мястэчка ў Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Мір — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Міранцы. Цэнтар сельсавету Карэліцкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 2339 чалавек[1]. Знаходзіцца за 26 км на паўднёвы ўсход ад Карэлічаў, за 17 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзея; на аўтамабільнай дарозе Менск — Наваградак.
Мір лац. Mir | |||||
Замак Ільлінічаў — Радзівілаў | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1345 | ||||
Магдэбурскае права: | 27 сьнежня 1579 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гарадзенская | ||||
Раён: | Карэліцкі | ||||
Сельсавет: | Мірскі | ||||
Плошча: |
| ||||
Вышыня: | 170 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 2339 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1596 | ||||
Паштовы індэкс: | 231444 | ||||
СААТА: | 4233857906 | ||||
Нумарны знак: | 4 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°27′17″ пн. ш. 26°28′0″ у. д. | ||||
± Мір | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Мір — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Наваградчыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся знакаміты замак Ільлінічаў і Радзівілаў — аб’ект Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Сярод іншых славутасьцяў мястэчка вылучаюцца касьцёл Сьвятога Мікалая і царква Сьвятой Тройцы, помнікі архітэктуры XVI ст., што пацярпелі ад маскоўскіх перабудоваў у XIX ст., замкавы парк, некалькі капліцаў, забудова Рынку і Сынагогальнага двара.
Існуе некалькі меркаваньняў пра паходжаньне тапоніму Мір. Географ Вадзім Жучкевіч лічыў, што гэтая назва, імаверна, утварылася ад слова сацыяльнага значэньня мір — 'калектыў удзельнікаў грамадзтва', часам раўназначнага паняцьцю грамады[2]. На думку Валянціна Калніна, тапонім мае зьвязкі з словам эмір (паводле найменьня вайскавода аддзелу ваяроў-татараў, што месьціліся тут). Згодна зь меркаваньнем Уладзіслава Сыракомлі, паселішча атрымала сваю назву паводле простага значэньня слова мір (у гэтай мясцовасьці магла праходзіць мяжа паміж Русьсю і Літвою, аднак невядомым застаецца факт складаньня тут хоць-якой мірнай дамовы)[3]. На думку некаторых дасьледнікаў, назва паселішча пайшла ад лацінскага слова mirum, што перакладаецца як 'цуд'[4].
Таксама вядома, што паселішчы вясковага тыпу ў X—XI стагодзьдзях у гістарычных хроніках (напрыклад Аповесьць мінулых часоў) завуцца пагостамі або мірамі (у лясной паласе)[5].
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Мир… Меръ (1553 год)[6].
Першы пісьмовы ўпамін пра Мір датуецца 1395 годам[7], калі крыжакі на чале з Конрадам фон Юнгінгенам зруйнавалі паселішча. Па нападзе вялікі князь Вітаўт надаў двор Мір свайму брату Жыгімонту Кейстутавічу, які ў 1434 годзе будучы ўжо вялікім князем перадаў паселішча свайму паплечніку, кашталяну віленскаму Сеньку Гедыгольдавічу.
З 1486 году Мір знаходзіўся ў валоданьні Ільлінічаў, якія абнесьлі ўласны двор землянымі валамі. Таксама яны ўмацавалі і само паселішча, што мела чатыры брамы ў кірунках асноўных дарогаў: Замкавая, Віленская, Менская і Слонімская. У 1520-я гады Юры Ільлініч заклаў Мірскі замак, першы пісьмовы ўпамін пра які датуецца 1527 годам. У 1553 годзе мястэчка стала сталіцай Мірскага графства. Ільлінічы атрымалі графскі тытул ад імпэратара Фэрдынанда I[8]. У 1569 годзе, паводле тэстамэнту Ю. Ільлініча (малодшага), Мір перайшоў да М. К. Радзівіла «Сіроткі», які заснаваў тут Мікалеўскі касьцёл (1585 год) і Траецкую царкву (1595 год).
27 сьнежня 1579 году кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Міру Магдэбурскае права (няпоўнае). З 1589 году места знаходзілася ў складзе Нясьвіскай ардынацыі Радзівілаў, якія ў канцы XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў узьвялі з трох бакоў тутэйшага замка бастыёны, з паўднёвага боку зрабілі сажалку, на поўнач ад бастыённых умацаваньняў заклалі рэгулярны італьянскі парк. У замку да ўяздной вежы дабудавалі перадбрам'е, на дзядзінцы пры паўночных і ўсходніх мурах у стылі Рэнэсансу ўзьвялі 3-павярховыя палацавыя карпусы, над замкавымі сьценамі надбудавалі галерэі з байніцамі[9].
