлівасьці. На пачатку трактату зьмешчаная прадмова, прысьвечаная Мікалаю Радзівілу «Рудому». На аснове працаў Арыстоцеля, Плятона, Цыцэрона сьцьвярджаў, што «свабода найбольш пасуе да чалавечай натуры».
Імя А. Воляна нададзена вуліцы ў Старым месьце Вільні.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.