вугорскі вытворца аўтобусаў From Wikipedia, the free encyclopedia
«Ikarus» (па-беларуску: І́карус — Ікар; у простай мове Іка́рус) — вугорская аўтобусабудаўнічая кампанія, заснаваная ў 1895 року. У 1970-80-я была найбуйнейшым вытворцам аўтобусаў у Эўропе, пастаўляючы прадукцыю ў асноўным у краіны сацыялістычнага блёку.
Заснаваная | 1895 |
---|---|
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Будапэшт, Сэкешфэхэрвар |
Закрытая | 2003 |
Ключавыя фігуры | Габар Сэлеш |
Галіна | машынабудаваньне |
Прадукцыя | аўтобусы |
Матчына кампанія | Muszertechnika Holding Zrt. |
Даччыныя кампаніі | Ikarus Egyedi Autóbuszgyár[d] |
Заснаваная Імрэм Уры ў Пэшце як карэтная майстэрня. У 1920-я пачала вытворчасьць аўтобусных кузаваў. У 1933 року кампанія перайшла да сыноў і атрымала назву ТАА «Браты Уры». У 1939 сабраны 1000-ы аўтобус. У часе Другой сусьветнай вайны выпускала летакі, рамантавала аўтамабільную тэхніку для вэрмахту, а з 1945 — для Савецкай арміі. У 1947 фірма нацыяналізаваная камуністычным урадам. У 1948 аб’яднаная з нацыяналізаваным акцыянэрным таварыствам «Ікарус», заснаваным у 1916 року. На базе гэтага аб’яднаньня ў 1949 паўстаў завод «Ікарус». У 1962 да яго далучаны Агульны мэханічны завод у Сэкешфэхэрвары.
Прадпрыемства выйшла на прынцыпова новы ўзровень у канцы 1960-х з увядзеньнем у строй заводу ў Сэкешфэхэрвары гадавой магутнасьцю 15 тыс. аўтобусаў, пабудаваным адмыслова для вытворчасьці мадэляў 200-й сэрыі. Спэцыялізавалася на вытворчасьці гарадзкіх, міжгародніх і спэцыяльных аўтобусаў. Большая частка прадукцыі ішла на экспарт. Больш за 90% экспарту складалі пастаўкі ў СССР; пастаўкі зьдзяйсьняліся таксама ў краіны СЭУ, Альжыр, Мазамбік, Танзанію й іншыя краіны Афрыкі, спэцыяльныя мадэлі вырабляліся для ФРН і скандынаўскіх краінаў. У 1970-я гады завод пастаўляў у СССР да 12 тыс. аўтобусаў шторок, пік паставак прыйшоўся на 1984. Улетку 1984 сабраны 200-тысячны аўтобус. З часам супольная вытворчасьць аўтобусаў «Ікарус» была арганізаваная ў ЗША, Канадзе, Інданэзіі, КНДР, Кубе.
Пасьля ліквідацыі СЭУ ды развалу СССР «Ikarus» апынуўся без асноўнага рынку збыту, з-за чаго прадпрыемства спыніла масавую вытворчасьць аўтобусаў і было падзеленае. Першым на пачатку 90-х быў зачынены цэх масавых сэрыяў у Будапэшце, пасьля быў скарочаны да мінімуму выпуск аўтобусаў у Сэкешфэхэрвары, а прадпрыемства EAG у Будапэшце, пераемнік даваеннай фірмы, вярнулася да зборкі аўтобусаў толькі паводле індывідуальных замоваў і на імпартаваных шасі.
У 1999—2006 прадпрыемства ўваходзіла ў холдынг Irisbus. У 2003 року канчаткова была спыненая вытворчасьць у Сэкешфэхэрвары. У 2007 року збанкрутавала прадпрыемства EAG. У студзені 2010 року Габар Сэлеш зноўку адкрыў вытворчасьць «Ikarus», пад старой маркай пачалі выпускацца мадэлі V134, E134, V187, E127, таксама прадпрыемства па-ранейшаму выконвае капітальны рамонт і мадэрнізацыю аўтобусаў 200, 400 і С-сэрыяў. У сакавіку 2013 году была прадстаўлена новая мадэль «Ikarus Tr187.2», распрацаваная ў супрацоўніцтве з чэскай кампаніяй «Skoda».
Апрача масавых мадэляў, завод у адзінкавых колькасьцях вырабляў унікальныя аўтобусы, у прыватнасьці: пярэднематорны 14-мэтровы нізкападлогавы «Ікарус-290» для абслугоўваньня аэрапортаў (1978), гарадзкія з паніжаным узроўнем падлогі і заднім разьмяшчэньнем рухавіку — адзіночны «Ікарус-242» і сучленены «Ікарус-284» (1984), паўтарапавярховы «Ікарус-270» (1975), міжгародні «Ікарус-254» з падвышанай вышынёй салёну (1977), 23-мэтровы чатырохвосевы трохсэкцыйны «Ікарус-293» (1988).
Прадпрыемства займалася таксама выпускам тралейбусаў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.