![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/9/97/Rogvolod_Stone_Mikhailov.png/640px-Rogvolod_Stone_Mikhailov.png&w=640&q=50)
Рагвалодаў камень
From Wikipedia, the free encyclopedia
Рагвалодаў камень — валун памерам 3 х 2,4 х 1,8 мэтру з высечаным крыжам і надпісам 1171 г., які да 1936 г. знаходзіўся за паўкілямэтра на паўднёвы захад ад в. Дзятлава Аршанскага раёну (цяпер Віцебская вобл., Беларусь), што за 18 км ад Воршы. Манумэнтальны помнік эпіграфікі 12-га стагодзьдзя, адкрыты і дасьледаваны ў 1792 годзе. Формай нагадваў пляскаты паралелепіпэд са скошанымі закругленымі кутамі, на верхняй грані якога быў высечаны 6-канцовы крыж (вышыня 160 см) на падстаўцы з 2 прыступкамі. Двума колцамі крыж апярэзваў надпіс на старажытнарускай мове: «У год 6679 месяца мая ў 7 дзень закончаны крыж гэны. Госпадзі дапамажы рабу свайму Васілю ў хрышчэньні імем Рагвалоду сыну Барысаву» і манаграма «ІС» «ХР» «НІКА», дзе «ІС» «ХР» — Ісус Хрыстос. Лічбы ў надпісе падаваліся па-стараславянску літарамі, дзе 6679 год паводле Бізантыйскага каляндара абазначаў 1171 год ад нараджэньня Хрыстова. Вышыня літараў складала 15 см. Крыж і надпіс высеклі ў 1171 г. паводле загаду друцкага князя Рагвалода Барысавіча (1158—1180) пасьля галоднай зімы 1170—1171 гг. у спадзяваньні на ўраджай. Камень месьціўся каля сярэднявечнай дарогі з Друцка (цяпер вёска ў Талачынскім раёне, Віцебская вобл.) ў Воршу (Віцебскае княства). Надпіс сьведчыў аб заканчэньні высяканьня крыжа 7 траўня 1171 г. — у дзень знаменьня крыжа, якое адбылося 7 траўня 351 г. у небе над Ерусалімам (правінцыя Палестынская Сырыя(be), Рымская імпэрыя). Таксама надпіс зьмяшчаў малітву да Бога з просьбай аб дапамозе. У 1807 г. над валуном збудавалі капліцу імя сьвятых пакутнікаў Барыса і Глеба, якую разарылі падчас Расейска-францускай вайны 1812 году. У 1830 г. над валуном узнавілі драўляную царкву Барыса і Глеба. Валун меў падабенства да Барысавых камянёў 12 стагодзьдзя[1]. Важыў каля 24 тонаў і меў чырвона-бурае адценьне. Служыў месцам штогадовага паломніцтва з Воршы, Коханава (Талачынскі раён), Шклова (цяпер Магілёўская вобласьць) і ваколічных вёсак на храмавае сьвята Барысаглебскай царквы (2 траўня). Камень быў абнесены невысокай мэталічнай агароджай, якую ўпрыгожвалі ручнікамі. Іншыя назовы: Аршанскі, Барысаглебскі, Барысаў, Пісанік, Уладзімерскі[2].
Помнік | |
Рагвалодаў камень | |
![]() Здымак 1896 г. (Іван Чысьцякоў) | |
Краіна | Беларусь |
вёска | Дзятлава (Аршанскі раён, Віцебская вобласьць) |
Каардынаты | 54°27′41″ пн. ш. 30°6′47″ у. д. |
Канфэсія | Хрысьціянства |
Эпархія | Віцебская |
Заснавальнік | Рагвалод Барысавіч |
Першае згадваньне | 1792 |
Дата заснаваньня | 7 траўня 1171 (853 гады таму) |
Будаваньне | ???—7 траўня 1171 |
Дата скасаваньня | 10 чэрвеня 1936 (88 гадоў таму) |
Прыбудоўкі | Царква сьвятых Барыса і Глеба (1807) |
Стан | Зьнішчаны |
Рагвалодаў камень на мапе Беларусі ![]() ![]() Рагвалодаў камень | |
![]() |