За часамі вайны Маскоўская дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе казакі І. Залатарэнкі зруйнавалі Мір[8]. Па ваенных спусташэньнях на канец XVII ст. тут было 478 двароў, 4 рамесныя цэхі, працавалі рамесьнікі 49 спэцыяльнасьцяў[8]. У 1705 годзе пры Траецкай царкве Караль Станіслаў Радзівіл заснаваў базылянскі манастыр. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) места пэўны час займалі войскі караля Швэцыі Карла XII. У 1-й палове XVIII ст. Радзівілы заснавалі тут палатняныя, суконныя і ткацкія майстэрні.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Мір апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Наваградзкім павеце Менскай губэрні. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1828 годзе расейскія ўлады падаравалі яго Вітгенштэйнаў, з 1891 году — у валоданьні Сьвятаполк-Мірскіх.
На 1886 год у Міры дзеялі 2 царквы, 7 сынагогаў і мячэт, працавалі павятовая вучэльня, школа, паштовая станцыя, заезны дом і 74 крамы[10]. У 1893 годзе тут збудавалі вінакурны завод. У канцы ХIХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў у мястэчку праводзілася 2 буйныя кірмашы (у лютым і ў траўні), куды зьяжджаліся сяляне нават зь вёсак навакольля Менску[11].
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Мір занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мір абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[12]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Мір увайшоў у склад Беларускай ССР[13]. 1—4 красавіка 1919 году адбылося антыбальшавіцкае паўстаньне, у выніку якога загінула 25 паўстанцаў і 30 бальшавіцкіх карнікаў[14]. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Мір апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Стаўпецкага павету Наваградзкага ваяводзтва. За польскім часам тут былі паштовая ўправа, мескі суд, 7-клясная школа.
У 1939 годзе Мір увайшоў у склад БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам пасялковага савету і раёну Баранавіцкай, з 1954 году — Гарадзенскай вобласьці. 17 сьнежня 1956 году Мірскі раён скасавалі. У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 2000 годзе Мірскі замак улучылі ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. У 2002 годзе тут прайшло сьвята «Дзень беларускага пісьменства». З 2003 году штогод пачаў праводзіцца Рэгіянальны фэст мастацтваў «Мірскі замак». 24 сьнежня 2008 году на аснове пасёлку гарадзкога тыпу ўтварылі «аграгарадок»[15]. 16 студзеня 2014 году Мірскі пасялковы савет рэарганізаваны ў сельсавет[16].
У Міры працуюць сярэдняя школа і дзіцячы садок.
У зьвязку зь міжнароднымі патрабаваньнямі да якасьці рэстаўрацыі замка тут адкрылася адзіная ў Беларусі вучэльня рэстаўратараў: Мірская дзяржаўная мастацкая прафэсійна-тэхнічная вучэльня № 234 будаўніча-рэстаўрацыйных працаў.
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе местачковая лякарня.
Дзеюць дом культуры, 2 бібліятэкі.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
1 мая вуліца | Слонімская вуліца Жухавіцкая вуліца | |
17 верасьня вуліца | Менская вуліца Мірская вуліца | |
17 верасьня плошча | Рынак пляц | |
Кірава вуліца | Высокая вуліца | |
Ленінградзкая вуліца | Завальная вуліца | |
Ленінградзкі завулак | Гуменная вуліца | |
Маскоўская вуліца | Глухая вуліца | |
Піянэрская вуліца | Падольная вуліца Падол вуліца Бровары вуліца | |
Савецкая вуліца | Фальваркавая вуліца | |
Танкістаў вуліца | Татарская вуліца[25] | |
Чырвонаармейская вуліца | Віленская вуліца Нясьвіская вуліца[26] | Касьцельная вуліца[27] |
Гістарычныя мясьцовасьці Міру: Старое Места, Менскае і Слонімскае прадмесьці.
Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.
У мястэчку працуе філія Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі «Замкавы комплекс Мір». Частку замка прыстасавалі пад разьмяшчэньне гасьцініцы (10 нумароў, зь іх 4 — двухмясцовых, 1 — апартамэнты). Памяшканьні абсталявалі сыстэмамі інтэлектуальнага дому, што дазваляе праводзіць на базе замка мерапрыемствы на найвышэйшым узроўні.
Сіламі энтузіяста-аматара таксама створаны прыватны музэй — сядзіба-музэй «Мірскі пасад», якая разьмяшчаецца, паводле ўладальніка, у будынку той самай карчмы, дзе Ўладзіслаў Сыракомля напісаў свой верш «Паштальён» (1844 год) на падставе пачутай у Міры гісторыі («народнай гутаркі»). Пераклад «Паштальёна» на расейскую мову паэтам Л. Трэфалевым стаў папулярнай у Расеі народнай песьняй «Когда я на почте служил ямщиком…». Экспазыцыя музэю прадстаўляе гісторыю мястэчка, сапраўдную мэблю з замка, а таксама побытавую культуру мірскіх насельнікаў розных канфэсіяў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.