From Wikipedia, the free encyclopedia
Рэканкі́ста (гішп. Reconquista — Адваяваньне) — вызваленьне зь 718 г. па 1492 г. карэнным насельніцтвам Пірэнэйскага паўвострава захопленых у пачатку 8 ст. арабамі і бэрбэрамі земляў. Улетку 718 г. войскі астурыйскага караля Пэлаё (685—737) здабылі першую перамогу над арабскім войскам Амэядзкага халіфату ў бітве пад Кавадонгай(es) (цяпер аўтаномная супольнасьць Астурыя, Гішпанія). Да канца 11 ст. ўзьніклі гішпанскія каралеўствы Навара (824), Леон (910), Арагон (1035) і Кастылія (1065). Вырашальнае змаганьне адбывалася ў 11—13 стагодзьдзях. 25 траўня 1085 г. кастыльскае войска адваявала Таледа (цяпер аўт. суп. Кастылія-Ля-Манча). 16 ліпеня 1212 г. аб’яднаныя войскі гішпанцаў нанесьлі маўрам вызначальную паразу ў бітве пад Лас-Навас-дэ-Талоса(en) (цяпер аўт. суп. Андалюзія). У 1229—1235 гг. адваявалі Балеарскія астравы (цяпер Гішпанія). У 1236 г. — Кордаву (цяпер аўт. суп. Андалюзія). 28 верасьня 1238 г. — Валенсію (цяпер Гішпанія). У 1248 г. — Сэвільлю (цяпер аўт. суп. Андалюзія). 2 студзеня 1492 г. — Гранаду (цяпер аўт. суп. Андалюзія). Вызваленьне суправаджалася засяленьнем і гаспадарчым асваеньнем спустошаных вайной земляў. Вызначальны ўплыў мела сялянства, якое на пачатку атрымлівала зямлю і асабістую свабоду. Каралі падтрымлівалі ўтварэньне мескіх і сялянскіх грамадаў, якія зазналі найбольшае пашырэньне ў 11—13 стагодзьдзях. Пасьля працягу вызваленьня паўвострава фэадалы распачалі прававы ўціск супраць сялянаў. Найбольш жвавы ўдзел у войнах бралі жыхары местаў, якія атрымлівалі самакіраваньне, і рыцары, лік якіх рос за кошт месьцічаў і сялянаў. Змаганьне пад сьцягам вызваленьня хрысьціянаў ад прыгнёту іншаверцаў абумовіла рост гаспадарчага ўплыву каталіцкай царквы ў Гішпаніі і Партугаліі. Вызваленьне паўвострава суправаджалася ўтварэньнем гішпанскай і партугальскай народнасьцяў. У выніку вызначальнага ўплыву Кастыліі ў вызваленчых войнах кастыльская гаворка стала асновай для гішпанскай літаратурнай мовы. Ход вызваленьня Пірэнэйскага паўвострава атрымаў адлюстраваньне ў народным гераічным эпасе (Сід Кампэадор, рамансэра(en))[1].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.