![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/a/a1/Orangerie.jpg/640px-Orangerie.jpg&w=640&q=50)
Рэгулярны парк
From Wikipedia, the free encyclopedia
Рэгулярны парк (або сад; таксама францускі або геамэтрычны парк/сад; або барокавы парк/сад) — парк, які мае геамэтрычна правільную пляніроўку, звычайна з выяўленай сымэтрыяй і рэгулярнасьцю кампазыцыі. Характарызуецца прамымі алеямі, якія зьяўляюцца восямі сымэтрыі, кветнікамі, партэрамі і басэйнамі правільнай формы, стрыжкай дрэваў і хмызьнякоў з наданьнем пасадкам разнастайных геамэтрычных формаў.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/a/a1/Orangerie.jpg/640px-Orangerie.jpg)
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/c/c5/VauxC17engraving.jpg/320px-VauxC17engraving.jpg)
Уладкаваньне паркаў у рэгулярным стылі дасягнула найвышэйшага піку ў Францыі ў эпоху барока (XVII—XVIII стагодзьдзі), прыкладам чаго зьяўляецца Вэрсальскі парк, створаны для Людовіка XIV ляндшафтным архітэктарам Андрэ Лёнотрам. Моду на рэгулярныя паркі хутка перанялі ў іншых краінах Эўропы[1]; адсюль распаўсюджаная назва рэгулярных садоў як «францускіх» (па-француску: jardin à la française). Аднак яна гістарычна недакладная — рэгулярныя сады ўзьніклі ў Італіі ў Эпоху Адраджэньня, а найбольшай выдасканаленасьці дасягнулі ў Ангельшчыне ў XIX стагодзьдзі, дзе стала практыкавацца стрыжка пасадак у складаных і экзатычных формах (у выглядзе жывёлаў, птушак, грыбоў, сьпіраляў і г. д.; глядзіце Тапіяр).[2]
Рэгулярныя сады і паркі вельмі распаўсюджаны пры палацах і замках; як правіла, яны зьяўляюцца важнай састаўнай часткай палацава-паркавых ансамбляў.