Сінтаізм
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сінтаі́зм (па-японску: 神道 — «шлях багоў») — традыцыйная рэлігія Японіі, заснаваная на анімістычных вераваньнях старажытных японцаў, аб’ектамі глыбокай пашаны зьяўляюцца шматлікія бажаствы і духі памерлых. Зазнала ў сваім разьвіцьці значны ўплыў будызму.
Улічваючы, што гэтая рэлігія ёсьць політэістычнай і анімістычнай, сінтаізм круціцца вакол звышнатуральных істотаў, якія маюць назву камі. Лічыцца, што камі насяляюць усё навокал, у тым ліку сілы прыроды і прыкметныя ляндшафтныя месцы. Ім пакланяюцца ў сямейных сьвятынях каміданах і грамадзкіх сьвятынях дзіндзя. У апошніх памянёных працуюць сьвятары, вядомыя пад назовам канусі, якія наглядаюць за ахвяраваньнямі ежы і напояў асобным камі, замацаваным у гэтым месцы. Гэта робіцца дзеля таго, каб стварыць гармонію паміж людзьмі і камі, і набыць блаславеньня апошніх. Іншыя распаўсюджаныя рытуалы ўключаюць танцы кагура, абрады і сэзонныя сьвяты. У грамадзкіх сьвятынях практыкуюць варажбу ды намольваюць рэлігійныя прадметы, як то абярэгі. Сінтаізм надае асноўны канцэптуальны акцэнт забясьпечаньню чысьціні, пераважна праз практыкі ачышчэньня, як то рытуальнае мыцьцё і купаньне, асабліва перад набажэнствам. Невялікі акцэнт робіцца на канкрэтных маральных кодэксах і на замагільным жыцьці, але памерлыя лічацца здольнымі стаць камі. Рэлігія ня мае адзінага стваральніка або пэўнай дактрыны, аднак, замест гэтага існуюць розныя мясцовыя і рэгіянальныя формы.
Не зважаючы на тое, што гісторыкі спрачаюцца, у які момант сінтаізм вылучыўся ў асобную рэлігію, але шанаваньне камі прасочваецца да пэрыяду культуры Яёй, якая квітнела з 300 году да н. э. да 300 году н. э. Будызм зьявіўся ў Японіі ў канцы пэрыяду Кафун, якая цягнулася з 300 па 538 гады, і хутка распаўсюдзіўся па краіне. Рэлігійная сынкрэтызацыя зрабіла пакланеньне камі і будызм функцыянальна непадзельнымі. Гэты працэс злучэньня абодвух практыкаў мае назоў сімбуцу-сюга. Гэтак, камі пачалі разглядацца як частка будыйскай касмалёгіі. Ўсё часьцей яны набывалі антрапамарфныя формы. Самая раньняя пісьмовая згадка традыцыі пакланеньня камі была занатаваная ў VIII стагодзьдзі ў працах «Кодзікі» і «Ніхон сёкі». У наступныя стагодзьдзі традыцыя сімбуцу-сюга была перанятая японскай імпэратарскай сям’ёй. У эпоху Мэйдзі з 1868 па 1912 гады нацыяналістычнае кіраўніцтва Японіі выключыла будыйскі ўплыў з культу камі і сфармавала дзяржаўны сінтаізм. Менавіта гэтыя дзеі часткай гісторыкаў зважаюцца як пачатак сінтаізму як асобнай рэлігіі. Сьвятыні траплялі пад узмоцнены дзяржаўны кантроль, а грамадзянаў заахвочвалі пакланяцца імпэратару як камі. З утварэньнем Японскай імпэрыі ў пачатку XX стагодзьдзя сінтаізм пашырыўся ў іншыя рэгіёны Ўсходняй Азіі. Пасьля паразы Японіі ў Другой сусьветнай вайне сінтаізм быў фармальна аддзелены ад дзяржавы.