Сабака
свойская жывёла / From Wikipedia, the free encyclopedia
Саба́ка (па-лацінску: Canis lupus f. familiaris) — прыручаны падвід ваўка звычайнага (лац. Canis lupus) з атраду драпежных. Верагодна, быў прыручаны ўжо 15 000 год таму, што робіць гэтую жывёлу першай адамашненай чалавекам[1]. Першыя археалягічныя зьвесткі сустракаюцца ў Турэччыне (9500 да н. э.) і ў Шатляндыі (7500 да н. э.). Сабакі сустракаюцца на эгіпецкіх і мэсапатамскіх малюнках (3000—2000 да н. э.). Сабака і шэры воўк ёсьць зьвязанымі паміж сабой, то бок зьяўляюцца сястрынскімі групамі[2][3][1], аднак сучасныя воўкі ня цесна зьвязаныя з тымі ваўкамі, якія былі ўпершыню адамашнены чалавекам[1]. З гэтага вынікае, што непасрэдны продак сабакі зьяўляецца вымерлым[4].
Сабака свойскі | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Жывёлы |
Тып | Хордавыя |
Кляса | Сысуны |
Сямейства | Сабачыя |
Род | Ваўкі |
Від | Шэры воўк |
Падвід | Сабака свойскі |
Бінамінальная намэнклятура | |
Canis lupus familiaris | |
Тэставаньне мітахандральнай ДНК паказвае, што эвалюцыйны раскол паміж сабакамі і ваўкамі адбыўся каля 100 тысяч гадоў таму. Сабака хутка стала незаменнай ва ўсіх сусьветных культурах і была вельмі каштоўнай у раньніх пасяленьнях чалавека. У прыватнасьці, яны лічыцца, што без сабакі пасьпяховая эміграцыя праз Бэрынгаў праліў ня магла быць магчымай. Сабакі робяць шмат відаў працы для людзей, як то паляваньне, ахова, служба паліцыі і войску, таксама сабакі могуць прыглядаць за статкам буйной рагатай жывёлы, дапамагаюць інвалідам. Гэтая шматграннасьць, большая, чым практычна у любой іншай жывёлы, вядомай чалавецтву, дала сабаку мянушку «лепшага сябра чалавека». Паводле ацэнак, у 2015 годзе на плянэце жыло каля 525 мільёнаў сабак[5].
Дзякуючы сэлекцыі былі выведзены сотні розных заводаў, і цяпер выяўляюцца больш паводніцкія і марфалягічныя адрозьненьні паміж сабакамі розных заводаў, чым у любых іншых наземных сысуноў. Напрыклад, вышыня ў карку можа вар’іравацца ад некалькіх сантымэтраў, як у чыхуахуа, да амаль мэтру, як у ірляндзкага ваўкару і нямецкага догу. Колер жывёлы вагаецца ад белага да чорнага, уключаючы сьветла-жоўты, шэры, карычневы з самымі рознымі адценьнямі.
Як і іхнія продкі ваўкі, сабакі ёсьць сацыяльнымі жывёламі, якія звыклі жыць зграямі зь яскрава выражанай герархіяй. Сабакі, якія жывуць зь людзямі, уважаюць свайго гаспадара як чальца сваёй зграі і свайго адзінага ўладара.