Эстонская кухня
From Wikipedia, the free encyclopedia
Эсто́нская ку́хня — традыцыі прыгатаваньня ежы і нацыянальныя стравы эстонцаў. Пачаткова была заснаваная на мясе і бульбе, а на ўзьбярэжжах і ля азёраў — таксама і на рыбе. Моцны ўплыў на эстонскую кухню ў розныя часы аказалі нямецкая, швэдзкая і расейская кухні. Параўнальна з латыскай і летувіскай, эстонская кухня больш «марская». Сярод нацыянальных страваў Эстоніі можна назваць аржаны хлеб, сьвініну, бульбу і малочныя прадукты.
Харчовая сыравіна, тэхналёгія і кампазыцыйныя прыёмы эстонскай кухні даволі простыя, смак натуральны. З сыравіны найбольш характэрнымі зьяўляюцца бульба, рыба (асабліва салака), сьвініна і мясныя субпрадукты, малако, вяршкі, капуста, гарох, крупы і чорны хлеб. Ежа простая і пажыўная, часам тлустая. У традыцыйнай эстонскай кухні прадукты пераважна варацца ў вадкім асяродку, смажаньне ўжываецца рэдка. Эстонская кухня мала выкарыстоўвае спэцыі і закрасы. Акрамя солі й цыбулі традыцыйна ўжываліся кроп, пятрушка і кмен; маяран у крывянку, бабковы ліст і духмяны перац у халадзец. Асаблівасьць смаку дасягаецца ў выніку незвычайных спалучэньняў харчовае сыравіны (рыба са сьвіным салам, гарох з малаком). Агульны смак і водар эстонскай кухні — натуральны, крыху кісьлявы, малочны.