From Wikipedia, the free encyclopedia
Салямон Рысінскі (лац. Solomonis Risinius (Pantherus); каля 1560, в. Рысін, Полацкае ваяводзтва, Вялікае Княства Літоўскае, цяпер Себескі раён, Пскоўская вобласьць, Расея — 13 лістапада 1625[2][3], Дзяляцічы, цяпер Наваградзкі раён) — паэт-лацініст, філёляг, фальклярыст-парэміёляг. Першы вядомы чалавек, які назваў сябе «беларусам» (Leuсorussus), а сваю краіну «Беларусьсю» (Leucorossia).
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1560[1] |
Памёр | 13 лістапада 1625 |
Род | Рысінскія[d] |
Дзейнасьць | пісьменьнік, паэт |
Паводле Я. Парэцкага і Ю. Крыжаноўскага, Саламон Рысінскі нарадзіўся ў вёсцы Рысіне на Полаччыне, але на падставе ўнівэрсытэцкіх мэтрык, дзё ён пішацца «de Cobelinszky» (Ляйпцыг) і «De Kobilinki» (Базэль), Г. Люлевіч лічыць месцам нараджэньня пісьменьніка вёску з назвай Кабыльнікі (ці Кабыльнік) на Віцебшчыне.
Сын дробнага шляхціча Хведара Рысінскага. Атрымаў добрую пачатковую адукацыю (дома і, мажліва, у адной з пратэстанцкіх школаў Вялікага Княства Літоўскага). Ведаў царкоўнаславянскую мову. Верагодна, працягнуў адукацыю ў Ляйпцыскім унівэрсытэце, куды прыехаў 25 жніўня 1582 году разам зь лекарам Янам Гасьлерам, колішнім настаўнікам полацкага ваяводы К. М. Дарагастайскага. У 1584 годзе быў хатнім настаўнікам у Жамойці (у якасьці выхавацеля і настаўніка працаваў і пазьней). У 1585 годзе быў у Сэціміне (Малая Польшча), дзе выкладаў у кальвінскай школе. Не пакідаў жаданьня прадоўжыць адукацыю, у лістах прасіў перавесьці яго ў Кракаў. У канцы таго ж году працаваў прыватным выкладнікам у Войнараве. Вёў перапіску з братамі Крыштафам і Станіславам Бучынскімі з Ольшына па пытаньнях паэтычнага мастацтва. Раіў ім ехаць па навуку ў Нямеччыну. Выпраўляючыся туды, браты Бучынскія ўзялі С. Рысінскага з сабой.
2 сьнежня 1585 году С. Рысінскі ўпісаны ў мэтрыку Альтдорфцкага ўнівэрсытэту як «Salamon Pantherus Leucorussus» (Leucorussus — грэцкае «беларус»). Увесну 1587 году разам з братамі Бучынскімі наладзіў падарожжа па прыдунайскіх мясцовасьцях Нямеччыны, наведаўшы шэраг гарадоў: Нюрнбэрг, Аўгсбург, Інгальштат і інш. За няпоўныя тры гады навучаньня ў Альтдорфе значна паглыбіў свае веды ў галіне клясычнай філязофіі. Пасябраваў з Конрадам Рытэрсгаўзэнам(de), пазьней вядомым паэтам і юрыстам. У 1588—1589 гадох падрыхтаваў разам зь ім крытычны разбор і камэнтары да твораў рымскага паэта Аўзонія.
У другой палове 1589 году пакінуў Альтдорф, каб суправаджаць у Прагу К. Рытэрсгаўзэна. Імаверна, што пасьля зноў працаваў настаўнікам у Малой Польшчы. Мяркуюць, што ў 1594—1596 гадох знаходзіўся ў Лейдэне. Каля 1596 году апынуўся на службе ў князя К. Радзівіла «Перуна» ў якасьці пэдагога яго сына Крыштапа. Выхавацелем дзяцей працаваў і пры двары Радзівілаў у Вільні, Койданаве і Валожыне ў наступныя гады.
У 1601 годзе разам суправаджаў свайго выхаванца Крыштапа, калі той выехаў навучацца за мяжу. Улетку таго ж году ўпісаў сваё імя ў мэтрыкі Ляйпцыскага ўнівэрсытэту. У чэрвені 1602 годзе яны былі ўжо ў Гайдэльбэргу, адкуль у пачатку 1603 году падаліся ў Базэль. Праўдападобна, што пісьменьнік узяў ўдзел у далейшым падарожжы па Эўропе.
Вярнуўся на радзіму ў пачатку 1604 году. У пачатку XVII ст. браў чынны ўдзел у рэлігійным жыцьці беларускіх пратэстантаў. Прымаў удзел у арганізацыі пратэстанцкай школы ў Слуцку, для якой напісаў статут[4]. Браў удзел у працы сынодаў 1609—1612 і 1617—1620 гадох, на якіх абараняў інтарэсы свайго патрона, займаў высокія пасады ў кальвінісцкай грамадзе. Лічыўся знаўцам гісторыі кальвінізму ў Вялікім Княстве Літоўскім. У 1609 годзе яму было даручана выправіць і дапоўніць кракаўскі канцыянал, для якога ён зрабіў новы пераклад некаторых псалмаў і выдаў яго ў Любчы ў 1614 годзе. Працаваў таксама над кальвінскім катэхізісам. З 1620 году займаўся выхаваньнем сына К. Радзівіла «Перуна» Януша, які навучаўся ў кальвінскай школе ў Вільні.
У кастрычніку 1625 году, будучы пры двары жонкі К. Радзівіла — Ганны, нечакана занядужаў празь некалькі дзён сканаў «ад апаплексіі, паяднанай з эпілепсіяй»[3]. Пахаваны пры кальвінскім зборы ў Любчы.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.