From Wikipedia, the free encyclopedia
«Magicland Dizzy» (па-беларуску: «Чароўная краіна Дызі») — аркадная прыгодніцкая кампутарная гульня, выпушчаная ў 1990 року Code Masters, чацьвертая ў сэрыі Dizzy. Упершыню распрацоўкай гульні пра Дызі займаліся староньняя кампанія Big Red Software і дызайнэр Ніл Вінсэнт, у той час як блізьняты Олівэр працавалі над іншымі праектамі.
Magicland Dizzy | |
Дата выпуску | 1990 |
---|---|
Жанр | прыгодніцкая аркада |
Сэрыя | Dizzy |
Стваральнікі | |
Распрацоўнік | Big Red Software Блізьняты Олівэр |
Выдавец | Codemasters |
Дызайнэр | Ніл Вінсэнт Блізьняты Олівэр |
Кампазытар | Дэвід Ўіттэйкер |
Тэхнічныя дэталі | |
Плятформы | ZX Spectrum, Commodore 64, Amiga, Amstrad CPC, Atari ST, DOS |
Рэжым | адзінаасобная гульня |
Кіраваньне | клявіятура/джойстык |
Гульня «Magicland Dizzy» у 1990—1992 была перанесеная на плятформы ZX Spectrum, Commodore 64, Amiga, Amstrad CPC, Atari ST і DOS.
У чацьвертай частцы сэрыі галоўны пэрсанаж па імі Дызі павінен вырашыць разнастайныя ламаніны, каб выратаваць шасьцёх сваіх сяброў, зачараваных рознымі заклінаньнямі. Дзеяньне праходзіць у фантастычнай мясьціне пад назвай «Чароўная краіна» (анг. Magicland), тэрыторыі нагадваюць мясьціны зь вядомых казак і легендаў[1]. Напрыклад, лякацыя са стаячымі камянямі завецца «Weirdhenge»; ёсьць таксама ведзьмаў востраў і замак Казачнага прынца (анг. Prince Charming)[2].
Кожны асобны экран прадстаўляе сабой новую мясьціну, дзе Дызі можа як скакаць, так і ўзьбірацца/спускацца па лесьвіцах[3].
Галоўны пэрсанаж мае магчымасьць насіць з сабою тры рэчы, напачатку гульні атрымлівае тры жыцьці. Новаўвядзеньнем сталася палоска ўзроўню здароўя, якая папаўняецца зьбіраньнем дыямэнтаў падчас дасьледаваньня мясцовасьці[4].
Злы вядзьмак Закс, галоўны антаганіст у сэрыі, пераможаны Дызі ў папярэдняй частцы, вярнуўся, «прадпрыняўшы пэўныя захады супраць свайго заўчаснага сыходу»[5]. Ён наклаў закляцьці на шасьцёх чальцоў ёлкфолку і перанёс іх у Чароўную краіну[3]. На пачатку гульні Дызі таксама тэлепартуецца туды і намагаецца зьняць вядзьмарства са сваіх сяброў.
Праблема ў тым, што кожны з шасьці яйкападобных істотаў зачараваны рознымі закляцьцямі: Дылан пераўтвораны ў цярновы куст, Дэнзіл замарожаны, Дозі сьпіць непрабудным сном, Дора зрабілася жабай, Дэйзі кінутая ў цямніцу і павялічаная ў памерах, а Дзядуля Дызі трапіў па іншы бок чароўнага люстэрка[1].
На сваім шляху Дызі сустракае іншых жыхароў Чароўнае краіны: Каралеву чырваў, добрую чараўніцу Глэнду і Казачнага прынца, а таксама іншых пэрсанажаў, якія могуць або дапамагчы, або зашкодзіць праходжаньню гульні[1]. У працэсе Дызі знаходзіць легендарны меч Экскалібур і мае магчымасьць абудзіць Сьпячую прыгажуню[2].
Пасьля сумеснага з Codemasters выпуску трэцяй гульні сэрыі блізьняты Олівэр актыўна заняліся распрацоўкай гульняй для амэрыканскага рынку, дзе вялікую папулярнасьць заваёўвала Nintendo Entertainment System (NES). З гэтае прычыны яны не маглі самастойна займацца працягам сэрыі пра Дызі, якая працягвала карыстацца папулярнасьцю на іхняй радзіме, і прыцягнулі да гэтага працэсу староньніх распрацоўнікаў з Big Red Software[6]. Такім чынам, «Dizzy IV» стала першай гульнёй у сэрыі, якая ўпершыню не была цалкам распрацаваная братамі Олівэрамі.
Дзеля раскруткі новай гульні была выпушчаная пяціэкранная міні-прыгода для ZX Spectrum пад назвай «Into Magicland» альбо «Dizzy 3.5», якая распаўсюджвалася разам са студзеньскім нумарам часопісу «Crash» 1991 року[7]. У гэтай гульні зьявіўся новы пэрсанаж — кузін Дызі па імі Дэньні; болей ні ў воднай гульні ён не сустракаецца[6]. «Dizzy 3.5» уяўляла сабою прыквэл да чацьвёртае часткі, і ў канцы гульні Дызі тэлепартаваўся на першы экран «Magicland Dizzy».
Спачатку 4-я частка гульні прадавалася толькі ў камплекце зь пяці гульняў пра Дызі пад назвай «The Dizzy Collection». У зборнік увайшлі ўсе папярэднія квэсты, а таксама выпушчаны ў 1987 року «Fast Food». Пазьней гульня стала прадавацца асобна па бюджэтных коштах[3].
«Magicland Dizzy» была сустрэтая пазытыўнымі водгукамі і атрымала ад адмыслоўцаў адзнакі ў асноўным 80—90%. Станоўчыя водгукі былі зьмешчаныя ў часопісе «Your Sinclair»[4], «Crash»[1], «Amstrad Action»[8].
У лістападзе 1991 року было паведамлена, што «Magicland Dizzy» была распрададзеная колькасьцю больш за паўмільёны копіяў на ўсіх плятформах[9].
У 2004 року вэрсія для ZX Spectrum заняла 12-е месца ў сьпісе найлепшых гульняў усіх часоў па выніках галасаваньня часопісу «Your Sinclair»[10].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.